Выбрать главу

3. Гіппократэс, вылячыўшы шмат хваробаў, сам захварэў і памёр. Халдзейцы прадказвалі шмат каму сьмерць, а пасьля іх самых дагнала доля. Аляксандар, Помпэюс, Каюс Цэзар, абярнуўшы ў попел гэтулькі местаў і забіўшы ў баёх дзясяткі тысячаў коньнікаў і пяхотных, нарэшце і самыя разьвіталіся з жыцьцём. Гэраклітос, каторы гэтулькі разважаў пра сусьветны пажар, памёр ад вадзянкі; не дапамог яму і каровіны кал, якім ён быў намазаны. Дэмокрытоса заелі паразіты. Сакратаса ў пэўным сэнсе гэтаксама забілі сваеасаблівыя паразіты. І якія выснавы з усяго гэтага? Ты ўзышоў на вадаплаў, ты паплаваў, ты прыберазіўся, час табе ступіць на зямлю. Калі цябе чакае іншае жыцьцё, і багі ўсюдыпрысутныя, дык яны і там будуць. Калі-ж гэта будзе стан беспачуцьцёвасьці, дык табе не давядзецца болей дазнаваць цярпеньняў і насалоды, і служыць абалонцы, якая нагэтулькі горшая за таго, хто ў яе ў палоне. Бо-ж апошні ёсьць дух і гэній, тады як абалонка — пыл і парахня.

4. Не марнуй рэшты свайго жыцьця на думкі пра іншых, калі толькі справа ня тычыцца чаго-небудзь агульна-карыснага. Бо разважаючы аб тым, што хто робіць і дзеля чаго ён гэта робіць, што хто гаворыць, плянуе і распачынае, ты прапускаеш іншую справу: усё падобнае адхіляе тваю ўвагу ад собскага кіруючага пачатку. Трэба, затым, ухіліць са сваіх уяўленьняў усё бязмэтнае, бескарыснае і асабліва ўсё, што выклікана цікаўнасьцю і злосьцю. І далей, неабходна прывучаць сябе, толькі да гэтакіх думак, адносна якіх на неспадзяванае пытаньне: "Пра што ты цяперака думаеш?", ты змог-бы, бяз хістаньня і шчыра адказаць, што пра тое і гэтае, бо зь іх непасрэдна вынікае, што ўсе яны перапоўнены шчырасьцю і дабразычлівасьцю і варты агульнажьцьцёвае сутнасьці, якая пагарджае думкамі адносна пачуцьцёвага задаваленьня і нават наагул адносна насалоды ўсялякаю свавольнасьцю, зайздрасьцю, падазронасьцю і наагул усім тым, што прымусіць цябе пачырванець, калі ты прызнацімешся, што ўсё гэта было ў табе. Бо чалавек, які ніколі не занядбоўвае стараннасьці аб тым, каб быць у ліку найлепшых, ёсьць жрэц і пасобнік багоў. Ён сябруе і з боскасьцю, што жыве ўнутры яго і якая чыніць чалавека недасягальным для насалоды, няўразьлівым для якіх-небудзь цярпеньняў, чужым для кажнае ганаровасьці, беспачуцьцёвым да праяваў якойколечы злосьці, змагаром у найвялікшай барацьбе, у якой ён павінен супроцьставіцца ўсякай заўзятасьці, заахвочвае яго глыбока пераняцца справядлівасьцю і з паўніні душы вітаць усё, што адбываецца, і выпадае яму на долю, а пра тое, што думае, кажа ці робіць іншы чалавек, думаць ня часта, а толькі тады, калі гэтага дамагаецца вялікая і агульнакарысная справа. Ён заняты выключна сваімі асабістымі справамі, і сталым прадметам ягоных разважаньняў зьяўляецца лёс, падрыхтаваны яму пабудоваю Цэлага. Першыя ён імкнецца давесьці да дасканаласьці, а што тычыцца другога, дык ён спадзяецца на яго дабрату. Бо лёс, які выпадае на долю кажнага, і прыстасаваны да яго, і карысны яму. Ён памятае гэтаксама, што ўсё разумнае зроднена паміж сабою, што клапоціцца пра ўсіх людзей адпаведна да натуры чалавека і, што каштоўным зьяўляецца згода ня ўсіх людзей, але толькі тых, што жывуць у сузгоднасьці з натураю. Ён ніколі не застаецца бязуважным да таго, што ўяўляюць сабою тыя, што жывуць дома адным жыцьцём, а па-за домам — іншым, гэтаксама ноччу і на працягу дня, і з кім і якое маюць сяброўства. Ён нічога сабе ня робіць з пахвалаў ад гэтакіх людзей, бо яны не зьяўляюцца здаволенымі нават са сваіх уласных.

