Выбрать главу

27. Жыві з багамі. Той, хто жыве з багамі, хто заўсёды выяўляе ім сваю душу, якая задаволена сваею доляю, дзейнічае ў сузгоднасьці з жаданьнямі гэнія, якога Зэўс даў кажнаму чалавеку, як старожу і кіраўніка, які зьяўляецца часткаю яго самога. І гэта ёсьць кажнага чалавека і зразуменьне і розум.

28. Ці будзеш ты злавацца на чалавека, ад якога пахне потам, ці ў якога няпрыемна пахне з рота? Што яму рабіць? Гэтакі ўжо ў яго рот і гэтакія падпахі, што, наўсуперак яго волі, дыша ад яго такім запахам. Але-ж чалавеча, — засупярэчыць мне нехта, — ён-жа мае розум і можа, пры пэўнай увазе, зразумець у чым ягоны недахоп. — Так. Але ў такім выпадку і ты маеш розум. Няхай-жа разумная ўпэўненасьць у табе прывядзе ў дзейнасьць разумную ўпэўненасьць у другім. Даводзь, напамінай. Калі ён пачуе цябе, дык паправіцца, і ня будзе ўжо патрэбнасьці гневацца. Ані трагічны актар, ані блудніца…

29. Гэтак, як ты маеш замер, адыходзячы адсюль… гэтулькі ты маеш сілы жыць тут. Але, калі людзі не ствараюць гэтае магчымасьці, дык разьвітайся з жыцьцём, але як чалавек, які ня бачыць у гэтым ніякага зла. Хата поўная дыму і я выходжу зь яе. Ці-ж уважаеш ты гэта за асаблівую адвагу? Але пакуль нічога ня выганяе мяне, дык я застаюся вольным, і ніхто не перашкаджае мне рабіць тое, што я жадаю рабіць. І я выбраў рабіць тое, што астаецца ў сузгоднасьці з натураю разумнае грамадзкае істоты.

30. Розум Цэлага патрабуе супольнасьці. Таму, меней дасканалыя істоты ён стварыў дзеля болей дасканалых, а болей дасканалых прыстасаваў адзін да аднаго. Ты бачыш, якое ён усюды ўстанавіў падпарадкаваньне і сузалежнасьць, кажнаму даў у залежнасьці ад ягонае вартасьці і прывёў найболей дасканалыя істоты да аднадумнасьці.

31. Якую ты паставу займаў да сёньняшняга дня адносна багоў, бацькоў, братоў, дзяцей, настаўнікаў, узгадаваўцаў, сяброў, сваякоў, хатніх? Ці можаш ты сказаць сам сабе: Да гэтага часу нікога не пакраўдзіў ні словам, ні чынам?

Успомні, колькі такту ты праявіў і колькі меў мужнасьці сьцярпець, і што гісторыя твайго жыцьця дасягае ўжо да канца, і служэньне тваё канчаецца. Успомні, колькі бачыў ты прыгожага, і колькі рэчаў, якія прынята называць ганаровымі, ты адкінуў з пагардаю; і колькі разоў паказаў сябе справядлівым адносна несправядлівых.

32. Як могуць людзі без адукацыі і невукі парушаць супакой чалавека адукаванага і ведаючага? Каго трэба назваць адукаваным і ведаючым? Таго, хто ведае пачатак і канец, і розум, які пранікае ўсё існуючае, і які праз усенькія часы кіруе ўсімі пэрыядамі сусьвету.

33. Яшчэ крыху — і ты косьці або парахня; застанецца адно імя або і яго ня будзе. Імя-ж — гэта парожны гук і бяздушнае рэха. І рэчы, якія шмат цэняцца ў жыцьці, пустымі стануцца, гнілымі і падобнымі да шчанят, што кусаюць адзін аднаго; і да капрызных дзяцей, якія раз сьмяюцца, а іншым разам плачуць. Але вернасьць і пачуцьцё годнасьці, і справядлівасьць, і праўда адыйшлі з прасторнай зямлі на Олімпос.

Што, тады, ёсьць тым, што трымае цябе тут? Калі аб'екты, успрыйманыя пачуцьцямі, зьяўляюцца лёгказьменнымі і ніколі не знаходзяцца ў стане супачынку, і органы ўспрыйманьня зьяўляюцца нячулымі, і атрымліваюць зьіначаны вобраз; і сама бедная душа выдыхаецца з крыві. Згэтуль, мець добрую славу ў васяродзьдзі гэтакага сьвету, ёсьць парожнаю рэчаю. Чаму, тады, не пачакаць табе ў супакоі на свой канец, — будзе ім працяг, ці перасяленьне ў іншы стан? І пакуль гэты час надыйдзе, што-ж будзе дастатковасьцю? — Паважаць і славіць багоў, чыніць усякую добрую рэч для людзей, праяўляць талеранцыю і паўстрыманьне; што да рэчаў, якія знаходзяцца па-за межамі беднага цела і дыханьня, дык трэба памятаць, што гэта не зьяўляецца тваім, ані знаходзяцца ў тваей моцы.

34. Калі ты можаш выбраць правільны шлях і належным чынам складаць сваё перакананьне і дзейнічаць, дык можаш быць і шчасьлівым. Дзьве гэтыя рэчы зьяўляюцца агульнымі як для душы Бога, гэтак і для душы чалавека, і для душы кажнае разумнае істоты. І нічога ня можа стацца для яе перашкодаю; атрымаць сваё дабро заключаецца ў схільнасьці да справядлівасьці і выконваньні яе, і гэтым абмежаваць сваё імкненьне.

35. Калі гэта не зьяўляецца заганаю ўва мне, ані дзеяньнем заганы і адначасна не спрычыняе шкоды Цэламу, дык ці варта мне з гэтае прычыны непакоіцца? Але што магло-б спрычыніць шкоду Цэламу?

36. Не аддавайся цалкам палёту свае ўявы, але дапамагай іншым, па меры твае магчымасьці і наколькі гэта адпаведным ёсьць для іх; і калі ў іх адчуваецца недахоп у рэчах меншае важнасьці, не ўважай гэта за вялікую шкоду: бо гэта можа ўвайсьці ў звычай. Але, як той стары чалавек, адыходзячы, просіць свайго гадунца, аддаць яму круцёлку, ведаючы, што гэта толькі цацка, — гэтак і ты ў дадзеным выпадку, калі ты прамаўляеш з трыбуны! Ці ведаеш ты, чалавеча, пра што ты гаворыш? — Так; пра рэчы, да якіх усе людзі імкнуцца. — Няўжо-ж, на гэтай падставе, і ты хочаш стацца глупцом?