15. Адно імкнецца да існаваньня, іншае імкнецца выйсьці зь яго, а з таго, што ўзьнікла, нейкая частка ўжо шчэзла. Рух і зьмена бесперапынна абнаўляюць сьвет, як нясупынны бег часу стала амалоджвае бязьмежную вечнасьць. Што магло-б стаць для каго-небудзь аб'ектам пашаны ў гэтым струмені бягучых зьяваў, на ні адной зь якіх няма магчымасьці затрымацца? Гэта выглядала-б на тое, каб хто-небудзь аблюбаваў адну з пралятаючых птушак, — а яна ўжо зьнікла з вачэй. Гэтакае-ж і жыцьцё кажнага з нас — выпарваньне крыві і ўдыханьне паветра. Бо няма розьніцы паміж аднаразовым набіраньнем і вяртаньнем паветра (што мы практыкуем кажнае імгненьне) і вяртаньнем самое здольнасьці дыханьня, атрыманае табою ўчора, ці пазаўчора, пры нараджэньні, туды, адкуль ты яе пачаткова атрымаў.
16. Каштоўным зьяўляецца не выдыханьне паветра, якое назіраем і ў сьвеце расьлінаў, і ня ўдыханьне яго, якім валодае і жывёла, зьвяры, ня здольнасьць атрымліваць звонку ўяўленьні і вызначацца імкненьнем, ня жыцьцё стада і не харчаваньне; усё гэта нічым ня лепшае за зваротнае выдзяляньне рэшткаў харчоў. Не. Значыцца, і ня выяў згоды пры дапамозе мовы; бо да гэтага якраз і зводзіцца тое добрае імя, якое можа даць натоўп. Прымем, што ты выркся таго, што агульна прынята называць славаю. Што, тады, застаецца каштоўным? Мне здаецца, астацца самому дзейным у гармоніі са свомаю для цябе натураю, якая зьяўляецца апошняю мэтаю ўсіх заняткаў і ўсіх мастацтваў. Бо кажнае мастацтва імкнецца да таго, каб яго творы адказвалі той справе, для якое яны былі пакліканы да жыцьця: да гэтага імкнецца і вінаградар, які клапоціцца пра вінаградную лазу, і ўтаймоўшчык коней, і той, хто трэніруе сабак. А да чаго імкнуцца ўзгадаваньне і навучаньне? Гэтае вось і зьяўляецца каштоўным. І калі ў гэтым дачыненьні ўсё ідзе добра, дык табе ўжо не спатрэбіцца болей нічога іншага. Але ты ня можаш адмовіцца і ад шматлікіх іншых вартасьцяў. У такім выпадку ты ня будзеш валодаць ні свабодаю, ні самазадавальненьнем, ні ціхамірнасьцю. Для цябе зайздрасьць ўжо станецца неабходнасьцю, і падазраваць тых, хто здольны адабраць ад цябе вартасныя для цябе рэчы, і дрэнныя ўкладаць замеры супроць тых, хто іх мае. Наагул, той, хто адчувае недахоп у чым-небудзь з гэтага, у сілу неабходнасьці мусіць прыйсьці ў зьбянтэжанасьць і пачаць ганьбіць багоў. Калі-ж ты будзеш асьцярожна абыходзіцца са сваею душою і цаніць яе, дык ты дазнацімеш здаволеньне ў сваей душы, будзеш жыць у сузгоднасьці зь людзьмі і ў гармоніі з багамі, гэта значыць, хваліць усё тое, што яны пашлюць і прызначаць табе.
17. Элямэнты нясуцца ўверх, уніз і ў кругаварот. Рух-жа мужнасьці ня ідзе ні за адным з гэтых кірункаў, але ёсьць нешта ў ім болей боскае: ён крочыць наперад верным, хоць і ня лёгкім для абазначэньня, але шчасьлівым шляхам.
18. Як дзіўна людзі праяўляюць самых сябе! Сваіх сучасьнікаў, што жывуць разам зь імі, яны праслаўляць ня хочуць. А самі, сярод іншага, надзвычый высака ўздымаюць славу сваіх папярэднікаў, якіх яны ніколі ня бачылі і ня ўбачаць. Дзіўна, гэта-ж амаль тое самае, што крыўдаваць на іх за тое, што яны не сьпявалі табе хвалы.
19. Калі што-небудзь выдасца табе цяжкім, каб выканаць, дык ня трэба думаць, што наагул яно нявыканальным ёсьць для чалавека. Але, калі што-небудзь магчымым ёсьць для чалавека і свомым для яго, дык уважай, што яно асягальным ёсьць і для цябе.
20. Прымем, што ў часе гімнастычных практыкаваньняў хто-небудзь абдзёр цябе кіпцем, ці ўдарам галавы выклікаў сіняк. Мы не прыдаем значэньня гэтаму, ня гневаемся і ў далейшым ня будзем глядзець на яго, як на злачынца, хоць і будзем яго высьцерагацца, але не як ворага, ці чалавека падазронага; мы, па-просту, будзем даваць яму дарогу. — Няхай будзе гэтак і ў іншых выпадках жыцьця: шмат чаго не павінны мы залічваць на рахунак тых, хто быццам практыкуецца разам з намі на жыцьцёвай арэне. Бо можна, як я і сказаў ужо, ухіліцца ад спатканьняў, не падазраваючы і не ненавідзячы.
21. Калі хто-небудзь можа з відавочнасьцю пераканаць мяне, што я няправільна думаю ці дзейнічаю, дык я з радасьцю зьмянюся. Таму, што шукаю праўду, ад якое яшчэ ніхто і ніколі не дазнаў шкоды. Дазнае, аднак, шкоду той, хто ўпіраецца ў сваей памылковасьці і невуцтве.