Выбрать главу

12. Калі ты, ідучы за правільным розумам, будзеш старанна, рупліва і зь любасьцю адносіцца да справы, якою ты ў дадзены момант заняты, і, не разглядаючыся па бакох, будзеш ахоўваць чысьціню свайго гэнія, як быццам зь ім час ужо разьвітацца, калі ты будзеш паступаць гэтак, нічога не спадзяючыся і нічога ня ўхіляючыся, але задавальняючыся наяўнаю дзейнасьцю, згоднаю з натураю, і гэраічнаю праўдалюбасьцю ўва ўсім, што ты гаворыш і выказваеш — ты будзеш жыць шчасьліва. І ніхто ня будзе ў стане перашкодзіць гэтаму.

13. Як лекары заўсёды маюць пад рукою інстрыманты і прылады на выпадак неспадзяванае апэрацыі, гэтак і ты май напагатове аснаўныя прынцыпы дзеля таго, каб ведаць рэчы боскія і чалавечыя, і ўва ўсіх, нават самых нязначыных дзеяньнях, думай пра сувязь тых і другіх. Бяз узяцьця пад увагу боскага, ня зробіш добра нічога чалавечага; і наадварот.

14. Пара ўтаймавацца. Інакш табе не давядзецца прачытаць ані тваіх успамінаў, ані дзеяньняў старажытных рымлянаў і гэльленаў, ані выбраных месцаў з твораў пісьменьнікаў, якія ты адабраў сабе пад старасьць. Затым, сьпяшайся да мэты і, пакінуўшы пустыя надзеі, сам, пакуль яшчэ ня позна, ідзі сабе на дапамогу, калі толькі ты маеш у пашане самога сябе.

15. Людзі ня ведаюць, якімі шматзначнымі зьяўляюцца такія словы, як красьці, сеяць, купляць, аставацца бязьдзейным, бачыць тое, што мае быць учыненым, бо, каб ведаць гэта, патрэбны ня фізычныя вочы, але нейкі іншы ворган зроку.

16. Цела, душа, інтэлігэнцыя. Да цела належаць пачуцьці, да душы — імкненьні, да інтэлігэнцыі — прынцыпы. Здольнасьць атрымліваць уражаньні маюць і зьверы, імкненьні праяўляюцца бурна і ў дзікіх зьвераў, і сярод андрогінаў, і ў Фалярысе, і ў Нэроне; карыстацца-ж інтэлігэнцыяю для вонкавага выконваньня абавязкаў могуць і людзі, якія ня прызнаюць багоў, здраджваюць сваю бацькаўшчыну і, зачыніўшыся ў сабе, твораць усялякія агіднасьці. Калі ўсё гэта згодна са сказаным, агульным ёсьць для ўсіх, тады астаецца тое, што сваеасаблівым ёсьць для добрага чалавека, быць радасным і здаволеным з таго, што здараецца і з наступстваў, якія ўкладваюцца для яго; і не апаганьваць гэнія, што жыве ў ягоных грудзях, ня турбаваць і не засмучваць яго мноствам уяўленьняў, а захаваць яго чыстым, паслухмяным багам, якія ніколі ня кажуць таго, што не адказвае праўдзе і ня робяць нічога, што не адказвае справядлівасьці. Калі нават усе людзі адмовяцца паверыць, што ён жыве гэтак проста, сьціпла і шчасьліва, дык ён ня будзе злавацца на нікога зь іх і ня зыйдзе са шляху, які вядзе да мэты жыцьця, да якое трэба падыйсьці чыстым, спакойным, зь лёгкім сэрцам і з безнаракальнаю пакорлівасьцю перад сваею доляю.

Кніга чацьвертая

1. Калі ўнутраны пануючы пачатак усузгоднены з натураю, дык яго адносіны да ўсяго, што адбываецца, такія, што ён заўсёды можа лёгка прыспасобіцца да магчымага сучаснага. Ён не адчувае любові да якое-небудзь акрэсьленае матэрыі, але адбывае рух у напрамку свае мэты, аднак-жа пры захаваньні пэўных прадумовінаў; і ён ператварае матэрыял для сябе. Таго, што супроцьставіцца яму, падобна, як агонь, валадарыць тым, што ўпадзе ў яго, і праз што малы агонь можа быць патушаны: але, калі полымя сільнае, дык яно ахоплівае матэрыял, што трапіў у яго, зьядае яго і, дзякуючы гэтаму, яшчэ вышэй уздымаецца.

2. Няхай ніякі чын ня будзе выкананы бязмэтна, і ня інакш, як толькі ў сузгоднасьці з найлепшымі прынцыпамі мастацтва.

3. Людзі шукаюць самоту, імкнуцца да жыльля за местам, да морскіх узьбярэжжаў, у горы. І ты гэтаксама прызвычаіўся болей за ўсё жадаць гэтага. Усё гэта, аднак, гаворыць аб скрайнай недасьведчанасьці, бо ў любую хвіліну ты можаш замкнуцца ў самым сабе. Бо самае ціхае і бязбунтарнае месца, куды чалавек можа схавацца, — гэта ягоная душа. У васаблівасьці-ж чалавек, які знойдзе ўнутры сябе тое, углядзеўшыся ў што, ён зараз-жа напоўніцца супакоем; пад супакоем-жа я разумею ня што іншае, як сьведамасьць свае добраўпарадкаванае інтэлігэнцыі. Дык часьцей дазваляй сабе такую самоту і чэрпай зь яе новыя сілы для сябе; і няхай прынцыпы твае будуць кароткія і фундамэнтальныя, першага дачыненьня зь якімі будзе дастаткова, каб разагнаць увесь смутак і адаслаць цябе назад бяз гневу на тое, да чаго ты вяртаешся. Бо і, запраўды, на каго ты будзеш гневацца? На разбэшчанасьць людзей? Але, калі ты прыйдзеш да выснаву, што разумныя істоты нарадзіліся адзін для аднаго, што цярпеньне — ёсьць частка справядлівасьці, што людзі памыляюцца супроць свае волі, калі ты ўспомніш, што гэтулькі людзей, якія сварыліся, глядзелі на сябе з падозраньнем, падтрымлівалі ненавісьць да сябе, уваходзілі ў спаборніцтвы, паміралі і ператварыліся ў парахню, дык ты хутка супакоішся. — Але ці ня гневаешся ты на лёс, які выпаў на тваю долю ў выніку пабудовы Цэлага? Аднаві ў сваей памяці дылему: "провід ці атамы"? і тыя правы, якія даводзяць, што сусьвет падобны на Места. — Цябе засмучае стан цела? Падумай пра тое, што дух, які сканцэнтраваўся ў самым сабе і зьведаў сваю собскую магутнасьць, ня зьмешваецца з жыцьцёваю сілаю, што рухаецца ціха ці парывіста, і пра ўсё іншае, што ты чуў і згадзіўся адносна насалоды і цярпеньня. — Цябе маніць мроя пра славу? Зьвярні ўвагу на тое, як хутка ўсё забываецца, пра хаос часу, бязьмежнага ў той і другі бок, на пахвальбы марнасьці і безразважнасьці тых, што, бачна, цябе цэняць, на нязначнасьць прасторы, межамі якой слава абмежаваная. Бо ўся зямля толькі кропка. І які малюсенькі кусочак яе займае месца твайго знаходжаньня? А колькі тут тых, хто будзе праслаўляць цябе, і што яны сабою выяўляюць?