Выбрать главу

У прыцемках прычальваем да высокага берага. Усё развіваецца па звыклым сцэнары, за выключэннем аднаго выпадку. Пакуль мы мірна сёрбаем каву ля вогнішча, з джунгляў на нас вывальваецца чалавек са стрэльбай. Упэўненай хадой ён шыбуе проста на Віталіка. Апошні робіць сальта назад, потым яшчэ адно, а я ў адзін гіганцкі скачок далятаю да схаванага ў рэчах мачэтэ. На долю секунды мы застываем, як на афішы галівудскага блокбастара.

Высвятляецца, што чалавек са стрэльбай прыйшоў з добрымі намерамі і жаданнем наладзіць міжкультурны Wi-Fi. Ён сядае каля вогнішча і сходу хваліцца нам сваім трафеем – разнесеным ушчэнт грызуном. А потым пачынае бесперапынна і вельмі хутка выплёўваць байкі на нейкім мясцовым дыялекце – з чаго мы разумеем, што ён добра ўгашаны травіцай. Следам наш госць дасканала вывучае маю камеру GoPro і нечакана растае ў цемры, нібы герой знакамітай франшызы пра вампіраў. Перад сном я на ўсялякі выпадак кладу мачэтэ пад галаву.

Са стрэльбамі жарты дрэнныя

Ранкам нам даводзіцца ўстаць з першымі праменямі сонца, бо ў намёце ўмомант робіцца горача, як у чайніку з кіпнем. Звонку нас чакае выдатны пейзаж – над ракой доўгім рукавом навісае густы туман. Мы дастаём свае фотадэвайсы і па чарзе выганяем адзін аднаго з кадра.

Віталік лічыць, што самае важнае ў фатаграфіі не погляд і задума фатографа, а крутая апаратура і апрацоўка. Таму ён не замарочваецца і бамбіць на «аўта». Я не згодны. Сваімі дэбатамі мы распалохваем навокал усё жывое, але хутка разумеем, што лепей больш не падымаць гэтую тэму, каб выпадкова не перавярнуць лодку.

Услед за фатаграфіяй знаходзяцца і яшчэ некалькі тэмаў, у якіх мы займаем супрацьлеглыя барыкады. Чым ніжэй па плыні, тым мацней напальваюцца адносіны паміж носам і кармой. Урэшце даходзіць да таго, што, насупіўшыся, мы не размаўляем адзін з адным паўдня.

Надыходзіць вечар. У прыцемках на нас напаўзае недабудаваны мост праз раку. З-за разгорнутай дзейнасці рэчышча ў гэтым месцы рэзка звужаецца, а бег вады моцна паскараецца. Нас куляй выстрэльвае на шэраг нейкіх бочак ды інсталяцыю з вялікіх камянёў, што грозна тырчаць над бурлівай паверхняй. Мы добра чэрпаем вады – я люта выграбаю яе з дапамогай абрэзанага кавалка бутэлькі. Сумесна пройдзеная небяспека аднаўляе мір паміж двума альфа-самцамі. На нейтралцы мы дакочваемся да берага і разбіваем лагер.

Віталік хвалюецца, што хутка мы выйдзем на ўчастак, дзе на пару сотняў кіламетраў не будзе ніводнага паселішча, а значыць, не будзе дзе папоўніць запасы правізіі. У нас няма добрай карты, і вызначыць нашу геалакацыю досыць складана. Справу ратуе вышка сотавай сувязі, якая тырчыць ніжэй па рацэ. Мяркуючы па радыёрэлейнай станцыі, праз некалькі дзясяткаў кіламетраў наперадзе павінна быць яшчэ адно паселішча.

У цемры мы гатуем вячэру. Я набіваю страўнік і адыходжу да берага, каб пачытаць кніжку. Праз нейкі час чую крыкі Віталіка – ён выпадкова губляе мае кацялок з відэльцам у вадзе. З вопыту я ведаю, што шанец знайсці ўтоплены кацялок памяншаецца ўдвая прыкладна кожную наступную секунду. Гэта ўжо занадта, я проста дзіка злы, бо за дарогу прыкіпеў да свайго кацялка, як рыс да дна. Не марнуючы словаў, дастаю кілімок з палаткі і кладуся ля вогнішча.

Я прачынаюся ад моцнага ліўню. Прыходзіцца таропка збіраць рэчы і бегчы ў палатку. Спускаюся да вады, каб абмыць ногі ад пяску і проста нямею – нашай лодкі няма на месцы! Я прабягаю трохі наперад, каб агледзець раку за затокай – але і там лодкі няма. Я дзіка крычу, каб пабудзіць Віталіка. Ён выскоквае з намёта як апараны. Мы бяжым у розныя бакі ўздоўж ракі, але ў цемры мала што можна разгледзець. Сама лодка ніяк не магла адшвартавацца, яна была прывязаная да шаста ў ціхай затоцы. Відавочна, што яе скралі за гэтыя дзве гадзіны нашага сну.

Мы метр за метрам аглядаем бераг і ўсе зацішныя куткі ў бліжэйшым радыусе, але лодку так і не знаходзім. Раптам праз некалькі кіламетраў вышэй па плыні я заўважаю ў джунглях агеньчык ліхтара, ён павольна рухаецца ў наш бок. Адрэналін б’е ў галаву. Мы пакідаем у цэнтры лагера падманку з падручных матэрыялаў у выглядзе чалавечага цела, а самі хаваемся за суседняй ад палаткі скалой. Віталік трымае ў руках вясло, я моцна сціскаю мачэтэ. Хутка ўдаецца разгледзець дзве імпэтныя фігуры са стрэльбамі – зноў паляўнічыя. Наперадзе бяжыць вялікі сабака. Яны ўглядаюцца ў зараслі і перыядычна косяцца на наш лагер. Жэстамі вырашаем хавацца да апошняга – са стрэльбамі жарты дрэнныя. Але паляўнічыя так і не набіраюцца смеласці падысці бліжэй. Мы праводзім іх позіркам, пакуль яны не хаваюцца ў гушчары джунгляў. Пранесла.