Выбрать главу

2. Пры кажным дзеяньні запытай самога сябе: Якое значэньне яно мае для мяне? Ці давядзецца мне шкадаваць? Яшчэ крыху — і я ўжо мёртвы, і ўсё для мяне зьнікне. Калі мая сучасная дзейнасьць варта разумнае істоты і грамадзкае, якая падпарадкуецца праву з Богам, дык што-ж я маю яшчэ жадаць?

3. Аляксандар Вялікі, Гайюс (Юліюс Цэзар) і Пампэюс, чым яны зьяўляюцца ў параўнаньні з Дыёгэнэсам, Гэраклітосам і Сакратасам? Гэтыя апошнія пранікалі зрокам у сутнасьць рэчаў, з боку прычыны і з боку матэрыі, і кіруючы пачатак у іх заўсёды заставаўся верным самому сабе. А колькі клопатаў было ў першых, і ад чаго яны толькі ня былі залежнымі!

4. Людзі будуць рабіць адно і тое самае, колькі-б ты не сапраціўляўся.

5. Перш за ўсё, не засмучай свайго супакою. Бо ўсё адбываецца ў сузгоднасьці з натураю Цэлага; яшчэ трохі часу, і ты будзеш нішто і нідзе, як і Гадрыян, і Аўгустус. Затым, сканцэнтраваўшыся на сваей справе, унікні ў яе і, памятаючы пратое, што табе трэба быць добрым чалавекам, і пра тое, якія вымаганьні людзкае натуры, няўхільна выконвай гэтыя пастуляты і кажы гэтак, як табе здаецца найболей адкаэваючым справядлівасьці; толькі захоўвай дабразычлівасьць і сьціпласьць, і ўхіляйся ад крывадушнасьці.

6. Натура Цэлага занята тым, што тое, што існуе на адным месцы, перамяшчае на іншае, зьіначвае яго, бярэ адсюль і пераносіць туды. Усё паддаецца зьіначаньню, і затым, няма чаго баяцца, каб не здарылася нешта новае. Усе рэчы ведамыя, нават і распадзел іхны астаецца тым самым.

7. Натура кажнае істоты задаволена, калі знаходзіцца на правільным шляху. Натура-ж разумнае істоты на правільным шляху тады, калі не згаджаецца ані з маною, ці зь няпэўнасьцю ў агортваньні рэчаў; калі кіруе імкненьні выключна на агульнае дабро, схільнасьць, і агіду адчувае толькі да таго, што залежыць ад нас самых, і без нараканьня прымае ўсё тое, што пасылае ёй агульная натура. Бо-ж яна і зьяўляецца часткаю агульнае натуры, падобна, як натура ліста зьяўляецца часткаю натуры дрэва. Розьніца толькі ў тым, што натура ліста зьяўляецца часткаю натуры, пазбаўленай пачуцьцяў і розуму і можа сутыкацца з перашкодамі; натура-ж чалавека зьяўляецца часткаю натуры, якая ня ведае перашкодаў, разумнаю ёсьць і справядліваю; бо яна дае кажнай рэчы аднолькавыя часткі ў сузгоднасьці з часам, матэрыяю, прычыннасьцю, дзейнасьцю, здарэньнямі, захоўваючы роўнасьць і ўзгадняючы з годнасьцю. Але ты пераканаешся ў гэтым, параўноўваючы не асобныя свомасьці паміж сабою, а супольнасьць свомасьцяў аднае істоты з супольнасьцю свомасьцяў іншае.

8. Ты ня маеш часу або магчымасьці чытаць; але ты маеш час і магчымасьць уціхамірваць ганарлівасьць, перамагаць насалоду і боль, пагарджаць нікчэмнаю славаю, ня гневацца на людзей беспачуцьцёвых і няўдзячных, і яшчэ болей — нават клапаціцца аб іх.

9. Няхай ніхто ў прышласьці не пачуе ад цябе скаргаў не на прыдворнае жыцьцё, ні на тваё ўласнае.

10. Раскаяньне ёсьць папрок, скіраваны да самога сябе за недагляд чаго-небудзь карыснага. Карыснае-ж, бясспрэчна, зьяўляецца і добрым у якіх-небудзь суадносінах, і прадмет клопату з боку цудоўнага і добрага чалавека. Але гэтакі чалавек ня будзе шкадаваць, што прапусьціў нагоду атрыманьня насалоды. Значыцца, насалода не зьяўляецца ані карыснаю, ані добраю.

11. Адносна кажнае рэчы стаў сабе пытаньні: Чым зьяўляецца дадзены прадмет сам у сабе, у сваей уласнай пабудове? Якою ёсьць ягоная субстанцыя і матэрыя? — Якою зьяўляецца ягоная прычынная натура? І што ён робіць на сьвеце? — Як доўга будзе ён існаваць?

12. Калі ты ўстаеш неахвотна пасьля сну да працы, тады памятай, што служба, у хворме грамадзкае дзейнасьці, знаходзіцца ў сузгоднасьці з фізычнаю пабудоваю твае асобы і зь людзкаю натураю, але само спаньне зьяўляецца свомым для кажнае нямое жывёлы. Цяперака, тое, што адносіцца да тварэньня, паводля натуры, гэтаксама болей набліжаным ёсьць і да яе самое, у большай частцы яе цёла і косьці, так, нават болей прыемнае.