11. Калі ўжо магчымасьцю стаецца, што ты можаш пакінуць гэтае жыцьцё ў любы мамэнт, тады ўпарадкуй адпаведна кажны чын і кажную думку. Але пакінуць людзей, калі багі існуюць, ня ёсьць рэчаю страшнаю, бо багі ня ўцягнуць цябе ў злыбяду; але, калі, фактычна, яны ня існуюць, або ня цікавяцца людзкімі справамі, дык які-ж сэнс для мяне жыць у сусьвеце, у якім няма багоў і божага Прадбачаньня? Але, фактычна, яны існуюць і цікавяцца людзкімі справамі. Яны гэтак уладзілі, што ўсё залежыць ад чалавека — трапіць ці ня трапіць у запраўдную бяду. А калі бядою і зьўляецца што-небудзь іншае, дык яны паклапаціліся гэтаксама, каб ад кажнага залежала ня трапіць у яе. Але ці можа тое, што ня чыніць горшым чалавека, зрабіць горшым жыцьцё чалавека? Натура Цэлага не магла памыліцца ані з прычыны няведаньня, ані з прычыны бездапаможнасьці папярэдзіць ці паправіць, у выпадку, калі яна валодае ўсяведаньнем; не магла-б яна гэтаксама ані з прычыны бездапаможнасьці, ані з прычыны няздольнасьці, дапусьціць такую памылку, як разьмеркаваньне дабра і зла паміж усімі людзьмі без разбору, гэтак паміж добрымі, як і паміж дрэннымі. Сьмерць і жыцьцё, слава і, ганьба, цярпеньне і насалода, багацьце і беднасьць — усё гэта аднолькава выпадае на долю як добрым людзям, гэтак і дрэнным, астаючыся рэчамі, якія ня чыняць нас ані лепшымі, ані горшымі. Затым яны зьяўляюцца ані добрымі, ані дрэннымі.
12. Як хутка ўсё зьнікае: самое цела ў сьвеце, і памяць аб ім у вечнасьці. Што гэта такое, што ўспрыймаецца пачуцьцямі, і ў вапрычонасьці тое, што вабіць нас насалодаю, або палохае цярпеньнем, або праслаўляецца пыхлівасьцю? І як усё гэта ёсьць без значэньня, агідным і нізкім, падпарадкавана спарахненьню і мёртвым. Вось на што трэба кіраваць здольнасьць думаньня. Што выяўляюць сабою тыя, перакананьні і галасы якіх родзяць славу? Што гэта такое сьмерць? Калі ўзяць яе самую, як гэткую і адхіліцца ад усяго таго, што пра яе выдумана, дык зараз-жа пераканаемся, што яна ня што іншае, як дзеяньне натуры. Баяцца-ж дзеяньня натуры — гэта дзяціннасьць; сьмерць ня толькі дзеяньне натуры, але дзеяньне карыснае ёй. Як і якою часткаю свае істоты датыкаецца чалавек боскасьці, і што стаецца з гэтаю часткаю пасьля яе аддзяленьня?
13. Няма нічога болей жалюгоднага, як чалавек, які вымервае ўсё ўздоўж і ўпоперак, сіліцца, як кажа паэт, пранікнуць у глыбіні падзямельныя і разгадаць тайніцу душаў акаляючых яго людзей, і ўсё-ж не разумеючы, што для яго зусім дастакова зносін з адным толькі ўнутраным гэніем і сумленнага служэньня яму. Апошняе-ж заключаецца ў тым, каб усьцерагчы яго ад заўзятасьці, безразважлівасьці, і незадавальненьня справамі багоў і людзей. Справы багоў паважныя сваею дасканаласьцю, справы людзей любыя нам з прычыны роднасьці зь імі. Але часам апошнія ўзбуджаюць нейкі жаль: калі, менавіта, у іх·праяўляецца няведаньне дабра і зла — дык калецтва ня меншае, чымся няздатнасьць адрозьніць белае ад чорнага.
14. Калі-б ты нават разьлічваў пражыць тры тысячы гадоў і яшчэ тры тысячы, дык усё-ж ты павінен памятаць, што ніхто не пазбаўляецца другога жыцьця, апрача таго, якое ён пражыве, і ніхто не пражыве другога жыцьця, апрача таго, якога пазбаўляецца. Таму, самае доўгае жыцьцё нічым не адрозьніваецца ад самага кароткага. Бо-ж сучаснае — для ўсіх зьяўляецца роўным, а, значыць, роўнымі зьяўляюцца і страты — і зводзяцца яны ўсе толькі да імгненьня. Ніхто ня можа пазбавіцца ні мінулага, ані прышлага. Бо хто мог-бы забраць у мяне тое, чаго я ня маю? Такім чынам, трэба памятаць пра дзьве праўды. Па-першае: усё спрадвеку роўнае самому сабе і знаходзіцца ў кругавароце, і таму зусім абыякасна, ці сачыць адно і тое самае сто гадоў, ці дзьвесьце, ці бязьмежны час. Па-другое: той, што найдаўжэй жыве і той, што найхутчэй памрэ (хоць і зьбіраўся жыць), — адно і тое самае. Сучаснае — вось усё, што чалавек можа страціць, бо толькі яе — сучаснасьць — ён і мае, і ніхто ня можа страціць тое, чаго ня мае.