Праз дзень я нарэшце дабіраюся да сталіцы правінцыі Юньнань, горада Куньміна. Абарыгены завуць яго «горадам вечнай вясны», ён сапраўды выглядае зелена і ветліва ў параўнанні з мегаполісамі цэнтральнага Кітая. Я засяляюся ў хостэл і наступнай раніцай ужо чалюся ў чарзе па візу ў Лаос, робіцца яна ўсяго за некалькі дзён без усялякіх дадатковых дакументаў.
Я развітваюся з Кітаем. Мне так і не ўдалося знайсці агульную мову з тымі, чыімі рукамі зробленая ўся мая маёмасць за плячыма. Як сказаў адзін мой таварыш, якому давялося павучыцца ва ўніверах Беларусі і Кітая, мы глядзім на традыцыйную кітайскую філасофію такімі ж вялікімі вачыма, якімі кітайцы глядзяць на еўрапейскую.
Лодка за шэсцьдзясят даляраў
За дзесяць хвілін да закрыцця я з’яўляюся на кітайска-лаоскай мяжы. Тут дазволены пешы пераход. Як толькі чырвоны сцяг растае за маімі плячыма, робіцца неяк замагільна ціха. З боку Лаоса не даносіцца ніводнага гуку. Я падыходжу да памежнага пункту. У акенцы падачы дакументаў, адкінуўшыся на стуле, сапе афіцэр. Я грукаю па шкле, ваяка ўздрыгвае і расплюшчвае вочы.
Дзіўна, але вартаўнік мяжы цікавіцца, у якую кропку пашпарта я хацеў бы атрымаць штамп праходжання памежнага кантролю. Я тыцкаю пальцам на старонку, куды звычайна ставяць адмеціны пра заключэнне шлюбу.
Выходжу за шлагбаум і адразу трапляю ў джунглі. Дарога сярэдняй якасці віхляе сярод вельмі буйной расліннасці. Я атрымліваю асалоду ад цішыні і рэдкай азіяцкай адзіноты. Няма ні машын, ні людзей.
Хутка выходжу да вёскі. Бездапаможныя бамбукавыя халупкі рэзка кантрастуюць з манструозным кітайскім горадабудаўніцтвам. У вёсцы амаль няма транспарту. На краі селішча я натыкаюся на помнік даўно згаслага сяброўства з Савецкім Саюзам – іржавы кузаў ад 469-га ваеннага УАЗа.
Мне не хочацца спыняць машыны, я цягнуся наперад і падтанцоўваю плэеру. У мяне няма карты, таму я слаба ўяўляю, куды вядзе гэтая дарога. Вецер гне дрэвы, праз некалькі метраў наперадзе паўтараметровая паласатая змяя перапаўзае дарогу.
Я махаю і ўсміхаюся ўсім, хто едзе мне насустрач. Менавіта таму праз паўгадзіны побач са мной спыняецца хлопец на матацыкле з калыскай, які вязе кудысьці балоны з газам. Я заскокваю ў калыску, і мы ляцім па вяртлявай трасе. Так, матацыкл за матацыклам, я наганяю першае буйное паселішча – Луанг Намта.
Цямнее. Я манеўрую паміж крамамі з гароднінай і кафэхамі, у якіх разліваюць суп з локшынай. Раптам з цемры з’яўляецца белы чалавек:
– Hey! Where are you from?! – цікаўлюся я.
– Russia.
– О, прывітанне! А я беларус, з Менска.
– З Менска?! А я з Брэста!
Так я знаёмлюся з Віталікам, які вось ужо некалькі месяцаў падарожнічае па Паўднёва-Усходняй Азіі. Не магу сказаць, што адчуваю асаблівую патрэбу ў кампаніі, але, з іншага боку, я яшчэ ні разу не сустракаў па дарозе вандроўцу-беларуса. Мы сядаем есці і церці пра дарогу.
Віталіку крыху больш за трыццон. Калі б не прыцемкі, я адразу вызначыў бы, што ў ім цячэ славянская кроў. Ён пачаў сваё падарожжа ў Індыі, а зараз збіраецца аб’ехаць Лаос, Камбоджу і В’етнам. У яго амаль няма абсталявання, але ёсць неблагая «зеркалка».
Мы вырашаем заначаваць у намёце, дзе-небудзь на краі мястэчка. Калі пасёлак знікае з поля зроку, Віталік пачынае трохі нервавацца. Мне хочацца прайсціся далей ад людзей, але, каб усім было камфортна, вырашаем разбіцца ў лясочку, метраў за дваццаць ад трасы з пышным відам на будоўлю новай запраўкі.
Раніцай наступнага дня мы рвём стопам да турыстычнай мекі Лаоса – горада Луангпхабанг. Дарогай я распавядаю Віталіку пра тое, што збіраюся сплавіцца па рацэ Меконг ад Пхабанга да сталіцы Лаоса – Ўенцьяна, і ён даволі хутка загараецца гэтай ідэяй. Я рады таму, што ў мяне з’явіўся напарнік, бо гэта вырашае адразу некалькі праблем.
Да гэтага я думаў знайсці якую-небудзь старую закінутую лодку або «тузануць» дрэнна прыпаркаваную, але на радзе экіпажа высвятляецца, што мы можам дазволіць сабе купіць якую-небудзь невялікую патрыманую пасудзіну. Цяпер стаяць самыя гарачыя месяцы. Праз засуху ў рацэ мала вады і ніжэй па плыні ўтварылася шмат парогаў. І чым бліжэй да Ўенцьяна, тым больш актуальна паўстае гэтае пытанне. Мясцовыя вельмі строга не раяць сплаўляцца ніжэй за мястэчка Паклей. Таму з’яўленне Віталіка надзвычай да месца і да часу. Цяпер, здаецца, ёсць усе шанцы пранесціся з ветрыкам па самай буйной рацэ Паўднёва-Усходняй Азіі.