Я ўпершыню з пачатку прабегу разглядаю сябе ў люстэрка. Аказваецца, у мяне на шыі красуецца смачны пласт бруду. Я тру яго мачалкай што ёсць моцы, але марна. Затое з гэтай плямай у мяне выгляд страшэнны.
І вось пачынаецца апошні дзень шляху – да выспы каля двухсот кіламетраў. Цёпла, я лячу наперад у адной майцы. Воля віскоча – ёй вельмі падабаюцца пальмы.
За кіламетраў сто да ўзбярэжжа з байка злятае ланцуг. Да рамонтнай майстэрні, як заўжды, каля ста метраў. Майстар пытаецца, ці не хачу я памяняць заадно і шасцярэнькі. Я згаджаюся з яго прапановай, не падазраючы, што гэта фатальная памылка. І вось мы ўжо купляем білет на паром з нейкім левым пратэрмінаваным нумарам ды імчымся па хвалях праз Паўднёва-Кітайскае мора. Дзесьці ўдалечыні віднеюцца цьмяныя агні прыбярэжных гарадоў. У плэеры пераможна гучыць Blockhead – Insomniac Olympics.
Раптам я адчуваю неверагодны прыліў сілаў, быццам я магу ўсё, што захачу. Нібы я адзін на вяршыні невядомай гары – перамога сябе над сабой. Хочацца смяяцца ўголас і скакаць па палубе. Я ведаю, што наперадзе яшчэ шмат вяршынь. Яны ўжо віднеюцца на гарызонце. Я ведаю, што буду караскацца на кожную з іх і не спынюся ні перад чым. Рыса маладосці – бітвы з ветракамі, з каструляй на галаве.
Раніцай мы выязджаем на самы поўдзень выспы ў горад Санья. Для матацыклістаў тут невялікі бонус – няма плацёжных пунктаў на хайўэях, а значыць, праезд свабодны. Хайўэі ў Кітаі выдатнай якасці, таму на іх можна смела выціснуць максімум з матацыкла. Нават з такога, як наш.
Я спыняюся на запраўцы за сто кіламетраў да горада, каб ачысціць шкло шлема ад машкары. Воля тым часам знаходзіць халяўны Wi-Fi і звязваецца з нашым шанхайскім сябрам Сярогам. Аказваецца, гэты аферыст цяпер не толькі на Хайнані, але і непасрэдна ў горадзе Санья. Мы сустракаем Сярогу і яго сяброўку Юлю проста на ўзбярэжжы. Шанхайскія разбойнікі зноў у зборы. Так пачынаецца бестурботнае астраўное жыццё.
Праз дзень наш любы «эндура» ломіцца назаўжды. Гэта адбываецца як у кіно – прама падчас руху з жудасным трэскам задні тормаз разам з шасцярнёй рассыпаецца па асфальце, як канфеці. Воля вішчыць, я цудам выязджаю з транспартнай плыні.
Віной усяму дрэнна закручаныя балты на шасцярні, якую я памяняў без асаблівай патрэбы падчас апошняй пракачкі. Ніхто ў горадзе не бярэцца за рамонт матацыкла – ён занадта стары і рэдкі. Знайсці дэталі на яго фактычна немагчыма, ды яшчэ і Новы год пачынаецца – кітайцы сыходзяць у месячны запой.
Шчыра кажучы, рабіць у Саньі абсалютна няма чаго. Гэта тыповы дарагі турыстычны гарадок. Мы бадзяемся па пляжах, лазім па дахах, трасём какосавыя пальмы, тырым віно і займаемся іншымі глупствамі. Большую частку часу мы жывём у кемпінгу. Але пару разоў нам удаецца прабрацца ў порт і заначаваць на дарагіх яхтах з бясплатнымі напоямі.
Урэшце я дару наш байк наступнаму механіку, да якога звяртаюся па дапамогу. Мы з Воляй дабіраемся стопам да Хайкоў і бяром паром на мацярык. Там ужо тусуюцца Сярога з Юляй, якія выбіраюць цывілізаваныя спосабы перамяшчэння. У Сярогі, Юлі і Волі квіткі да Шанхая, іх цягнік будзе праз пару гадзін.
Нейкім цудам мне ўдаецца праскочыць у вагон разам з сябрамі – квіткі правяраюць ва ўсіх, акрамя мяне. Нам па дарозе яшчэ пару сотняў кіламетраў. А чацвёртай гадзіне ночы я выходжу на маленькай вясковай станцыі. Сябры махаюць мне з асветленых вокнаў вагона. Я махаю ім. Цягнік кранаецца і ўцякае. У поўнай цемры я застаюся стаяць на насыпе. Усё. Цяпер я адзін.
Раптам я адчуваю такую пустэчу, цяжар і боль унутры. Адчуваю тое, што мы называем сапраўднай свабодай. Мы жывём гэтым ідэалам, гатовыя біцца за яго і спрачацца да пены на вуснах. А высвятляецца, што свабода – гэта край. Ад свабоды ты раптам губляеш сябе, і лепей, каб у гэты момант ты не ехаў на матацыкле.
Адсутнасць патрэб і прыхільнасцяў – гэта тое, што характарызуе вольнага чалавека. Калі раскручваць гэтую думку далей, свабодны чалавек – той, хто абыходзіцца малым, наборам з першай ступені піраміды Маслоў. Ён жыве ўнутры свайго свету і не мае сувязяў з вонкавым. Абсалютная свабода мяжуе з вар’яцтвам. Сустрэўшыся з ёй тварам да твару, ты або добраахвотна знікаеш без вестак, або перастаеш спяваць ёй песні.
Свабода – гэта ідэал для слабакоў.
Глава 8
Рома ў Лаосе
Шкляныя вочы вольнага чалавека
Нявыспаны, разбіты, я спрабую выбрацца на хайўэй да Куньміна, там месціцца амбасада Лаоса. Я планую атрымаць візу і як мага хутчэй зваліць з Кітая.