Выбрать главу

28. Боль зьяўляецца або злом для цела — у такім выпадку няхай цела і гаворыць пра гэта; або для душы; але душа здольнаю ёсьць захаваць уласьцівыя ёй зразуменьне і супакой і ня бачыць у болю зла. Бо ўсякае меркаваньне і імкненьне, схільнасьць і неахвочасьць знаходзяцца ўнутры нас, і ніякае зло сюды не пранікае.

29. Гані ад сябе ўсякае лятуценьне і заўсёды кажы сабе: Цяперака ад мяне залежыць, каб у гэтай душы ня было ані брыдоты, ані прагнасьці, ані наагул ніякага перапалоху; але, бачачы ўсё так, як яно ёсьць, я буду карыстацца ўсім у адпаведнасьці з яго каштоўнасьцю. — Памятай пра гэтую здольнасьць, уласьцівую табе, дзякуючы натуры.

30. У сэнаце ці з прыватнаю асобаю заўсёды трэба гаварыць з павагаю, але бяз пыхі. Няхай мова твая будзе праўдзіваю.

31. Аўгустусавы двор, ягоная жонка, дачка, патомкі, нашчадкі, сястра, Агрыппа, сваякі, хатнія, прыяцелі, Арэюс, Мэцэнас, лекары, ахвяравальнікі, увесь двор памер. Перайдзі, тады, да ўсіх іншых, да сьмерці не паасобных людзей, але цэлых радоў, напрыклад Помпееў. На надмагільных помніках, між іншых, можна знайсьці інскрыпцыю: Апошні з гэтака ці іншага роду. Падумай, колькі намаганьняў затрацілі продкі, каб пакінуць сабе спадкаемца. — Ды ўсё-ж, нехта павінен застацца апошнім. А пасьля ўжо памірае і апошні з роду.

32. Жыцьцё трэба складаць з паасобных дзеяньняў і быць задаволеным, калі кажнае зь іх адказвае свайму назначэньню. Але ніхто ня можа перашкодзіць табе ў тым, каб кажнае тваё дзеяньне адпавядала свайму назначэньню. — А што, калі перашкоды зьявяцца звонку? Гэтакіх нямашака для дзейнасьці справядлівае, разумнае і прадуманае. — Але, магчыма, якая-небудзь іншая дзейнасьць наткнецца на перашкоды? — Аднак-жа, дзякуючы супакойнай паставе, занятае да самое перашкоды і разважнаму падыходу да дадзеных абставінаў, на месцы ранейшае зараз-жа выявіцца новая дзейнасьць, карысная для падобнага ўкладу жыцьця, пра якую ідзе гутарка.

33. Прыймай багацьці або памыснасьць жыцьця без фанабэрыстасьці; і будзь гатовым згубіць усё.

34. Ці бачыў ты калі-небудзь адцятую руку або нагу, ці адсечаную галаву, што ляжыць асобна ад тулава? Гэтакім чыніць сябе кажны той, як далёка ён можа, хто нездаволены з таго, што здараецца і адыходзіць набок ад іншых або чыніць нешта супроць свайго асяродзьдзя. Прымем, што ты адасобіў сябе ад натуральнае еднасьці — бо ты нарадзіўся быць часткаю, але цяперака ты сам адсек сябе. Аднак тутака табе дадзена яшчэ тая магчымасьць, што ты можаш ізноў прывесьці сябе да зьяднаньня. Гэтага Бог не дазволіў ніякай іншай частцы: ізноў сысьціся, будучы ўжо адасобленаю і адсечанаю. Ацані дабрыню, якую ён праявіў да чалавека: ён даў яму волю не адрываць самога сябе з самага пачатку ад Цэлага і ўжо адарванаму дазволіў сысьціся, зрасьціся і заняць месца ў частцы.

35. Як усе іншыя здольнасьці разумнае істоты ўкладзены ў яе натураю Цэлага, гэтаксама мы атрымалі ад яе і наступную. Падобна, як яна ўсё, што супрацьставіцца і насупраць ёй дзейнічае, ператварае на сваю карысьць і ўключае ў ланцуг неабходнасьці, чынячы яго сваею часткаю, гэтаксама і разумная істота можа ператвараць у матэрыял для сябе кажную перашкоду і выкарыстаць яе, усяроўна, якія былі яе ранейшыя мэты.

36. Няхай не агортвае цябе сумная думка пра тваё жыцьцё ў сваей суцэльнасьці. Не затрымлівайся над тым, колькі і якога характару цярпеньняў, напэўна, давядзецца табе дазнаць, але пры кажным, што пагражае табе, зьвяртайся да сябе з пытаньнем: Што ёсьць у гэтым, чаго нельга было-б перанесьці і сьцярпець? — Ты дазнаеш пачуцьцё сораму, адказваючы афірматыўна. Затым бо, памятай, што цябе гняце ня прышлае і ня мінулае, але заўсёды толькі сучаснае. Але апошняе яшчэ зьменшыцца, калі ты абмяжуеш яго ў ім самым і ўпікнеш сваю душу, калі ёй выдасца немагчымым нават гэткі цяжар.

37. Ці Пантэя або Пэргамос усё яшчэ сядзяць каля грабніцы Вэруса? Ці Хабрыяс або Дзіёцімос сядзяць каля грабніцы Гадрыяна? Нават само пытаньне ёсьць сьмешным. Але, калі-б яны і сядзелі, дык ці адчувалі-б гэта нябожчыкі? А калі-б і адчувалі, дык ці прынесла-б гэта задавальненьне? А калі-б і прынесла задавальненьне, дык сталіся-б тыя, што сядзяць каля іхных грабніцаў, несьмяротнымі? Ці-ж не наканавана ім спачатку стацца старымі, а пасьля памерці? Але, што сталі-б рабіць нябожчыкі пасьля іхнае сьмерці? Усё гэта — цяжкое паветра, мяхі, напоўненыя парахнёю.

38. Калі ты можаш бачыць востра, тады глядзі і разважай мудра, кажа філёзаф.

39. У пабудове разумнае істоты я не спасьцерагаю мужнасьці, якая супроцьставілася-б справядлівасьці; але спасьцерагаю мужнасьць любові, і гэта ёсьць паўстрыманасьць.