1. Што гэта такое дрэннасьць? Тое самае, што ты ўжо нярэдка бачыў. І што-б ні здарылася, заўсёды май на ўвазе, што гэта нешта такое, што ты часта бачыш. Наагул, куды-б ты не павярнуўся, усюды ўбачыш адно і тое самае, чым напоўнена старажытная гісторыя, сярэдніх вякоў і новая, з паўтарэньнем тых самых рэчаў у нашых местах і нашых дамох. Тут няма нічога новага; усе рэчы ведамыя і хутка мінаюць.
2. Як могуць быць зьведзены ў нішто нашыя галоўныя прынцыпы, калі ўражаньні (думкі), якія, адказваюць ім, ня будуць зьнішчаны? Але ад цябе залежыць заўсёды ці ізноў паклікаць да жыцьця гэтыя ўражаньні. Я магу мець сваю думку адносна кажнае рэчы, якую толькі маю на ўвазе. Калі я магу, дык чаму-ж я маю турбавацца? Рэчы, якія знаходзяцца вонкі майго разважаньня, не патрабуюць мець ніякіх суадносінаў да майго думаньня. Зразумей гэта — і ты будзеш на правільным шляху. У тваей моцы вярнуць самога сябе да жыцьця, і паўзірацца ізноў на рэчы так, як ты глядзеў на іх раней, бо гэта прынясе табе новае жыцьцё.
3. Нічога нявартыя клопаты пра вонкавую бліскучасьць, сцэнічныя паказы, здабыцьце гуртоў дробнае ці буйнае жывёлы, змаганьні глядыятараў, барацьба шчанятаў за кінутую ім костку, і рыбаў за корм у сажалцы, карпатлівая праца мурашак, беганіна спалоханых мышэй, рухі лялек пры пацягваньні за шнурок — усё гэта зьявы ведамага парадку. Сярод усяго гэтага неабходна захоўваць дабразычлівасьць без ганарыстасьці, але мець на ўвазе, што вартасьць кажнага чалавека вызначаецца вартасьцю прадметаў ягоных натугаў.
4. У кажнай гутарцы неабходна зьвяртаць увагу на тое, што кажацца, і пры кажным чыне на тое, што здараецца. У першым выпадку, трэба сачыць за беспасярэднім аб'ектам гутаркі, у другім — перш за ўсё трэба ўважна глядзець на мэту і яе значэньне.
5. Ці хопіць майго зразуменьня для дадзенае справы? Калі хопіць, дык я скарыстаю яго для справы, як сродак, дадзены мне натураю Цэлага. Калі-ж ня хопіць, дык аддам гэтую справу таму, хто зможа яе ляпей выканаць, калі толькі яна не зьяўляецца маім абавязкам, або зраблю, што змагу, паклікаўшы на дапамогу таго, хто, скарыстаўшы і мой розум, зьдзейсьніць тое, што патрабуе ў дадзены момант агульнае дабро. Бо, раблю я што-небудзь сваімі сіламі, ці з дапамогаю іншага, імкнуцца неабходна толькі да таго, што патрабуецца агульным дабром і адпавядае яму.
6. Колькі людзей, калісьці праслаўленых, цяпер аддадзена забыцьцю. А колькі з тых, што, праслаўлялі іх, ужо даўно ў магіле?
7. Не саромейся зьвяртацца па дапамогу да іншых. Трэба выканаць сваю задачу, як таму войніку пры штурме сьценаў. Прымем, што ты кульгавы і і ня зможаш адзін узьлесьці на сьцяну; але з дапамогаю іншых, магчыма, удасца табе?
8. Няхай прышласьць не палохае цябе. Аанак ты дасягнеш яе, калі гэта будзе патрэбна, маючы той-жа розум, якім ты карыстаешся цяперака.
9. Усе рэчы зьяўляюцца суспольненымі між сабою; усюды боская зьвязанасьць, і насілу ці знойдзецца што-небудзь адчужанае ўсяму іншаму. Бо ўсё аб'еднана агульным парадкам і служыць упрыгожаньню аднаго і таго самага сусьвету. Бо з усіх рэчаў складаецца адзін сусьвет, і ўсё агортвае сабою адзін Бог, адзіная сутнасьць усяго, адно права, адзін і розум ува ўсіх жывых істотах, адна існасьць, калі толькі адзінаю зьяўляецца дасканаласьць для ўсіх істотаў аднаго і таго самага роду і прыналежных да аднаго і таго самага розуму.
10. Усё матэрыяльнае хутка зьнікае ў сусьветнай сутнасьці, кажны прычынны пачатак хутка праглынаецца сусьветным розумам. І памяць пра ўсё ня меней хутка знаходзіць сваю магілу ў вечнасьці.
11. Для разумнай істоты адно і тое самае дзеяньне будзе адпавядаць і натуры, і розуму.
12. Стой проста, або будзь пастаўленым проста іншымі.
13. Гэтак, як рэч маецца паміж часткамі аб'еднанага цела, гэтаксама рэч маецца паміж разьяднанымі прасторам разумнымі істотамі, створанымі для ўдзелу ў адзінай супрацы. Гэтая думка глыбей западзе ў цябе, калі ты будзеш часта казаць сабе: я зьяўляюся часткаю Цэлага, якое складаецца з разумных істотаў. — Калі ты назавеш сябе часткаю, дык ня будзеш яшчэ любіць людзей з усяго сэрца, і дзейнасьць для дабра іншых ня прынясе табе яшчэ канчатковага задавальненьня. У гэтай дзейнасьці ты будзеш бачыць толькі свой абавязак, але не сваё ўласнае дабро.
14. Няхай падае звонку ўсё, што хоча на часткі, якія могуць адчуваць пасьлядоўнасьць гэтага паданьня. Бо часткі, якія адчулі, будуць наракаць, калі яны захочуць. Але я, калі ня буду думаць, што тое, што здарылася, зьяўляецца злом, не дазнаціму ніякага гора. Ня думаць гэтак — зьяўляецца ў маей моцы.
15. Штоколечы нехта можа зрабіць або сказаць, маім абавязкам ёсьць застацца добрым, падобна, як золата, смарагд ці пурпур кажа: Штоколечы нехта іншы кажа ці чыніць, я павінен застацца смарагдам і захаваць свой колер.