37. Усюды, дзе я жыву, я магу быць шчасьлівым. Шчасьлівы той, хто падрыхтаваў сабе добрую долю. Добрая доля — гэта добрыя схільнасьці душы, добрыя імкненьні, добрыя справы.
Кніга шостая
1. Існасьць Цэлага падатлівая і паслухмяная. Розум-жа, які кіруе ёю, не хавае ў сабе ніякае прычыны, якая магла-б падахвоціць яго рабіць зло. Бо-ж у ім няма зла, ён нічога дрэннага ня робіць, і нішто не дазнае ад яго шкоды. Але ўсё ўзьнікае і адбываецца, дзякуючы яму.
2. Няхай для цябе будзе абыякава, ці ты церпіш, выконваючы свой абавязак, ад холаду ці сьпякоты; ці хіліць цябе да сну, ці ты ўжо выспаўся; дрэнна аб табе выражаюцца, ці добра; зьбіраешся ты паміраць, ці рабіць што-небудзь іншае. Бо сьмерць ёсьць адна з нашых жыцьцёвых задачаў, і для яе вырашэньня дастаткова сумленнага выкананьня бягучых справаў.
3. Не здавальняйся павярхоўным паглядам. Ад цябе не павінна ўцячы ні сваеасаблівасьць кажнае рэчы, ані яе каштоўнасьць.
4. Усе прадметы падлягаюць хуткаму зьіначаньню: ім трэба будзе або выпарыцца, калі сутнасьць усяго адзіная, або разьвеяцца.
5. Кіруючы розум ведае самога сябе, і зь якім матэрыялам мае дачыненьне.
6. Лепшы спосаб абараніцца ад крыўды — гэта не ўпадабняцца крыўдзіцелю.
7. У адным шукай радасьць і супакой: у тым, пайменна, каб ад аднае агульналюдзкае справы пераходзіць да другое, памятаючы пра Бога.
8. Кіруючы пачатак сам сябе прымушае і накіроўвае. Ён робіць сябе такім, якім жадае, і ад яго залежыць, рабіць так, каб усё здавалася яму такім, якім ён сам жадае.
9. У сузгоднасьці з натураю сусьвету кажная паасобная рэч знаходзіць сваё месца; напэўна не стаецца гэта ў сузгоднасьці зь іншаю натураю, што прыводзіць да завяршэньня, ці будзе гэта натура, якая агортвае яе звонку, або натура, якая тоіцца ў васяродзьдзі гэтае натуры, або адасобленая.
10. Сусьвет не зьяўляецца ані зьмяшаньнем, сьпляценьнем ці разьвейваньнем; або ёсьць ён зьяднаньне, парадак і прадбачаньне. Калі першае гэтым зьяўляецца, дык чаму я маю аставацца ў васяродзьдзі гэтакага прыпадкавага сьпляценьня і гэтакае зьбянтэжанасьці і адсутнасьці парадку? І чаму я маю клапаціцца адносна якое-небудзь рэчы, а не пра тое, што я, у вапошнім падсумаваньні, стануся зямлёю? І чаму я маю турбавацца пра тое, што мае складовыя элямэнты будуць расьцярушаныя, незалежна ад таго, што я раблю. Але, калі другое дапушчэньне ёсьць трапным, дык я напаўняюся пачуцьцём глыбокае пашаны, мужнасьці і давера да таго, хто кіруе.
11. Калі абставіны змусяць вывесьці цябе з духовае раўнавагі, дык пастарайся хутка засяродзіцца ў самым сабе і не адходзіць звыш неабхаднасьці ад празьмерных рухаў свае душы. Бо, чым часьцей будзеш ты вяртацца да гармоніі, тым болей і болей будзеш замацоўвацца ў ёй.
12. Калі-б у цябе былі адначасова і мачыха, і родная маці, дык, ведама, ты-ж адносіўся-б да першае з пашанаю, але цябе, аднак, заўсёды цягнула-б да маці. Гэтакімі для цябе зьяўляюцца двор і філязофія. Дык заўсёды вяртайся да філязофіі і шукай у ёй супакою; дзякуючы ёй, і жыцьцё пры двары ня будзе для цябе цяжкім, і сам ты ня будзеш цяжарам для іншых.
13. Адносна мясных страваў і наагул падобнае ежы можна прыйсьці да гэтакага пагляду: вось труп рыбы, гэта — труп птушкі ці парасяці. Гэтакім-жа спосабам, фалернскае віно — выціснуты сок вінаграду, пурпур — воўна аўцы, ахварбованая крывёю воднае куклінкі, зьліцьцё — церце ведамых ворганаў і выкіданьня семя, зьвязанае з асаблівымі спазмамі. Гэтакія ўяўленьні, даходзячы да самых рэчаў і пранікаючы іх, ствараюць магчымасьць бачыць, якія яны ў запраўднасьці. Гэтак трэба рабіць усё жыцьцё. Калі якія-небудзь рэчы выдаюцца нам бязумоўна заслугоўваючымі нашае ўвагі, трэба раскрыць іх, пранікнуць усю іх безвартаснасьць і сарваць зь іх арэол, які прыдаецца ім казкамі. Бо нішто ня здольнае гэтак уводзіць у блуд, як ганарыстасьць, і ашуквае яно цябе болей за ўсё тады, калі табе здаецца, што ты заняты самаю важнаю справаю. Паўзірайся, што кажа Кратэс пра самога Ксэнократэса.
14. Большасьць людзей захопліваецца звычайна самымі штодзеннымі рэчамі, якія адносяцца да сьціслае або расьліннае натуры, як напрыклад: каменямі, дошкамі, хвігавымі дрэвамі, вінаграднымі лозамі, аліўкамі. Крыху болей разьвітыя людзі займаюцца істотамі жывымі, як статкамі дробнае або буйнае жывёлы. Людзі, якія стаяць на наступнай ступені разьвіцьця — тым, чым належыцца разумнай душы, аднак ня маючы сусьветнага характару, яны хоць і валодаюць спэцыяльнымі ведамі, ці якім-небудзь іншым талентам, або нават і не адказваюць гэтым прадумовам — гэтыя валодаюць вялікім лікам нявольнікаў. Той-жа, хто бачыць вартасьць у разумнай душы, душы ўнівэрсальнай для палітычнага жыцьця, нічога іншага не ўважае, як толькі гэта. Ён найболей за ўсё засяроджвае сваю ўвагу на ўмовы і актыўнасьць, што адказвае розуму і грамадзкаму жыцьцю; і ён поўнасьцю супрацуе ў гэтым напрамку з тымі, хто зьяўляецца гэтакае самае думкі, што і ён.