5. Ня ідзі ані супроць свае волі, ані ўразрэз з агульным дабром, ані як чалавек неразважлівы, ці які паддаецца ўплыву якой-небудзь заўзятасьці; не апранай сваю думку ў пыхлівую хворму, не захапляйся ані шматмоўнасьцю, ані шматрупнасьцю ў працы. Няхай боскасьць будзе ў табе кіраўніком істоты мужнае, сьпелае, аддадзенае інтарэсам гаспадарства, рымляніна, надзеленага ўладаю, які ўважае сябе стоячым на варце, падобнага чалавеку, які не патрабуе ні кляцьбы, ні паручыцеля, які зь лёгкім сэрцам чакае на кліч пакінуць жыцьцё. І сьветла будзе ў цябе на душы, табе не спатрэбяцца ні дапамога з боку, ні той супакой, які залежыць ад іншых. Чалавек, затым, мусіць стаяць проста, і ня быць стаўленым проста іншымі.

6. Калі ты знаходзіш у людзкім жыцьці што-небудзь лепшае за справядлівасьць, праўду, разважнасьць, мужнасьць, інакш кажучы, здаволенасьць твайго духа самым сабою, дзе ён можа паказаць табе шлях дзеяньня, які адпавядае маючаму рацыю розуму і свайго лёсу, дзе тое, што выпадае на долю не залежыць ад выбару, калі, кажу я, ты бачыш што-небудзь лепшае, як гэта, дык прылажы ўсю сваю душу на тое, каб зьведаць гэтае найлепшае. Калі табе нічога не здаецца лепшым за гэнія, што жыве ў табе і які падпарадкаваў сабе асобныя імкненьні і які дасьледуе свае ўяўленьні і ўчыніў сябе недасяжным для спакусы пачуцьцяў, як казаў Сакратас, які падпарадкаваў сябе багам і клапоціцца аб людзях, калі, у параўнаньні з гэтым, ты знаходзіш усё іншае драбязным і нікчэмным, дык не давай месца нечаму іншаму, што, раз спакусіўшы і схіліўшы цябе, ужо ня дасьць табе магчымасьці непадзельна аддацца служэньню выключна табе прыналежнаму дабру. Бо несаўмешчальным зьяўляецца побач з дабром розуму і грамадзкімі справамі ставіць што-небудзь чужароднае, накшталт адабрэньня натоўпу, улады, багацьця, жыцьця поўнага насалоды. Але ўсё гэта, калі ты прыпішаш яму хоць нязначную каштоўнасьць, нечакана авалодае табою і пацягне за сабою. Ты, кажу, сумленна і вольна выбірай лепшае і трымайся яго — Але лепшае — гэта карыснае. — Калі яно карыснае для цябе, як разумнае істоты, тады захоўвай яго; калі-ж для цябе, як жывёліны, — дык адрачыся ад яго. Ахоўвай здольнасьць разважаньня ад фанабэрыстасьці, каб мець магчымасьць асьцярожна рабіць дасьледваньне.