Глава 9
Рома ў Тайландзе
Тайскі аўтаспын
Памятаю тайскага памежніка, які здзіўлена пытае мяне:
– Single entry?
– Yes, sir. After Thai I'm going to Malaysia.
– Ouh, ok. Welcome to Thai!
Памежнік не выпадкова здзіўляецца маёй візе. У Тайландзе жывуць дзясяткі тысяч замежнікаў, і часцей за ўсё яны прыбываюць у краіну па турыстычнай візе з падвойным уездам. Тэарэтычна такая віза дае права на паўгадавы побыт у краіне, але за гэты час ты абавязаны выехаць з Тайланда хаця б на некалькі хвілін у любую іншую краіну. Часцей за ўсё на visa-run турысты выязджаюць менавіта ў Лаос, адкуль я прыбываю.
За некалькі дзён да перасячэння тайскай мяжы я звязаўся з Вераснем і Жэняй, якія пару гадоў таму адвезлі на мыс Горн звычайны зэдлік з беларускай кухні. Яны праехалі аўтаспынам фактычна праз усе краіны Цэнтральнай і Паўднёвай Амерыкі, цяпер жа барозняць Паўднёва-Усходнюю Азію. Мы дамаўляемся сустрэцца ў горадзе з вельмі гучнай назвай Накхонратчасіма.
Я выходжу на трасу і выцягваю руку. Чакаць наогул не даводзіцца, першая ж машына спыняецца. Спачатку я думаю, што пашанцавала, але хутка разумею, што Тайланд не жартуе з гасціннасцю.
Мае першыя тайскія спадарожнікі выглядаюць, як студэнты першага курса. На ламанай англійскай яны пытаюць, чаму я не скарыстаўся аўтобусам. Хлопцы не даганяюць, што такое аўтаспын, ім здаецца, што са мной нешта здарылася, раз я стаю на трасе. Спрабую растлумачыць, што ў мяне ўсяго толькі няма грошай на квіток, таму я езджу на папутках, але гісторыя пра грошы здаецца ім занадта жудаснай. Хлопцы тут жа тэлефануюць сваім сябрам і вельмі эмацыйна распавядаюць апошнім пра беднага замежніка.
Мы дабіраемся да першага прымежнага горада Убон. Нас сустракае машына з хлопцамі таго ж узросту. Цяпер маім нялёгкім становішчам занятыя восем галоваў. У выніку на радзе зграі вырашаецца пасадзіць замежніка на прамы аўтобус да Накхонратчасімы. Мы едзем на аўтавакзал, але ўсе аўтобусы ўжо адчалілі, а наступны будзе толькі заўтра. Хлопцы прапаноўваюць мне заначаваць у іх, але я спяшаюся і прашу адвезці мяне на трасу. Мае новыя сябры неахвотна падкідваюць мяне да паліцэйскага ўчастку, дзе распавядаюць копу пра маё становішча, і той адразу ж спыняе машыну. На развітанне пацаны ўручаюць мне пяцьсот бат (штосьці каля пятнаццаці баксаў, калі не памыляюся), каб я змог расплаціцца з тым, хто мяне падвязе.
Ад паліцэйскага ўчастка да паліцэйскага ўчастка, ад запраўкі да запраўкі я дабіраюся да Накхонратчасімы. Апошні адрэзак дарогі я праязджаю ў адкрытым кузаве пікапа, разам з соннымі дзеткамі. За гэты час я паспяваю дачытаць пару сотняў старонак з кніжкі «Валацугі Дхармы». Нарэшце а чацвёртай раніцы вывальваюся з аўтобуса побач з вялізным манастыром. Будзіць манахаў непрыгожа, і я проста раскідваю палатку па суседстве з келлямі.
За апошні год самыя розныя людзі ў самых дзіўных сітуацыях дапамагалі мне прарывацца наперад. Я паспяваў сказаць ім дзякуй, і мы назаўжды расставаліся. Часта сувязь ірвалася яшчэ да моманту, калі мы даведваліся імёны адзін аднаго. Здараецца, мяне свідруюць думкі пра тое, што менавіта мяне варта называць спажыўцом у самым дрэнным сэнсе гэтага слова – я спажываю не тавар, але добрае стаўленне людзей, і часта ў аднабаковым парадку.
Накхонратчасіма – горад буйны, але гэты факт не перашкаджае валацугам з вялікай дарогі знайсці адзін аднаго па ўнутраным компасе. Я сустракаю Верасня і Жэню пасярод горада, яны, як і я, швэндаюцца ў пошуках сігналу Wi-Fi. Па іх адразу відаць, што яны ўмудроныя вопытам гадавога бадзяння па Паўднёвай Амерыцы з зэдлікам у руках – нічога лішняга з сабой не возяць. Абодва іх заплечнікі па аб’ёме меншыя за мой адзін. Верасень іранічна смяецца:
– Нічога-нічога! Я зраблю табе як-небудзь рэвізію!
Наступны тыдзень мы праводзім у манастырах і на пляжах. Сябры дапамагаюць мне здымаць матэрыял, мы бясконца травім байкі і адтапырваемся на ветры ў кузавах пікапаў. Тайскі аўтаспын настолькі добры, што мы перасоўваемся па краіне хутчэй, чым любым грамадскім транспартам. Неблагім узорам мясцовай добразычлівасці служаць хлопцы, якія едуць з крамы дадому, але бачаць нас і адвозяць за сотню з лішнім кіламетраў на мора.