Марк Аўрэліюс
Роздумы
Падумай пра сусьветную субстанцыю, якое ты зьяўляешся вельмі малою часткаю; як і пра сусьветны час, зь якога кароткае і неспасьцярожнае прамежжа вымерана табе; і пра тое, што ўхвармавана доляю, і як малою часткаю гэтага зьяўляешся ты сам.
Уводнае слова
Прапанаваныя ўвазе беларускага чытача філязафічнага характару разважаньні Марка Аўрэліюса, пісаныя на грэцкай мове, — у нашым перакладзе, як «Роздумы» — першы раз былі выдадзеныя друкам Г. Ксыляндрам у Цігуры (сягодняшні Цюрых) у 1558 г. з лацінскім перакладам, з заўвагамі да тэксту і распадзелам на 12 кнігаў. Выданьне Ксыляндра абапіралася на Палятынскі тэкст.
З гэтае пары друк гэты стаецца асноваю для чарговых выданьняў у 1568, 1590, 1626 гг., пры чым, апошняе выданьне ўпяршыню ўводзіць распадзел кнігаў на параграфы. На працягу далейшых стагодзьдзяў на розных мовах зьяўляецца вялікая колькасьць новых выданьняў працы М.Аўрэліюса, якая стаецца помнікам сусьветнае літаратуры. «І па сягоньняшні дзень выданьне Ксыляндра мае значэньне ня толькі, як бібліёграфічная рэдкасьць, хоць-бы ўжо з тае прычыны, што тэкст Палятынскі, на якім яно абапіралася, можна ўважаць за беспаваротна згубленым, але нават адзін, які ацалеў і зьмяшчае ў сабе поўны тэкст твору імпэратара (Ватыканскі; а ў іншых тэкстах адно выняткі), знаходзіцца, паводля сьведчаньня Ёганна Сьціха, у вельмі нездавальняючым стане».
Аўтар Роздумаў ня пісаў сваіх думак для некага, але толькі для сваіх уласных духовых патрэбаў, з гэтае прычыны зразумелым стаецца, што сам тэкст нічога ня меў супольнага з падрыхтоваю яго да апублікаваньня. Затым, хворма, у якой сягоньня чытаем Роздумы — гэта вынік даўжэйшага часу і працы шматлікіх людзей, якія ня толькі перакладалі, але і перад усім адцыфроўвалі знакі, якімі твор пісаўся, укладвалі ў неабходную цэласьць, выдзялялі думкі ў параграфы і гэткім спосабам умагчымілі нам, што жывем у іншым стагодзьдзі, мець перад сабою гатовы тэкст у нашай роднай мове.
Дасьледнікі філязофіі стала зьвяртаюць нашую ўвагу на сваеасаблівы факт, што два чаловыя Рымскія стоікі былі, з аднае стараны, Эпіктэтус, нявольнік, а з другое — імпэратар і, што апошні ў сваіх юнацкіх гадох вучыўся ў нявольніка.
Эпіктэтус жыў прыблізна ў 50-138 гадох, і імя гэтае было яму нададзена пазьней. Згэтуль, запраўднае ягонае імя астаецца няведамым. Радзіўся ён у Фрыгіі ў часе панаваньня Нэрона, і мова ягоная была грэцкаю. Ягонае зраманізаванае імя Эпіктэтус (што значыць здабыты) прыводзіць нас да выснаву, што быў ён нявольнікам. У ягоныя юнацкія гады, ня гледзячы на ягоны сацыяльны статус, студыяваў філязофію стоіцызму. У выніку навукі і праяўленае ім мудрасьці, ягоны гаспадар, — Эпафодзімус, гэтаксама асвабоджаны нявольнік, — недзе перад годам 89, дараваў яму вольнасьць, і да году, праблізна, 90 выкладаў у Рыме філязофію. Аднак, каля году 90, западозраны разам зь іншымі філёзафамі ў дэмакратычных тэндэнцыях, быў змушаным пакінуць Рым і асяліўся ў паўночнай Грэцыі ў месьце Нікополіс. Тутака правёў ён рэшту свайго доўгага жыцьця, пашыраючы дактрыну стоікаў. Жыў ён у беднасьці, маючы толькі, як ён казаў, зямлю, неба і плашч. Сам Эпіктэтус нічога не напісаў, але здабыў сабе славу настаўніка. «Калі ён прамаўляў, ягоныя слухачы — даведваемся ад аднаго зь іх — паддаваліся сільнаму пачуцьцю духовага перажываньня». Якою пашанаю цешыўся ён сярод сваіх слухачоў, сьведчыць Люцыянусавы (пісьменьнік і найбольшы сафісты другога стагодзьдзя) пераказ, паводля якога, пасьля сьмерці Эпіктэтуса адзін зь ягоных пасьлядоўнікаў заплаціў тры тысячы драхмаў за гліняную лямпу, якою карыстаўся Эпіктэтус.
Сярод ягоных вучняў, якія сьцякаліся з усіх частак імпэрыі, быў Флявіюс Аррыянус, грэцкі гісторык з Бітыніі, у часох Гадрыяна, консуль і найболей аўтарытатыўны гісторык і біёграф Аляксандра Вялікага. Аррыянус з сільным вычуцьцём адказнасьці запісваў лекцыі і павучэньні Эпіктэтуса і апублікаваў іх у васьмі кнігах п.т. «Разважаньні», зь якіх чатыры першыя дайшлі да нашага часу. У сваей прадмове Аррыянус кажа, што «Разважаньні», наколькі гэта магчымым было, аддадзены ў той самай мове, у якой навучаў Эпіктэтус, «захоўваючы прастату ягонага выражэньня». Аррыянус гэтаксама, выкарыстоўваючы зацемкі лекцыяў, уклаў падручнік галоўных вытычных навукі Эпіктэтуса п.т. Энхэйрыдзіён. Паводля гэтых працаў, Эпіктэтус галоўна займаўся праблемамі этыкі, г. зн. абазначэньнем характару добрага жыцьця. Ён утрымліваў пагляд, што ў васнаўным, чалавек быў абмежаваным і ірацыянальным існаваньнем, але, што сусьвет кіраваўся Божым чыстым Розумам, і быў дасканалым. З тае прычыны, што чалавек ня ведае свае долі і ня можа кіраваць ёю, ён мусіць спыніць імкненьне ў напрамку асягненьня зямных мэтаў, і замест гэтага, спакойна прыняць рэчаіснасьць свае бясьсільнасьці перад доляю. І, як выснаў зь ягонае навукі, раіў ён сваім слухачом, што чалавек, з прычыны свае ўласнае слабасьці, мусіць быць талеранцыйным да памылак іншых людзей.