Выбрать главу

Столькі турыстаў, як у Луангпхабангу, на сваім шляху я яшчэ не сустракаў. З першых хвілін, праведзеных у горадзе, з яго хочацца збегчы за гарызонт: «Містар, тук-тук! Хацеў-хацеў, містар! Містар, б’юціфул гёрл фор ю!» Мы спыняемся ў самым танным гатэлі, які толькі ў сілах адшукаць.

Раніцай выпраўляемся на пошукі карабля. Першая лодка, якую нам прапаноўваюць набыць, каштуе семсот даляраў. Уладальнік не згаджаецца на зніжку, і мы ідзём далей. Наступная лодка каштуе ўжо пяцьсот даляраў. Судна не ў найлепшым стане – здаецца, ёсць нагода абмеркаваць цану. Праз дзве гадзіны гандлю і знямогі, у поце, мы дасягаем мяжы ў шэсцьдзясят амерыканскіх даляраў за камплект з лодкі і двух вёслаў.

Дамаўляемся, што забяром лодку заўтра, а пакуль адпраўляемся затарвацца правіянтам. Дарога да Ўенцьяна зойме каля двух тыдняў. Нарыхтоўваем рыс, рыбныя кансервы, згушчонку, вялікія аб’ёмы вады і ўсялякай смакаты, каб тачыць проста на борце.

Правізія пагружаная, экіпаж у зборы. Перад тым як аддаць швартовы, я акідваю позіркам прысутную публіку. Насамрэч, ні швартоў, ні публікі няма – тады я проста адштурхоўваюся нагой ад берага, і мы адыходзім. Мы ў прадчуванні.

Спярша нам даводзіцца добранька паднапружыцца, каб вывесці лодку на фарватар, але, адплыўшы на дваццаць метраў ад берага, мы ўжо адчуваем сябе сапраўднымі марскімі ваўкамі. Не хапае толькі рому і шлюх.

Не паспяваем праплысці і пары кіламетраў, як лодка сядае на водмель. У гэтым месцы Меконг разліўся вельмі шырока, і зразумець, дзе глыбокая вада, няпроста. Марскія ваўкі ператвараюцца ў марскіх коцікаў. Я саскокваю ў ваду і бурлачу лодку праз водмель. Нарэшце яна перастае скрэбці па дне, я заскокваю на капітанскі масток, і мы зноўку становімся на вясло.

Хутка Луангпхабанг знікае з нашай свядомасці, але гукі прыбярэжных кафэшак і кафетэрыяў яшчэ доўга даганяюць нас. Наперадзе віднеюцца толькі горы. Лодка ідзе не хутчэй за пяць кіламетраў за гадзіну, мы няспешна працуем вёсламі. Праз пару гадзін, стомленыя нязвыклай нагрузкай, мы кладзёмся на дно лодкі і ўтыкаемся ў пейзаж. Вада ледзь чутна шамаціць вакол нас, лёгкі ветрык разварочвае наш човен бортам.

Так з пераменным поспехам мы прапаўзаем свае першыя дваццаць кіламетраў. Аднекуль спераду даносіцца магутны гук бурлівай вады. Здаецца, нас чакае першы парог. Калі ён з’яўляецца ў дыяпазоне нашай глыбіні рэзкасці, зварочваць ужо позна. Я нацэльваю судна ў прастору паміж двух валуноў, і мы са свістам праскокваем у гэтую браму. Некалькі хваляў захлістваюць борт і заліваюць мае красоўкі. Адрэналіну на сёння дастаткова, і праз пару паваротаў мы прычальваем да берага.

Месца для стаянкі досыць няўдалае – вакол амаль няма дроваў, а з хмызняку нас атакуюць полчышчы схуднелай машкары. Прыходзіцца разбіраць кавалак чужога плота, каб пратапіць ачаг, паесці і адагнаць крылатых лаоскіх паўстанцаў. Я раскідваю палатку, пакуль Віталя сочыць за гатаваннем рысу. Мой напарнік забыў прыхапіць з сабой посуд, таму нам даводзіцца дзяліць адзін набор на дваіх. Напэўна, толькі тыя, хто ўпахвае на будоўлі або раллі, або днямі махае вёсламі, ведаюць, якой смачнай можа быць нават самая прэсная ў свеце каша. Мы за хвіліну змятаем змесціва кацялка.

Увесь наступны дзень мы па-забіяцку скачам па парогах. Берагі ракі густа населеныя, часта трапляюцца вёскі. Апоўдні мы сустракаем сапраўдную верф. Пакуль Віталік накіроўваецца ў вёску, каб папоўніць запасы вады, я нашуся па палубах недабудаваных караблёў. Тут так: палова працоўных варыць корпус, другая палова спіць пад корпусам. Мабыць, я прыношу мясцовым жыхарам поспех – пакуль я танцую з фотаапаратам на паўсабранай пасудзіне, адзін з рыбакоў побач выцягвае з ракі велізарную рыбіну. Мяркуючы па рэакцыі астатніх, такога памеру пачвары трапляюцца ім нячаста. Я паспяваю аблазіць усе зацішныя куткі верфі, але Віталіка ўсё не відаць. Мільгае думка трошкі пакемарыць з рабацягамі пад корпусам лодкі, але раптам ён з’яўляецца на гарызонце. Высвятляецца, што майму спадарожніку доўга гатавалі суп. Мы грузім запасы на карабель і рвёмся ў бой.

Праз пару кіламетраў Віталік раптам заўважае голых жанчын на беразе. У мяне не стае аргументаў, каб адбіцца ад яго цікаўнасці, і мы прычальваем непадалёк «кропкі джы». На паверку голыя німфы аказваюцца даволі такі апранутымі бабулямі-золаташукальніцамі, а пакуль мы поўзаем па беразе ў пошуках русалачак, наша лодка адвязваецца і сплывае. Заўважыўшы гэта, Віталік бадзёрым кролем кідаецца наўздагон. І вось мы зноў на судне.