17. Ад багоў атрымаў я і ўдзячны ім за тое, што ў мяне добрыя дзяды, добрыя бацькі, добрая сястра, добрыя настаўнікі, добрыя ўсе хатнія, сваякі, сябры і прыяцелі, амаль усе·навакольныя. І тое, што мне не давялося пакрыўдзіць каго-небудзь зь іх, хоць у мяне гэтакі характар, што пры нагодзе, я і мог учыніць што-небудзь падобнае; але з ласкі багоў, ня было гэтакага зьбегу абставінаў, які павінен быў-бы мяне дакарыць. Ім-жа ўдзячны я і за тое, што ня доўга ўзгадоўваўся ў наложніцы дзеда і, што захаваў у чысьціні сваю маладосьць, ня ўзмужнеў раней ад свае пары, а нават запазьніўся ў гэтым дачыненьні; што быў я падпарадкаваны валадару і бацьку, які быў здольным выкараніць ува мне ўсякую хванабэрыстасьць, і ўкараніць думкі, што, жывучы пры двары, можна абыходзіцца і без целаахоўнікаў, бяз пышнае вопраткі, бяз сьветачаў, статуяў і падобнае помпы; і што гэта ёсьць у межах магчымасьці гэтакага чалавека — весьці жыцьцё, збліжанае да жыцьця прыватнага чалавека, не стаючыся, з гэтае прычыны, ніжэйшым у думцы, ані слабейшым у чыне, з павагаю да рэчаў, якія маюць быць выкананымі дзеля грамадзкага дабра ў манеры, якая адказвае годнасьці валадара. Я дзякую багам за даньне мне брата, каторы, дзякуючы свайму маральнаму карактару, узьняў мяне на ўзровень чуйнасьці над самым сабою, і каторы, у тым самым часе радаваў мяне з прычыны свае пашаны для мяне і любові; што дзеці мае ня былі пакрыўджанымі ані ў сэнсе духовым, ані фізычным; што я не зрабіў большых посьпехаў ані ў рэторыцы, ані ў паэтыцы, як і ў іншых студыях, якім, магчыма, я прысьвяціў-бы самога сябе, калі-б меў за сабою пасьпяховасьць; што я неадкладна адудзячыўся сваім узгадаваўцам гонарамі, да якіх яны, здаецца, дабіваліся, ня цешачы іх толькі спадзеямі, што зраблю гэта пазьней, затым, што ў тым часе яны былі яшчэ маладымі; што я ведаў Апольлёніюса, Русьцікуса, Максімуса; што я атрымаў яснае і чыстае ўяўленьне адносна жыцьця, сузгоднага з натураю, і якім гэткае жыцьцё ёсьць самым у сабе, і, што, як далёка яно залежыць ад багоў, іхных дароў, дапамогі, і натхненьня, нічога ня станула для мяне перашкодаю жыць у сузгоднасьці з натураю, а калі я і не пасьпяваў дастаткова ў гэтым напрамку, дык сталася гэта з мае ўласнае прычыны, бо ня прытрымліваўся рады багоў, і, я магу бадай што сказаць, іхных простых да мяне павучэньняў; і, пры гэтакім спосабе жыцьця, маё цела не адмовілася служыць мне аж да гэтага часу; што я ніколі не датыкаўся Бэнэдыкты ані Тэодотуса, і, што пасьля любоўнае пасыі, я хутка выгаіўся; і за тое, далей, што, хоць я і быў часта ў астуджаных суадносінах з Русьцікусам, я ніколі ня ўчыніў нічога, адносна чаго меў-бы я прычыну шкадаваць; і за тое, што мая маці, каторай суджана было памерці маладою, апошнія гады свайго жыцьця правяла са мною; і, што я, каліколечы хацеў памагчы чалавеку ў ягонай патрэбе, або пры якой-небудзь іншай нагодзе, я ніколі не сказаў, што я ня маю сродкаў учыніць гэта; і што гэтакая патрэба ніколі не здарылася са мною, выключаючая неабходнасьць атрымаць што-небудзь ад іншага; што я меў гэтак паслухмяную жонку, поўную любові да мяне і шчырую; што я меў пад дастаткам добрых узгадаваўцаў для маіх дзяцей; і, што ў сьне я займеў відзежу добрых лекаў для мяне супроць крывахарканьня і галавакружэньня…; і, што, калі я меў схільнасьць да філязофіі, я ня ўпаў у рукі сафістых і, што я ня губіў свайго часу на пісаньне гісторыі або на аналіз сылёгізмаў, або заняўся вывучэньнем нябесных зьяваў. Таму што для ўсяго гэтага патрэбна дапамога багоў і шчасьце долі.
Краіна Квадаў у Грануі.
Кніга другая
1. Зранку трэба сказаць сабе: Сягоньня мне давядзецца сустрацца зь людзьмі назойлівымі, няўдзячнымі, хванабэрыстымі, падступнымі, зайздроснымі, хуткімі да сваркі. Усе гэтыя прыкметы ў іх узьніклі, дзякуючы няведаньню дабра і зла. Я-ж пасьля таго, як пазнаў натуру дабра — яно цудоўнае, і натуру зла — яно ганебнае, і натуру таго, хто памыляецца — ён зроднены са мною не паводля крыві і з прычыны паходжаньня, але паводля духу і боскага вызначэньня — я не магу дазнаць шкоды ад каго-небудзь зь іх — бо-ж ніхто ня можа ўцягнуць мяне ў што-небудзь ганебнае, ані гневацца на роднага, ані зьненавідзець яго. Таму, што мы створаны для супольнае дзейнасьці, як ногі, рукі, вейкі, верхняя і ніжняя сківіцы. Таму супроцьдзейнічаць адзін аднаму — гэта агідна натуры: бо гневацца на людзей і цурацца іх — гэта і ёсьць супроцьдзейнічаць.