6. Адны людзі, зрабіўшы каму-небудзь паслугу, схільныя патрабаваць ад яго ўдзячнасьці. Іншыя ня схільныя да гэтага, але ўсё-ж у глыбіні душы лічаць яго сваім даўжніком і даюць сабе справаздачу з таго, што яны зрабілі. Ёсьць, нарэшце, і такія, якія нейкім чынам не здаюць сабе справаздачы з таго, што яны зрабілі, яны падобныя да лазы, якая прыносіць вінаград і нічога не дабіваецца пасьля таго, як вытварыць свой плод: так бегае конь, так высьледжвае сабака, так зьбірае мёд пчала. Чалавек-жа, які зрабіў дабро, ня крычыць аб гэтым, а пераходзіць да наступнае справы, як лаза, якая ў вызначаным часе павінна ізноў прынесьці вінаград. Такім чынам, трэба быць у ліку тых, якія, чынячы дабро, нейкім чынам не здаюць сабе справаздачы з таго, што яны робяць. — Так. — Але-ж дабро — гэта і ёсьць тое, аб чым неабходна даваць сабе справаздачу; бо чалавеку, аддадзенаму агульнаму дабру, і дапраўды, жадаць, каб і іншыя ведалі пра гэта. — Ты кажаш праўду. Але ты ня ловіш сэнсу сказанага і таму будзеш адным з тых, пра каго я згадаў раней. Бо і іх уводзіць у блуд бачнасьць разумных поглядаў. Але, калі ты жадаеш зразумець сказанае, дык ня бойся, што табе давядзецца дзеля гэтага страціць якую-небудзь карысную справу.
7. Малітва атэнцаў: Праліся, праліся дажджом, дабрадайны Зэўс, над ральлёю і полем атэнскім. Наагул, мы ня маем патрэбы маліцца, але, калі маліцца, дык гэтак проста і гэтак шляхэтна.
8. Сэнс выражэньня: Асклепіёс назначае некаму верхавую язду, або купацца ў вадзе, або хадзьбу босым. Або: Натура Цэлага назначае некаму хваробу, ці калецтва, ці пазбаўленьне чаго-небудзь — зусім супадае. Бо ў першым выпадку слова "назначае" значыць: ён вызначыў некаму тое і гэтае, як садзейнічаючае ягонаму здароўю, а ў другім — што тое, што выпадае на долю кажнага, вызначана яму, як садзейнічаючае ягонай долі. Таму мы і кажам, што нешта "прышлося" на долю нашую, накшталт таго, як будаўнікі кажуць пра чатырохкутныя камені ў сьценах, ці пірамідах, што яны "прышліся" адзін да аднаго, калі яны знаходзяцца ў якім-небудзь гарманічным спалучэньні. Бо адзіная гармонія прасякае ўсё. І накшталт таго, як з усіх целаў складаецца сусьвет, дасканалае цела, — гэтак і з усіх прычынаў складаецца доля — дасканалая прычына. Мае словы павінны быць зразумелымі і для людзей зусім простых. Яны-ж бо кажуць: Доля паслала яму гэта. Значыцца, некаму пасылаецца тое і гэтае, а іншаму вызначаецца гэтае і тое. Дык будзем адносіцца да гэтага падобна, як да таго, што вызначае Асклепіёс. Хоць у вапошнім выпадку шмат што з гэтага не падабаецца нам, але надзея на здароўе заахвочвае нас з радасьцю пайсьці на гэта. Няхай-жа зьдзейсьненьне і выкананьне задумы агульнае натуры здаецца табе нечым накшталт твайго здароўя. Таму прымай усё, што адбываецца, з радасьцю нават, калі яно здаецца табе цяжкім, таму што яно вядзе да вядомае мэты, да моцы сусьвету, дабрабыту Зэўса (сусьвету), і посьпеху ягоных пачынаньняў. Бо ён нікому не паслаў-бы гэтага, калі-б яно не садзейнічала дабру Цэлага. І натура кажнае рэчы не вытварае нічога, што ня было-б адпаведна падпарадкавана ёй. Такім чынам, трэба любіць усё, што адбываецца з табою з дзьвюх прычынаў. Па-першае, яно адбылося з табою, было прызначана табе, і быццам мела цябе на ўвазе, будучы зьвязаным з табою яшчэ сілаю першапрычыны. Па-другое, яно зьяўляецца прычынаю дабрапасьпешнасьці, дасканаласьці, і самога існаваньня сусьветнага валадара. Бо Цэлае будзе сапсавана, калі ты хоць у чым-небудзь нарушыш згоду і сувязь, як яго частак, так і прычынаў. Але ты гэта і робіш, паводля сваіх магчымасьцяў, калі выказваеш незадавальненьне чым-небудзь, і быццам ліквідуеш яго.
9. Ня трэба ані абурацца, ані зьнеахвочвацца, ні расчароўвацца, калі табе ня поўнасьцю ўдаецца ўва ўсім дзейнічаць у сузгоднасьці з правільным аснаўным прынцыпам. Хай сабе ты дазнаў няўдачу, усё-ж трэба ізноў вярнуцца і быць здаволеным, калі ў бальшыні выпадкаў тваё паступаваньне вартае чалавека, і любіць тое, да чаго ты вяртаешся. Да філязофіі трэба вяртацца, не як дзіця да свайго дзядзькі, але як чалавек, што церпіць на вочы да сваіх лекаў, губкі, ці яйца, іншыя — да гаючае мазі, ці вадзянога душу. Тады лёгка табе будзе падпарадкавацца розуму, і ты знойдзеш у ім сваё заспакаеньне. Памятай, што філязофія жадае таго самага, чаго і твая натура; а ты жадаеш і іншага, нязгоднага з натураю. Але, што болей прывабнейшае? Ці-ж насалода ня ўводзіць нас на шлях няпраўды, якраз затым, што выдаецца гэтакаю? Зьвярні, аднак, увагу, ці ня будзе болей прывабнаю вялікадушнасьць, воля, прастата, праўдзівасьць, набожнасьць. Бо што можа быць болей прывабным за само разуменьне, калі пад ім маеш на ўвазе здольнасьць кеміць, і веду, здольнасьць, якая шчасьліва перамагае ўсе перашкоды.