Я змагаюся на вуліцах горада да апошняга. А трэцяй гадзіне ночы пад дробным дажджом вяртаюся прамоклы да ніткі ў хостэл, што пасля дня свята выглядае, як адна вялікая душавая кабінка. Некалькі наступных дзён агульны пакой для дваццаці пастаяльцаў хутчэй нагадвае бальнічную палату – усе бесперапынна чхаюць, кашляюць і смаркаюцца.
Тым часам Воля, з якой мы вар’яцкі пракаціліся па Паднябеснай, вырашае кінуць усё да д’ябла і прымчацца з канцамі да мяне ў Бангкок.
Калі прааналізаваць, чаму я раптам вырашаюся на саюз, які без сумненняў накладзе сур’ёзныя абмежаванні на характар майго падарожжа і глыбіню перажыванняў, то ўсё, што я магу сказаць: я стаміўся ад космасу. Ёсць такое слова, якое нельга прамаўляць, – «свабода». Выяўляецца, свабода дурыць нас не менш за грошы! Быць свабодным і быць мільянерам па сутнасці адно і тое ж – у цябе ёсць усё. Толькі што рабіць з тым, у чаго няма межаў, ніхто толкам не ведае. Памнажай бясконцасць, дзялі бясконцасць, аднімай, складай, здабывай корань, узводзь у ступень – усё без толку. Любое дзеянне бескарыснае, пакуль табе няма на чым стаяць, пакуль у цябе няма «для чаго», «для каго» або «з кім».
Я сустракаю Волю ў аэрапорце, вешаю на шыю і адводжу ў горад. Цяпер я буду часцей есці, спаць пад дахам і ганяць у душ. Цяпер калі я кажу «я», чытай «мы».
Бой у амбасадзе
Верасень і Жэня нараілі мне замест Аўстраліі, куды я планаваў рушыць пасля Азіі, паспрабаваць атрымаць візу ў ЗША. За пару тыдняў да прылёту Волі я паведаміў ёй пра гэтае рашэнне. Шчыра прызнаюся, я ніколі ў жыцці не зрабіў бы такога стосу папер для амбасады, які Воля вываліла перада мной у нумары хостэла. Наступныя некалькі дзён мы адточваем нашу візавую легенду, дапрацоўваем дакументы, а па начах, калі спёка спадае, блукаем па горадзе. У ноч перад днём Х мы раптам успамінаем, што яшчэ не раздрукавалі банкаўскія рахункі. Трохі магіі – і яны выглядаюць досыць упэўнена, па сем штук баксаў у кожнага!
Праца ў Тайландзе мне так і не далася. Я вымушаны пазычыць грошы ў бацькоў. Віза і пералёт павінны абысціся мне ў тысячу даляраў. Нешта падказвае, што прыкладна столькі ж грошай я выдаткаваў на жыццё за ўсе мінулыя месяцы майго квэсту.
Паўднёва-Усходняя Азія – месца, на якім спатыкнулася да халеры кругасветных падарожнікаў. З Тайланда можна рухацца або ў Штаты, або ў Аўстралію. Пералёт у Паўднёвую Амерыку з гэтай часткі свету каштуе вялізных грошай, аднавіць якія, скажам, у Перу будзе вельмі няпроста. Калі ж спрабаваць трапіць у Аўстралію або ЗША, то вельмі вялікая рызыка атрымаць адмову ў візе. У такім выпадку ты ўсё роўна страціш добрую суму грошай і застанешся ні з чым. Я ведаю па меншай меры з дзясятак валацуг, якія не змаглі прабіць гэтай сцяны бюракратыі.
І вось надышоў вырашальны дзень, я нацягваю самую чыстую майку і адзіныя штаны з невялікай плямкай мазуту на попе. На нагах у мяне верныя красоўкі Puma. Воля ўскаквае ў сукенку і басаножкі. Мы выходзім з самага таннага нумара ў горадзе, у дзвярах якога зеўрае дзірка памерам з кулак і папросту няма замка. Здаецца, мы цалкам гатовыя падавацца на журналісцкую візу ў ЗША.
Ужо ўнутры амбасады ўспамінаем, што забылі размяняць частку грошай, а гэта значыць, што, нават калі нам дадуць візу, мы не зможам за яе заплаціць. Я стаю ў суседняй ад Волі чарзе. Вось нейкая тайская бабулька, спрэс абвешаная залатымі пярсцёнкамі, адыходзіць ад стойкі, і да акна праціскаецца Воля. За шклом малады афраамерыканец п’е сваю ранішнюю каву. Воля пачынае гульню ў вочкі і адначасова рытмічна шамаціць паперамі. Яны размаўляюць каля дзесяці хвілін. Мужык выглядае заклапочаным і здзіўленым. Падобна на тое, што ўсё ідзе па плане. Але раптам Воля забірае свае дакументы з акенца і сыходзіць у залу чакання. Мы паспяваем пераглянуцца, і з яе выразу я разумею, што справа пачынае выходзіць з-пад кантролю. На маім ілбе праступае пот.
Мой афіцэр – бойкая пышнагрудая маладая тайка. Я падаю дакументы ў акно, і яна пачынае іх пільна разглядаць. Раптам яна ўстае і кажа, што ёй трэба ўзяць нейкую паперу. Я сачу за тым, як яна паглыбляецца ў офіснае памяшканне. Папера, якую яна шукае, ляжыць якраз побач з афраамерыканцам, што распытваў Волю. Гульня пачынаецца. Тайка корпаецца ў шуфлядзе стала, але я выразна бачу, як афраамерыканец употай распытвае яе пра мяне. Потым яна вяртаецца.