Выбрать главу

15. Усё ёсьць перакананьне. Гэта бачна з выслоўя цыніка Монімоса. Але і карысьць ягоных словаў будзе зразумелаю для таго, хто зможа агарнуць сутнасьць праўды, якая знаходзіцца ў гэтых словах.

16. Найбольшаю ганьбаю пакрывае сябе душа чалавечая, калі абураецца супроць сьвету, становячыся (паколькі гэта залежыць ад яе) быццам балючым нарастам на ім. Бо нараканьне ў сувязі з чым-небудзь, што адбываецца, зьяўляецца абурэньнем супроць натуры Цэлага, якая ахоплівае ў сваей частцы ўсе іншыя істоты. Далей, калі яна цураецца якога-небудзь чалавека, ці імкнецца супраць яго з намерам спрычыніць яму шкоду, як гэта здараецца з разгневанымі? Па-трэйцяе, яна пакрывае сябе ганьбаю, калі губіць сілы стойкасьці супроць насалоды ці цярпеньня. Па-чацьвертае, калі яна праяўляе крывадушнасьць і хвальшыва і няшчыра робіць што-небудзь ці гаворыць. Па-пятае, калі яна не ўзгадняе свайго дзеяньня і імкненьня з мэтаю, але робіць што-небудзь марна і бяз толку, бо-ж і ў дробязях трэба лічыцца з мэтаю. А мэтаю разумных істотаў зьяўляецца падпарадкаваньне розуму і праву найболей старажытнага Места і ладу.

17. Час чалавечага жыцьця — імгненьне; ягоная сутнасьць — вечнае цячэньне; адчуваньне — сумнае; пабудова ўсяго цела — спарахнелая; душа — нястойкая; доля — затадковая; слава — няпэўная. Адным словам, усё, што датычыцца цела, падобна на струмень, усё, што адносіцца да душы — да сну і дыму. Жыцьцё — барацьба і падарожнічаньне па чужыне; слава пасьля сьмерці — забыцьцё. Але што можа вывесьці на шлях? Нішто, апрача філязофіі. А праводзіць філязофію ў жыцьцё, — азначае ахоўваць унутранага гэнія ад зьняслаўленьня і заганы, дабівацца таго, каб ён стаяў вышэй насалоды і цярпеньня, каб ня было ў ягоных дзеяньнях ні безразважнасьці, ні крывадушнасьці, каб не адносілася да яго тое, што робіць ягоны сусед, ці ня робіць, каб на ўсё, што адбываецца і што выпала на ягоную долю, ён глядзеў, як на выцякаючае адтуль, скуль прышоў і ён, а самае галоўнае — каб ён без нараканьня чакаў сьмерці, як простага раскладу тых элямэнтаў, зь якіх складаецца кажная жывая істота. Але, калі для самых элямэнтаў няма нічога страшнага ў іхным сталым пераходзе аднаго ў іншы, дык дзе аснова баяцца каму-небудзь іх агульнага зьіначаньня і раскладу? Бо апошняе адпавядае натуры, а тое, што адпавядае натуры, ня можа быць дрэнным.

Гэта ў Карнунтуме.

Кніга трэйцяя

1. Патрэбна ўзяць пад увагу ня толькі тое, што жыцьцё зьменшваецца з кажным днём і застаецца ўсё меншая яго частка, але гэтаксама і тое, што, калі-б нават было забясьпечана каму-небудзь болей доўгае жыцьцё, дык і гэта застанецца невядомым, ці будзе, як і раней, дастаткова сілы ягонае думкі для разуменьня наяўных абставінаў і для агарненьня, якое-б асвоіла яго са справамі божымі і чалавечымі. Бо калі чалавек пачне тупець, дык гэта, вядома, не адаб'ецца яшчэ на дыханьні, страваварэньні, уяве, імкненьні і іншых падобных функцыях, але ўлада над самым сабою, дакладнае разуменьне сваіх абавязкаў, здольнасьць разабрацца ў тым, што адбываецца, і здаць сабе справаздачу з таго, ці ня час разьвітацца з гэтым жыцьцём, дык усё, што неабходна мяркуе вытанчанасьць розуму, будзе страчана беспаваротна. Затым, трэба сьпяшацца ня толькі таму, што з кажным днём мы ўсё болей набліжаемся да сьмерці, але і таму, што яшчэ пры жыцьці адмаўляецца служыць здольнасьць разуменьня і назіраньня рэчаў.

2. Патрэбна зьвярнуць увагу і на тое, што нават пабочнае да твораў натуры мае нейкую прываблівасьць і зманлівасьць. Напрыклад, на выпечаным хлебе там-сям маюцца патрэсканьні, і хоць гэтыя патрэсканьні да пэўнае ступені зьяўляюцца чужымі пякарскаму мастацтву, усё-ж яны неяк дарэчныя і асабліва выклікаюць апэтыт да яды. Гэтаксама і плады хвігавага дрэва лопаюцца, дасягнуўшы найбольшую сьпеласьць, а ў перасьпелых алівах сама блізкасьць загніваньня апавяшчае якуюсь асаблівую прывабнасьць плоду. Нізка пахіленыя каласы, пахмурнае чало льва, пена, што б'е ізь зяпы вепра, і шмат іншага, далёкага ад прывабнасьці, калі разглядаць яго, як гэткае, спадарожнічаючы таму, што створана натураю, стварае агульнае ўражаньне і вабіць да сябе; затым, таму, хто валодае ўспрыймальнасьцю і болей глыбейшым праніканьнем у тое, што адбываецца ў Цэлым, насілу ці што-небудзь і з спадарожнічаючага творам натуры ня выдасца да пэўнае ступені дарэчным. На зяпы зьвераў ён будзе ўглядацца зь ня меншым задавальненьнем, як на створаныя "пад натуру" мастацкімі скульптарамі; а сваімі разумнымі вачыма ён зможа ўбачыць як асаблівы расьцьвет і прыгожасьць у вобліку старое жанчыны, як і старога мужчыны, гэтаксама, як і прывабнасьць дзіцяці. І шмат ёсьць такога, што ведамым стаецца не для кажнага, але выяўляецца толькі таму, хто сапраўды зьблізіўся з натураю і яе справамі.