Я нешчасьлівы затым, што са мною здарылася гэтае і тое. — Зусім не. Наадварот, я шчасьлівы таму, што, хоць гэта і здарылася са мною, я ўсё-ж ня турбуюся, ня зломлены я сучасным, ня дрыжу перад надыходзячым. Здарыцца гэта-ж магло з кажным, але ня кажны астаўся-б непахісным. Чаму, тады, першае, большае няшчасьце, чымся другое шчасьце? Ці-ж ты назавеш няшчасьцем для чалавека тое, што не перашкаджае чалавечай натуры асягнуць свае мэты? Але, ці здаецца табе гэтакаю перашкодаю тое, што ня мінаецца з вымаганьнямі людзкае натуры? У чым-жа заключаюцца гэтыя вымаганьні? Ты ведаеш волю натуры. Ці-ж тое, што здарылася, перашкаджае табе быць справядлівым, далікатным, асьцярожным, разважным, празорлівым у меркаваньнях, праўдзівым, сьціплым, і шчырым, і мець усе іншыя якасьці, пры наяўнасьці якіх выступае асаблівасьць людзкае натуры? Не забывайся і ў далейшым пры ўсякім здарэньні, якое прыводзіць цябе да смутку, карыстацца прынцыпам: ня гэта ёсьць няшчасьцем, але зьнесьці яго годна вось гэта і будзе шчасьце.
50. Просты, але сапраўдны сродак, каб навучыцца пагарджаць сьмерць — трэба будзіць у памяці тых, хто прагна чапляўся за жыцьцё. Чым ім ляпей, чымся тым, што памерлі перадчасна? Ляжаць дзе-небудзь у магілах і Кадзікіянус, і Фабіюс, і Юліянус, і Лепідус, і ім падобныя, якія шмат каго пахавалі, а пасьля пахавалі і іх. Розьніца ў часе зусім нязначная, дый пры якіх умовах, зь якімі людзьмі і ў якім жалюгодным целе давядзецца праводзіць гэты час! Дык вось, ня лічы ўсяго гэтага важным. Азірніся назад — там непамерная бездань часу, зірні наперад — там другая бязьмежнасьць. Якое-ж значэньне мае, у параўнаньні з гэтым, розьніца паміж тым, хто пражыў тры дні, і тым, хто пражыў тры чалавечыя жыцьці?
51. Заўсёды ідзі найкарацейшым шляхам. Найкарацейшы-ж шлях — гэта шлях, які адказвае натуры: ён у тым, каб трымацца праўды ўва ўсіх рэчах і паступаваньнях. Гэтакае рашэньне вызваліць цябе ад утомленасьці, барацьбы, прытворства і пыхлівасьці.
Кніга пятая
1. Калі табе лянотна паднімацца надосьвітку, зараз-жа скажы сабе: Я ўстаю, каб узяцца за працу чалавечую. Дык няўжо-ж я пачну злавацца з тае прычыны, што іду да працы, дзеля якое створаны і накіраваны ў сьвет. Ці-ж маё прызначэньне — грэцца, расьцягнуўшыся на ложы? — Але апошняе прыемней. — Дык што, створаны ты для насалоды, а ня дзеля дзейнасьці і напружаньня сілаў? Чаму ты не глядзіш на расьліны, птушак, мурашак, павукоў, на пчолы, якія выконваюць сваю працу і, у меру сваіх магчымасьцяў, супрацуюць у напрамку прыгожасьці сусьвету? Ці не захацеў-бы ты, як людзкае існаваньне, выканаць сваю частку, і не сьпяшаешся выканаць таго, што знаходзіцца ў сузгоднасьці з тваею натураю? — Але трэба-ж і адпачыць. — Так: але натура і для гэтага вызначыла свае межы, як вызначыла іх і для прыйманьня стравы, і для пітва. Але ты ўсё-ж ідзеш далей за мяжу і далей за тое, што дастаткова. У сваей-жа дзейнасьці ты не дасягаеш гэтае меры, не даходзіш да межаў магчымага, таму што ты ня любіш самога сябе. Калі-б ня так, дык ты любіў-бы сваю натуру, і яе вымаганьні. Тыя, што любяць сваё мастацтва, цалкам аддаюцца сваей справе, забываючы і памыцца, і паесьці. Ты меней цэніш сваю натуру, як гравёр — гравіраваньне, танцор — танцы, срэбралюб — грошы, славалюб — славу. Усе яны, калі захопяцца, уважаюць за лепшае для іх ня есьці і ня спаць, абы толькі павялічыць тое, да чаго схіляецца іхная душа. Няўжо-ж агульнакарысная дзейнасьць здаецца табе меней значнаю і меней вартаю натугаў?
2. Як лёгка, адкінуўшы і здушыўшы ў сабе ўсякае турботнае і часамі неадпаведнае ўяўленьне, каб зараз-жа займець поўны супакой душы.
3. Лічы сябе вартым усякага слова і справы, адпаведных натуры. Няхай не бянтэжаць цябе чые-небудзь будучыя ўліканьні і абгаворы, але, калі можаш зрабіць ці сказаць што-небудзь прыгожае, дык адважна бярыся за гэта. Бо людзі маюць свой кіруючы пачатак, і ідуць яны за сваім імкненьнем. Не глядзі на гэта, але ідзі нацянькі, слухаючы сваю натуру і натуру агульную; таму што абодва шляхі — адно.
4. Я буду ісьці, няўхільна трымаючыся натуры, пакуль не ўпаду, толькі тады я адпачну, аддаўшы сваё дыханьне таму, з чаго я чэрпаў яго штодзенна, і вярнуўшыся туды, адкуль зьявілася семя майго бацькі, кроў мае маці, малако карміцелькі, у тую зямлю, якая гэтулькі гадоў карміла і паіла мяне, якая носіць мяне, таго, хто топча яе і карыстаецца цераз меру яе дарункамі.
5. Ты ня можаш нікога зьдзівіць сваею хуткаю кемнасьцю. Няхай і гэтак. Але ёсьць шмат іншага, адносна чаго ты ня можаш сказаць: Я не нарадзіўся для гэтага. Дык выяўляй тыя свомасьці, якія цалкам залежаць ад цябе: чыстасардэчнасьць, паважнасьць, выносьлівасьць, абыякавасьць да насалоды, задаволенасьць сваею долею, нешматлікасьць вымаганьняў, адсутнасьць пустазвонства і заносьлівасьці. Ці ты ведаеш, з колькіх бакоў мог-бы ты паказаць сябе, адносна каторых нельга было-б спаслацца на натуральную няздатнасьць, і ўсё-ж дабраахвотна застаешся на ранейшым узроўні? Або да таго, каб наракаць, жадобнічаць, лісьлівіць, ува ўсім вінаваціць сваё беднае цела, патураць яму, узьвялічваць сябе і пераносіць падобныя душэўныя хваляваньні, таксама прымушае цябе якая-небудзь прыроджаная няздатнасьць? Не, запраўды, не! Наадварот, ты даўно ўжо мог-бы пазбыцца гэтага. Калі-ж ты сапраўды прызнаеш у сабе недастатковую хуткасьць разуменьня і кемлівасьці, дык гэты недахоп трэба зьнішчыць практыкаваньнем, а не патураць сваей ляноце, махнуўшы на яго рукою.