Вусьце сьмерці ад рэчышча адвесьці.
. . . . . . . . . . . . . .
Калі вецер багоў наляціць, мусім мы
Цяжар працы нясьці без папроку.
52. Ёсьць людзі лепшыя за цябе ў майстэрстве барацьбы. Але няхай ніхто ня стане лепшым за цябе ў адданасьці агульнаму дабру, у сьціпласьці, у пакорлівасьці таму, што адбываецца, у зразуменьні да памылак блізкіх табе людзей.
53. Дзе ёсьць магчымасьць дзейнічаць у адпаведнасьці з розумам, які зьяўляецца агульным для багоў і людзей, там няма чаго баяцца. Бо дзе можа быць асягнута карысьць шляхам правільна накіраванае і ў гармоніі з нашаю натураю дзейнасьці, там ня трэба баяцца якое-небудзь шкоды.
54. Усюды і заўсёды ў тваей моцы здавальняцца з пашанаю сваім сучасным станам, і адносіцца справядліва да людзей, што акружаюць цябе, і праяўляюць сваю здольнасьць у напрамку кантролі свае думкі, каб нічога неадпаведнага не пранікла ў яе.
55. Не азірайся на тое, чым людзі кіруюцца, але глядзі адважна туды, куды вядзе цябе натура — натура Цэлага тым, што здараецца з табою, і твая ўласная натура тым, што трэба табе рабіць. Кажнай істоце трэба рабіць тое, што вымагае ягоны стан. Але ўсе іншыя істоты, з прычыны свайго ўладжаньня, прызначаны для рацыянальных істотаў, гэтак, як і ўсюды — меней дасканалае для болей дасканалага; разумныя-ж істоты адзін для аднаго.
Затым, першае месца ў уладжаньні чалавека займае ягоная сьведамасьць грамадзкасьці. І другое — непадатлівасьць у адносінах да стану, у якім знаходзіцца цела; бо-ж руху разумнаму і духоваму свома адмяжоўвацца і ніколі не здавацца перад рухам пачуцьцяў і імкненьняў, — апошнія бо зьяўляюцца рухамі жывёльнымі, а духовае жадае пяршынства і ня быць пераможаным імі, што і справядліва, таму, што яно паводля натуры павінна карыстацца імі. Як на трэйцяе, у ладзе істоты, неабходна паказаць на адгароджваньне сябе ад непрадуманасьці і ашуканства. Заручыўшыся ўсім гэтым, кіруючы пачатак павінен ісьці сваім простым шляхам, валодаючы тым, што належыць да яго складу.
56. Уяві сабе, што ты ўжо памёр, што жыў толькі да гэтае хвіліны; і час жыцьця, які яшчэ астаецца табе, праводзь у згодзе з натураю.
57. Любі толькі тое, што здараецца з табою як і тое, што выткана зь нітак твайго прадвызначэньня. Бо, што болей адказвала-б тваім патрэбам?
58. Штоколечы-б з табою здарылася, май прад вачыма тых, зь якімі здарылася тое самае і, якія з гэтае прычыны гневаліся, дзівіліся, наракалі. Дзе яны цяперака? Нідзе. Добра, ці хочаш і ты ўпадобіцца ім? І чаму-б табе не пакінуць усе гэтыя хваляваньні, якія зьяўляюцца чужымі для твае натуры, тым, хто выклікаў іх, і церпіць з прычыны іх? Чаму ты не праяўляеш замеру выкарыстаць для сябе ўсе гэтыя здарэньні? Выкарыстаць-жа ты можаш выдатна, ня маючы недахопу ў матар'яле. Будзь толькі ўважным да самога сябе і праяві ахвочасьць быць выдатным ува ўсім, што ты робіш. І памятай, што тое, на чым чын абасноўваецца, астаецца абыякасным.
59. Узірайся ў самога сябе. У табе — крыніца дабра, якая ніколі ня вычарпаецца, калі ты заўсёды будзеш капаць.
60. І цела павінна мець самавітасьць, і не праяўляць нерэгулярнасьцяў у рухах, ані паставе. Бо-ж душа выяўляецца ў абліччы, прыдаючы яму разумнасьць і належны выгляд; падобнае можна вымагаць і ад цела. Але прытрымлівацца ўсяго гэтага трэба бяз вычварнасьці.
61. Мастацтва жыцьця болей нагадвае сабою мастацтва змаганьня барцоў, чымся танцу. І з увагі на гэта, павінна быць у сталай гатоўнасьці і стойкасьці, каб спаткаць і адбіць нечаканае і непрадбачанае.
62. Заўсёды думай пра людзей, што гэта за людзі, узнаньне якіх ты хочаш займець, і якімі матывамі яны кіруюцца. І ты ня будзеш ані вінаваціць іх за іхныя нясьведамыя памылкі, ані мець патрэбнасьці ў іхным узнаньні, і асабліва тады, калі ты зазірнеш у крыніцу іхных паглядаў і іхных імкненьняў.
63. Ніякая душа, — кажа філёзаф, — не пазбаўляе сябе дабраахвотна праўды або справядлівасьці, гэтаксама і разважлівасьці, і дабразычлівасьці, і кажнае іншае падобнае рэчы. Найболей неабходна заўсёды думаць пра гэта, бо тады ты будзеш болей лагодна адносіцца да іх.
64. У часе кажнага болю ўспомні зараз-жа аб тым, што зносіць боль не зьяўляецца сорамнаю рэчаю; што ён ня чыніць кіруючае душы горшаю, бо ён ня дзейнічае згубна на тваю кіруючую інтэлігэнцыю; ён ня спрычыняе шкоды ані ў галіне рацыянальнай, ані грамадзкай. У бальшыні выпадкаў пры адчуваньні болю ты можаш паклікаць на дапамогу словы Эпікуроса, што боль зьяўляецца ані нязносным, ані заўсёды-трываючым, калі толькі ты будзеш памятаць, што і ён мае свае межы і, калі ты нічога не дадасі са свае фантазыі. І гэта яшчэ памятай, што мы не разумеем, што шматлікія рэчы, якія дадаюцца, зьяўляюцца супярэчнымі для нас, гэтакімі самымі, як боль, санлівасьць, сьпякота, і адсутнасьць апэтыту. Калі ты нездаволены з прычыны гэтых рэчаў, дык скажы самому сабе, што я не перамог болю.