Выбрать главу

2. Чым-бы я ня быў — я ўсё-ж толькі бездапаможнае цела, слабая праява жыцьцёвае сілы і кіруючы пачатак. — Пакінь кнігі, ня ўхіляйся ад справы, час не чакае. Адносься да свайго цела з такою пагардаю, быццам ты знаходзішся пры сьмерці; яно толькі кроў ды косьці, паддадзенае зьнішчэньню сьпляценьне із нэрваў, жылаў, артэрыяў. Разглядзі гэтаксама сутнасьць жыцьцёвае сілы: яна — павеў, пры тым такі, які не застаецца заўсёды сабе роўным, а імгненна раз выдыхаецца, а іншы раз удыхаецца. Значыць, застаецца толькі трэйці — кіруючы пачатак, і аб ім ты і мусіш падумаць: Ты ўжо стары чалавек; не дазваляй болей, каб стан гэты стаўся паняволеньнем, не дазваляй, каб папіхалі ім супроцьграмадзкія імкненьні, каб чалавек гэты наракаў на сваю цяперашнюю долю і ня прыходзіў у жах перад будучыняю.

3. Тое, што творыцца багамі, напэўна зьяўляецца боскім наканаваньнем. Тое, што прыпісваецца выпадку, так сама ўзьнікае не бяз удзелу натуры, ці бяз сувязі і спалучэньня з тым, чым кіруе боскае наканаваньне. Усё вяцякае з гэтае крыніцы; апрача гэтага існуе неабходнасьць, і тое, што ідзе на карысьць сусьвету, якога ты зьяўляешся складоваю часткаю. Для кажнае часткі натуры будзе добрым тое, што стварае натура Цэлага, і што спрыяе яе падтрыманьню. Але зьмены, як элямэнтаў, гэтак і складовых целаў, садзейнічаюць падтрыманьню сусьвету. Вось думкі, якія павінны даць табе задаваленьне; няхай-жа яны будуць тваімі аснаўнымі прынцыпамі. Супакой сваю спрагу да кніжак і, каб ты не паміраў наракаючы, але спакойна, праўдзіва і з усяго сэрца, дзякуючы багам.

4. Успомні, зь якое пары адкладваеш ты гэтыя разважаньні і колькі разоў ты, атрымаўшы ад багоў магчымасьць, ня выкарыстаў яе. Але ўсё-ж трэба табе нарэшце ўсьведаміць, да якога сьвету ты належыш, як частка, і вытокам якога валадара сусьвету ты зьяўляешся; ты павінен усьведаміць сабе, што існуе мяжа часу твайго жыцьця, і калі ты ня выкарыстаеш гэтага часу для свае асьветы, ён зьнікне, як зьнікнеш і ты, і болей ужо ня вернецца.

5. Заўсёды рупліва клапаціся пра тое, каб справу, якою ты ў дадзены момант заняты, выканаць так, каб была яна вартаю рымляніна і мужчыны, з поўнаю і шчыраю сур'ёзнасьцю, зь любасьцю да людзей, з волею і справядлівасьцю; і пра тое таксама, каб адхіліць ад сябе ўсе іншыя ўяўленьні. Апошняе ты асягнеш, калі кажную справу будзеш выконваць, як апошнюю ў сваім жыцьці, вольны ад усялякае безразважнасьці, ад абумоўленай заўзятасьцю пагарды да загадаў розуму, ад крывадушнасьці, сябелюбства і незадавальненьня сваім лёсам. Ты бачыш, якія гэта нешматлікія вымаганьні, выканаўшы якія, кажны можа жыць шчасьлівым і боскім жыцьцём. Дый багі ня будуць болей нічога жадаць ад таго, хто выконвае гэтыя вымаганьні.

6. Ну, што-ж пагарджай, пагарджай сабою душа! Бо аднесьціся да сябе з належнаю ўвагаю ты ўжо хутка ня зможаш. Жыцьцё наагул — імгненьне, а тваё жыцьцё ўжо на схіле, і ты не паважаеш сябе, але ставіш свой дабрабыт у залежнасьць ад душаў іншых людзей.

7. Няхай не расьцярушвае цябе тое, што прыходзіць звонку. Знайдзі для сябе вольны час, каб навучыцца чаму-небудзь іншаму і перастаць блукаць бяз мэты. Неабходна сьцерагчыся таксама і другое цяжкае памылкі. Адылі людзі неразумныя гэта тыя людзі, якія ўсё жыцьцё зьнясільваюцца справамі, і ня маюць мэты, зь якою яны ўзгоднілі-б цалкам усе імкненьні і ўяўленьні.

8. Ня лёгка паказаць на каго-небудзь, хто стаў-бы нешчасьлівым ад таго, што быў бязуважлівым да таго, што творыцца ў чужой душы. Але непазьбежна будзе нешчасьлівым той, хто ня сочыць за рухамі свае сабскае душы.

9. Заўсёды трэба памятаць пра тое, якая натура Цэлага, якая мая натура, якія адносіны другое да першае, і якою часткаю якога Цэлага яна зьяўляецца, а таксама пра тое, што ніхто ня можа перашкодзіць заўсёды дзейнічаць і гаварыць у сузгоднасьці з натураю, частку якое ты творыш.

10. Філёзаф Тэофрастос, расцэньваючы розныя дрэнныя чыны (расцэнка ў межах агульна прынятага сярод людзей стандарту), адцемлівае, як сапраўдны рэчазнаўца, што дрэнныя чыны, дакананыя з прычыны нахілу, болей цяжкімі зьяўляюцца, чымся падобныя чыны, дакананыя пад уплывам гневу. Бо той, хто гневаецца, не карыстаецца сілаю розуму і дзейнічае, праўдападобна, пад уплывам нейкага разгарычэньня; але той, хто дрэнна чыніць з прычыны нахілу, ня маючы сілы ўстрымацца перад звадам насалоды, выяўляе, відавочна, у сваіх праступках большую распушчанасьць і сьпешчанасьць. Справядліва, затым, і варта філязофіі, калі Тэофрастос вырашыў, што большага ганьбаваньня заслугоўвае дрэнны чын, зьвязаны з насалодаю, чымся той, што зьвязаны з горам. Наагул, адзін з гэтых людзей падобны баржджэй да таго, каго выклікала на гнеў пачуцьцё горычы, зьвязанае з прычыненаю яму раней несправядлівасьцю; другі-ж самахоць імкнецца да несправядлівасьці, захоплены сваею жадобаю да якога-небудзь дзеяньня.