Выбрать главу

Наступныя гады гэтага далікатнага і міралюбнага валадара мінаюць у атмасфэры крывавых войнаў на далёкіх ускраінах імпэрыі, закалотаў дома і абавязкаў сямейнага жыцьця. Ужо ў першых гадох ягонага валадараньня наведваюць Італію паводкі і пажары, землятрусы ў Азыі. Ягоны папярэднік са сваім войскам, як і легіёны пад камандаю М.Аўрэліюса, вяртаючыся з ваенных выправаў, прыносяць з сабою зерне заразы, якая распашыраецца ў імпэрыі. Частыя атакі на паўночных узьмежжах гэрманскіх плямёнаў калісьці жыўшыя свабодна, а цяперака злучаныя ў большыя групы, кіруюцца на поўдзень, пераходзячы на некаторых мясцох на правае ўзьбярэжжа Дунаю; брытанцы, гэтаксама як і іншыя плямёны, знаходзяцца ў руху шуканьня свабодаў для сябе і лепшых магчымасьцяў асяленьня. Апрача гэтых, сармацкія плямёны як і славянскія, пачалі націскаць са свае стараны, і разам з готамі з усходу, гэтаксама пераходзяць Дунай і, супроцьставячыся слабым апорным пунктам легіёнаў, пранікаюць на паўночныя землі Італіі і твораць аблогу Аквілеі — рымскае морскае базы на паўночным узьбярэжжы Адрыятыцкага мора. Войны супроць гэтых загоньнікаў (тады — «барбараў»), асабліва супроць Маркоманаў і Квадаў стаюцца зацяжнымі. Марк Аўрэліюс пакідае Рым і асабіста пераймае камандаваньне над сваімі загартаванымі ў бітвах легіёнамі. З гэтага часу жыцьцё ягонае мінае пераважна сярод уласнага войска і бітваў на малазаселеных узьбярэжжах Дунаю. Праўда, дзякуючы веданьню ваеннага майстэрства, дакладнаму стратэгічнаму плянаваньню і здольнасьці дасьведчанага войска, М.Аўрэліюс выкідае наезьнікаў за Дунай, асягваючы гэтым перамогу, але перамога гэтая ня была поўнаю, калі ідзе пра будучыню імпэрыі.

У 175 г., калі Марк Аўрэліюс быў заняты ў змаганьні з барбарамі, надыйшла вестка, што Авідыюс Кассіюс, камандзір ваенных сілаў у Азыі, збунтаваўся супроць яго і агаласіўся імпэратарам. Ня губячы часу, М.Аўрэліюс сьпяшаецца на ўсход. Прыбыўшы на месца, ён знаходзіць, што Кассіюс ужо замардаваны адным зь ягоных уласных афіцэраў. Але велікадушны Маркус загадаў, каб усе паперы здрадніка былі спаленымі нават бяз чытаньня іх. Ён гэтаксама ўзьдзеяў на Сэнат, каб сям'я здрадніка і ўдзельнікі бунту ня былі пакаранымі, чым праявіў сябе праўдзівым духовым арыстакратам.

Пасьля павароту з усходу, ён далей працягваў змаганьне супроць барбараў уздоўж Дунаю, дзе вычарпаны фізычна сярод жорсткіх абставінаў ваеннага жыцця, памер 17.03.180 г. на пяцьдзесят дзявятым годзе свайго жыцьця і на дзевятнаццатым годзе панаваньня, і пахованы недалёка ад места Віндобона, ведамага сягоньня, як Вена.

У часе ягоных ваенных выправаў, Фаўстына, якая таварышыла свайму мужу ў падарожжах, памерла яшчэ раней. Яна радзіла яму пяць сыноў (акрамя дачок), і ўсе яны перадчасна памерлі, апрача аднаго, невялікае здольнасьці Коммодуса.

На працягу свайго жыцьця Марк Аўрэліюс двойчы прадпрыняў пастановы, неабавязкава трапныя для агульнае справы. У першым выпадку, наўсуперак волі Сэнату, ён узьняў да годнасьці імпэратара, як суімпэратара, свайго брата, Люцыюса Вэруса, гэтаксама як і ён адаптаванага, безвартаснага, распуснага і няздольнага гэнэрала, які мог-бы спрычыніць шмат болей шкоды для імпэрыі, калі-б ня тое, што ён памер у 169 г. Кіруючыся матывамі добрага бацькі і, адсоўваючы набок прынцып выбару імпэратара на падставе здольнасьці і характару, прынцып, які даў Рыму найбольшых кіраўнікоў, Марк Аўрэліюс прыняў яшчэ адно вырашэньне, болей важнага характару — ён вызначыў на трон свайго ўласнага сына, мэнтальна хворага, Люцыюса Эліюса Аўрэліюса Коммодуса, каторы стаўся імпэратарам, будучы дзевятнаццаці летнім хворым хлапцом, зь якім закончыўся найбольшы пэрыяд у гісторыі Рымскае Імпэрыі Pax Romana.

* * *

Марк Аўрэліюс, як казалася ўжо вышэй, пакінуў па сабе духовую спадчыну для людзкасьці ў хворме аднаго тому «Роздумаў», якія складаюцца зь дзьвенаццаці кнігаў. Будучы стоікам, Марк Аўрэліюс, найболей праўдападобна, ня пісаў Роздумаў для іншых. Гэта проста прадукт разважаньняў чалавека на філязафічныя тэмы, і якія, як усё паказвае, запісваліся для свайго ўласнага ўжытку — чытаньня і перачытваньня ў часе нясеньня службы на далёкай і мала заселянай поўначы ягонае імпэрыі.

Ці толькі адны Роздумы напісаў М.Аўрэліюс? Пытаньне гэтае астаецца, як да гэтага часу, адчыненым. На пачатку сваіх Роздумаў ён сам кажа, што ў раньніх сваіх гадох пісаў ён дыялёгі (1, 6).

Роздумы М.Аўрэліюса, якія ён пісаў на грэцкай мове, маюць за сабою доўгую дарогу і карэньне, што сягае часу Талеса зь Мілетосу, што жыў у VІ ст. п.н.з., часу найболей раньняе пары грэцкае філязофіі. Пасьля па-праз Іёнскую школу з Пармэнідэсам і Зэнонам (абодва з Элеі) зь іхнаю перадсакратычнаю думкаю, пасьля выступу Сакратаса — бацькі філязофіі са сваім выдатным вучнем — Плятонам, філёзафам і стваральнікам свае эпохі філязафічнага пагляду, ведамага, як плятонізм. За імі выступае слаўны Арыстотэлес, вучань Плятона, каторы першы ў сваіх працах тасаваў навуковы мэтад. Усе яны, з пляядаю іншых першарадных імёнаў, хвармуюць па-праз стагодзьдзі думку, якою цяперака займаецца ў сваіх разважаньнях М.Аўрэліюс, і якая ня зыходзіць з дыскусыяў пасьля яго ў наступным стагодзьдзі, у часе сярэднявечча, і даходзіць у сваей усё яшчэ важнасьці аж да нашых часоў.