Выбрать главу

10. Быцьцё нагэтулькі сукрытае для нас, што шматлікім філёзафам, і нават ня звычайным яно вуяўляецца зусім нявыразным. І нават самыя стоікі прызнаюць яго цяжкадаступным. Наша згода з чым-небудзь ня ёсьць нешта нязьменнае. Запраўды, дзе ёсьць такі чалавек, які ня зьіначыў сваіх поглядаў? Зьвярні ўвагу на аб'екты навакол цябе і паўзірайся, як коратка яны існуюць і як бязвартаснымі зьяўляюцца, і як лёгка можна стацца здабыткам распусьніка, блудніцы, ці разбойніка. Прыглядзіся, далей, да нораву тваіх сучасьнікаў: зь цяжкасьцю можна ладзіць нават з самым ужыўчывым зь іх, каб не сказаць, што хто-небудзь зь іх насілу выносіць самога сябе. Я не магу зразумець, што ў гэтым змроку, у гэтым балоце, пры такой цякучасьці і матэрыі, і часу, і руху, і ўсяго рухомага, магло-б яшчэ нешта стацца прадметам павагі, ці — наагул, паважных пошукаў. Наадварот, трэба бадзёра чакаць свайго натуральнага канца, ня злуючыся на яго замаруджаньне і, пацяшаючы сябе двума наступнымі прынцыпамі: Першы: Нічога ня здарыцца са мною, што не адпавядала-б натуры Цэлага. Другі: У маей моцы не рабіць нічога супраць майго Бога і гэнія. Бо ніхто ня можа змусіць мяне да гэтага.

11. Як я выкарыстоўваю цяперака маю душу? Вось пытаньне, якое неабходна сабе ставіць пры кажнай нагодзе, і дасьледваць далей, што адбываецца з тэю часткаю мае істоты, якую называюць кіруючаю. Чыя душа цяпер ува мне? Ці ня дзіцяці? Ці ня юнака? Ці мо' слабое жанчыны, ці тырана, жывёліны, ці дзікага зьвера?

12. Што выяўляе сабою тое, што большасьці людзей здаецца дабром, ты можаш даведацца хоць-бы з наступнага: Калі хто-небудзь мае на ўвазе якое-небудзь сапраўднае дабро, як зразуменьне, разважнасьць, справядлівасьць, стойкасьць, дык, ён ня будзе ўсё яшчэ прыслухвацца ведамаму выслоўю: Пра дабро і г. д. — бо гэта ня будзе ў гармоніі з фактычным дабром. Але, калі хто затрымаецца над тым, што здаецца дабром для большасьці людзей, дык ён ня толькі што выслухае выслоўе камічнага паэты, але, і з ахвотаю згодзіцца зь ім, як з трапным словам. І большасьць людзей уяўляе сабе так гэтую розьніцу; інакш гэтае выказваньне ня было-б гэтакім абразьлівым і няпрыстойным. Бо, калі стасаваць яго да багацьця і да таго, што служыць роскашы і славе, дык мы цалкам згаджаемся зь ім, як з удачным і дасьціпным словам. Зрабі-ж наступны крок і спытай самога сябе, ці трэба шанаваць і лічыць дабром тое, пры думцы аб чым, зусім дарэчы выдасца заўвага: "Таму, набыў хто гэтае дабро ў вялікай колькасьці, ня будзе дзе і памачыцца".

13. Я складаюся з пачатку прычыннага матар'яльнага. Ані першае, ані другое не пяройдзе ў нябыцьцё, як і ня ўзьнікла яно зь нябыцьця. Таму, кажная частка мае істоты, пасьля зьіначаньня, станецца якою-небудзь часткаю сусьвету; апошняя, зьіначыўшыся ў сваю чаргу, станецца іншаю часткаю сусьвету, і гэтак у бесканцовасьць. Бо-ж і я ўзьнік, дзякуючы зьіначаньню, і тыя, што нарадзілі мяне і г. д. таксама ў бесканцовасьць. Усё гэта застаецца правільным і ў тым выпадку, калі сусьвет падпарадкуецца праву разьмераных пэрыядаў.

14. Розум і мастацтва разумнага жыцьця, — гэта адольнасьці, якія задавальняюцца сабою і справамі, згоднымі зь імі. Іх імкненьне накіроўваецца ўласьцівым ім пачаткам, шлях іх проста вядзе да патрэбнае ім мэты. Таму, згодныя зь імі дзеяньні завуцца правільнымі, што кажа аб правільнасьці шляху.

15. Нішто з таго, што належыць чалавеку, паколькі ён чалавек, ня можа быць названа ўласьцівым чалавеку. Усё гэта не складае вымаганьняў чалавека, не прапісваецца натураю чалавека, не зьяўляецца дасканаласьцю чалавечай натуры. Ня ў гэтым і мэта чалавека, а, значыць, завяршэньне мэты — дабро. Бо, калі-б, далей, што-небудзь з гэтага было ўласьціва чалавеку, дык ня ўласьціва было-б яму пагарджаньне і супроцьдзеяньне ў адносінах да гэтага, і ня быў-бы варты пахвалы той, хто імкнецца ня мець патрэбы ў гэтым; калі-б гэта было дабром, ня мог-бы быць добрым чалавек, які адмаўляе сабе ў чым-небудзь падобным. І запраўды, чалавек тым лепшы, чым паўнейшым зьяўляецца ягонае адрачэньне ад гэтага, ці чым лягчэй ён пераносіць нястачу чаго-небудзь такога.