Выбрать главу

Што ёсьць у ёй, што чыніць гэтую думку гэтакаю жывою?

Адказ на нашае пытаньне трэба шукаць у характары самога чалавека. Чалавек ніколі ня супыніцца ў сваім крочаньні да веды, да праўды, да шчасьця… Ён заўсёды будзе ставіць сабе пытаньні. Старажытныя грэкі ў бяспрыкладнай пашане для розуму, стварылі неспатыканую нагоду для разьвіцьця працэсу людзкае думкі. Старажытныя філёзафы нагэтулькі разьвілі філязафічную думку, яны гэтак далёка зайшлі ў сваіх спэкулятыўных разважаньнях, што яны не маглі ня вытварыць у сабе далёказыркасьці і не спасьцерагчы напрамку людзкага духовага заўтра. Праўда мае ў сабе дынаміку, і зьявішча гэтае ёсьць натуральным; і затым, што яно ёсьць натуральным, поступ ня можа быць спыненым. Гэткім ёсьць права натуры; і гэткім ёсьць вытвар натуры — чалавек.

Арыстотэлес зрэасумаваў гэта ў хворме чатырохпытаньня: Хто стварыў сусьвет? З чаго ён створаны? У якой хворме быў ён створаны? Чаму быў ён створаны?

У сваіх разважаньнях філёзафы гэльленістычнага веку пераважна зьвярталі ўвагу на праблемы добрых паводзінаў чапавека. З гэтае пары паняцьце этыкі ня зыходзіць з парадку дня ў нашым сьвеце. Шматлікія зь іх думалі: Як адзінка, я зьяўляюся бязрадным. Што павінен я чыніць, пыталіся яны, каб быць шчасьлівым і пэўным у жыцьці? Філёзафы стараліся знайсьці адказ на гэтыя пытаньні. У іхных адказах, якія знаходзім у іхных кнігах адносна этыкі, яны былі аднадумны: мэтаю жыцьця ёсьць добрае жыцьцё, якое складаецца са шчасьця і мужнасьці. Што да шляхоў, вядучых да займеньня добрага жыцьця, узьнікалі разыходжаньні паміж рознымі філязафічнымі школамі. Спасярод ведамых школаў, найболей уплывовымі былі тры: школа эпікурэйцаў, цынікаў (кінікаў) і стоікаў. Школы гэтыя ў вялікай меры ўчынілі свой уплыў на філязафічную думку сьвету і ўплыў гэты спасьцярожным ёсьць. Кажная з гэтых школаў давала іншы адказ на пытаньні, якія людзі ставілі.

Эпікурос, закладчык эпікурэйскае філязафічнае школы, радзіўся ў Атэнах, які навучаў у сваім уласным садзе. Ён прыходзіў да выснаву, што сьвет пабудованы з атамаў, што чалавек не зьяўляецца нічым іншым, як камплексам атамаў, і, што ягонае жыцьцё кіруецца прыпадкавасьцю або здарэньнем. І хоць ён і ўяўляў сабе, што багі маюць людзкую хворму і былі добраслаўленымі і несьмяротнымі, усё-ж ён ня быў тае думкі, што яны маюць нейкае дачыненьне да людзей. З гэтае прычыны, просьбы, ахвяраваньні, чараваньні, як і магія ня маюць ніякага значэньня. Ён ня верыў у несьмяротнасьць чалавека. Найлепшае, што чалавек можа ўчыніць для самога сябе, — навучаў ён, — гэта шуканьне шчасьця на зямлі. Ён разыходзіўся ў сваім уяўленьні з тымі філёзафамі, каторыя ўтрымлівалі пагляд, што шчасьце заключаецца пераважна ў прыемнасьці спажываньня ежы і піцьця. Што праўда, ён згаджаўся, што прыемнасьць знаходзіцца ў памяркоўным спажываньні ежы і піцьці і зьяўляецца няўхільнаю часткаю жыцьця. Аднак, «праз прыемнасьць, — казаў ён, — мы разумеем адсутнасьць болю ў целе і несупакою ў душы. Не бесперапынныя банкеты з піцьцём і гуляньнямі…. ня прыемнасьць спажываньня рыбы і іншае далікатнае ежы на пышна застаўленых сталох, якія маюць даць прыемнае жыцьцё. Не, да шчасьця вядзе цьвярозае разважаньне, шуканьне пры помачы розуму кажнае нагоды (добрага) і абмінаньне (дрэннага), і выганяньне тых паглядаў, пры помачы якіх усхваляваньні атрымліваюць уладу над душамі». Шчасьце і прыемнасьць жыцьця, зноў, могуць быць атрыманымі дарогаю «мудрага, шляхэтнага і справядлівага» жыцьця. Шматлікія грэкі ўспрыймалі навуку Эпікуроса, якая з часам была вызнаванаю многімі рымлянамі. Аднак-жа некаторыя з рымлянаў ламалі і зьіначвалі філязофію Эпікуроса дарогаю нагінаньня яе да нібыто апраўданае змысловае ўцехі жыцьця.

Закладчыкам школы цынікаў быў у 444 г. п.н.з. уроджаны ў Атэнах, Антыстэнэс. У вадной з грамадзкіх заляў у Атэнах, званых гімназыямі, якія ўжывалі сафістыя як і атлеты, ужываў для свае навукі гэтаксама і Антыстэнэс.