Ніякіх праблем з перасячэннем мяжы не паўстае – грузінскія памежнікі, як заўсёды, паказваюць высокі ўзровень абслугоўвання. Пра армянскіх магу сказаць толькі тое, што над памежным пераходам у іх вісіць ірваны сцяг.
Дарога ў Ерэван ляжыць праз самыя гарачыя раёны Арменіі. У прамым сэнсе слова. Расліннасці мала, горы пакрытыя выпаленай травой. Тэмпература перавальвае за сорак.
У разгар дня я дабіраюся да ўскраіны Ерэвана. Ніякіх грошай няма наогул. Пытаю мясцовых, як прайсці да цэнтра, і ўсе раяць скарыстацца 98-ай маршруткай. Кажу, што хачу пешшу.
– Які там пешшу?! Гэта далёка! На маршрутку сядай!
– У мяне грошай няма на маршрутку.
– Як гэта грошай няма? Ты ж інтурыст!
Я іду па бясконцым прыгарадзе Ерэвана. Тут брудна і жудасна горача. Усе дамы аднолькавага шэрага колеру, пабудаваныя з аднаго і таго ж матэрыялу. Хочацца піць. Жэстам мяне падзывае мужык з акенца ў краме. Я прашу піць і распавядаю яму сваю гісторыю. Мужык набівае мой заплечнік прадуктамі.
Цэнтр Ерэвана ўзяты ў палон савецкімі манументальнымі будынкамі. Я дастаю свой ноўт і пачынаю сканаваць наваколле на наяўнасць свабоднага сігналу. Высвятляецца, што знайсці Wi-Fi можна амаль паўсюдна і з нядрэннай хуткасцю злучэння. Здаецца, я яшчэ не глыбока ў Азіі, а ўжо станаўлюся мясцовай славутасцю – увесь час падыходзяць людзі з фотаапаратам і робяць са мной здымкі.
Каўчсёрфінг падказвае, што нейкі Артут з Ерэвана гатовы мяне прыняць. Калі я дабіраюся да яго хаты, высвятляецца, што акрамя мяне ён гатовы прыняць яшчэ восем чалавек: чатырох чэхаў, польку, харватку, славачку і турка. Ну і мяне – беларуса. Амаль славянская сям’я атрымліваецца.
Хтосьці жыве ў сценах
Раніцай адпраўляюся з паловай нашай шматнацыянальнай групы на агляд надзвычай багатай спадчыны Арменіі. Я цярпець не магу славутасцяў, асабліва калі да гэтага месца ўжо прыпаркаваліся чатыры аўтобусы з кітайскімі турыстамі. Часам мне здаецца, што па фатаграфіях кітайскіх турыстаў пасля якой-небудзь глабальнай катастрофы можна будзе дакладна аднавіць, а потым раздрукаваць на 3D-прынтары любую славутасць свету.
Да абеду мы вяртаемся з духоўнага падарожжа вакол Ерэвана. Я бяру сваю камеру і паглыбляюся ў горад. У мяне амаль ніколі няма мапы, я проста выбіраю кірунак, заварочваю ва ўсе двары, зазіраю ў вокны і гаражы, залажу на дахі, спускаюся ў сутарэнні. Мяне цікавяць аскеты-адзіночкі, маргіналы, бамжы, гарадскія фрыкі, вулічныя музыканты – усе людзі не з гэтага свету.
І адразу поспех! З выбітых вокнаў шматпавярховага дома гучыць Шапэн у жывым выкананні. Адсюль я магу разгледзець толькі столь кватэры – на ёй плямы ад разбітых яек і саўковая люстра без лямпачкі. У акне з’яўляецца жанчына гадоў пяцідзесяці, з рота тырчаць рэшткі зубоў. Заўважыўшы мяне, яна тут жа хаваецца ў глыбіні кватэры:
– Добры дзень!
– Не-не-не! – крычыць яна аднекуль з вантробаў будынка.
– Мяне завуць Рома. Вы выдатна граеце!
– Да?! Вам падабаецца?! – даносіцца з глыбіні.
– Так-так. Чаму вы хаваецеся?
– А вы не амерыканец?
– Не. Чаму вы падумалі, што я амерыканец?
– У мяне ў кватэры схаваны амерыканскі спадарожнік. Я баюся, што вас прыслалі амерыканцы.
– Не бойцеся, я беларус.
Яна зноў з’яўляецца ў аконным праёме.
– А вы турыст?
– Так, я падарожнічаю вакол свету. Можна мне зняць, як вы граеце на піяніна?
– Я не ведаю. У мяне дома шмат людзей.
– Прашу вас. Я не адніму ў вас шмат часу. Сыграйце яшчэ што-небудзь, калі ласка.
Праз дзесяць хвілін угавораў яна нарэшце паддаецца. Я залажу на падаконне па вадасцёкавай трубе. Перада мной кватэра, у якой час спыніўся ў сямідзясятых. У шафах – рускія кнігі, вялізныя стосы кружэлак, у бары – хрустальны сервіз. У кутку стаіць піяніна, на якім гарой складзеныя нотныя сшыткі. Я прашу ўключыць святло, але, выяўляецца, яго адключылі некалькі гадоў таму. Жанчына пачынае граць.
Гаі пяцьдзясят тры гады, гледзячы па ўсім, у яе шызафрэнія. Паводле гаспадыні, у кватэры схаваны спадарожнік, суседзі пастаянна даносяць на яе амерыканцам, а яна проста марыць выйсці замуж за француза. Яна ўпэўненая, што хтосьці жыве ў сценах, яна паказвае пальцам удалячынь, яна просіць мяне праверыць, хто хаваецца за дзвярыма. На жаль, нікога.
Свайго наступнага героя я сустракаю па адрасе Абавян, 3. Ён грае на старым пацёртым гармоніку. Яго імя Арам, яму семдзесят адзін год, ён вырас у дзіцячым доме. Пабачыўшы, што я зацікавіўся, ён падае мне покрыва і прапаноўвае прысесці побач.