Выбрать главу

58. Той, хто баіцца сьмерці, баіцца або страты вычуваньня або займеньня нейкага іншага вычуваньня. Але, калі ты ня мецімеш ніякага вычуваньня, тады не дазнацімеш пачуцьця ніякае шкоды; і калі ты здабудзеш новы від вычуваньня, ты станешся новым жывым існаваньнем і ты будзеш жыць бяз супынку.

59. Людзі існуюць адзін для аднаго. Затым, або ўсьведамляй іх, або знось церпяліва.

60. Адна рэч — гэта лёт стралы, іншая — лёт інтэлігэнцыі чалавека. Інтэлігэнцыя, запраўды, нават абмінаючы перашкоды і, дасьледуючы прадмет з усіх пунктаў гледжаньня, трымаецца простага напрамку і імкнецца да мэты.

61. Старайся пранікнуць у кіруючы пачатак кажнага; і дай магчымасьць кожнаму пранікнуць у пачатак, які кіруе табою.

Кніга дзявятая

1. Той, хто дзейнічае несправядліва, дзейнічае бязбожна. Бо натура Цэлага стварыла разумныя існаваньні адзін для аднаго, і дзеля гэтага яны павінны памагаць адзін аднаму адпаведна да патрэбаў іхных, але ні ў якім выпадку шкодзіць адзін аднаму; затым, той, хто ломіць яе волю, астаецца вінаватым у бязбожнасьці адносна найвышэйшае боскасьці. Гэтаксама і той, што хлусіць, стаецца вінаватым у бязбожнасьці перад тою самаю боскасьцю; бо сусьветная натура зьяўляецца натураю рэчаў, што існуюць; і рэчы, што існуюць, астаюцца ў суадносінах да ўсіх рэчаў, што прыходзяць да быцьця. І далей, гэтая сусьветная натура называецца праўдаю, і зьяўляецца першапрычынаю ўсіх рэчаў праўдзівых. Затым, той, хто хлусіць наўмысна, зьяўляецца вінаватым у бязбожніцтве, паколькі дзейнічае ён несправядліва, каб зманіць; гэтаксама і той, хто хлусіць нясьведама, паколькі ён знаходзіцца ў разладзьдзі з натураю Цэлага, і паколькі ён уносіць замяшаньне ў парадак дарогаю змаганьня супроць натуры сусьвету. Бо той, хто дазваляе ўцягнуць сябе, наўсуперак свае волі, у змаганьне супроць праўды, і супроцьдзейнічае ёй, затым, што натура пераказала яму задаткі і, пагардзіўшы каторымі, ён ужо, знайшоўся на ўзроўні няздольнасьці разьлічыць непраўдзівае ад праўдзівага. Гэтаксама і той, хто імкнецца да насалоды, як дабра, і ўхіляецца ад болю, як ад зла, вінаватым ёсьць у бязбожніцтве. Бо ўжо з прычыны неабходнасьці гэтакаму чалавеку давядзецца часта наракаць на агульную натуру, якая быццам ня лічыцца з годнасьцю, распадзяляючы людзей на дрэнных і добрых, бо-ж часта дрэнныя ўпадаюць у прыемнасьці і маюць сродкі дзеля асягненьня іх, і ў тым самым часе, як на долю добрых людзей выпадае цярпеньне і ўсё тое, што выплывае зь яго. І далей, той, хто баіцца цярпеньня, можа гэтаксама баяцца некаторых рэчаў, якія могуць здарыцца на сьвеце — нават і гэта ёсьць бязбожніцтвам. І той, хто знаходзіцца ў пагоні за прыемнасьцямі, ня меціме сілы паўстрымацца ад несправядлівасьці. Што да таго, хто жадае сьледаваць у сузгоднасьці з натураю, той павінен аднолькава адносіцца да таго, да чаго аднолькава адносіцца агульная натура — бо-ж яна не стварыла-б таго і іншага, калі-б не адносілася аднолькава да таго і іншага. З гэтага, той упадзе ў бязбожніцтва, хто неаднолькава ўсуадношваецца да цярпеньня або да насалоды, сьмерці і жыцьця, або славы і няславы, якімі натура карыстаецца аднолькава. Я кажу, што агульная натура карыстаецца ўсім гэтым, замест таго, каб сказаць, што ўсё гэта, у адпаведнасьці да ведамага парадку, аднолькава адбываецца з усім, што прыходзіць да быцьця і што крочыць сумесна на моцы нейкага спрадвечнага Провіду, паводля якога ён, выходзячы зь нейкага пачатку, прадуладзіў сучасны парадак рэчаў, засяродзіўшы ў сабе пэўныя прынцыпы рэчаў, якія павінны наступіць з прадугледжаньнем сілы існаваньняў, зьіначаньняў і чаргаваньня.

2. Гэта быў-бы найрадасьнейшы ўдзел чалавека, адыйсьці ад людзей, не дазнаўшы смаку хлусьні, крывадушнасьці, роскашы і фанабэрыстасьці. Аднак-жа, аджыць сваё жыцьцё чалавеку, каторы меў усе гэтыя рэчы пад дастаткам і адыйсьці, было-б гэта яшчэ адным найлепшым падарожжам, як кажа народнае выслоўе. Ці аддаеш ты перавагу таму, каб тануць у заганах, і дасьведчаньне яшчэ не пераканала цябе, каб уцякаць ад гэтае заразы? Бо сьведамасьць зьнішчэньня зьяўляецца заразаю, і запраўды, шмат большаю, чымся маральны ўпадак і зьмена на горшае ў атмасфэры нашага навакольля. Бо гэты маральны заняпад зьяўляецца заразаю быдла, як далёка яно ёсьць быдлам; але іншая зьяўляецца заразаю людзей, як далёка людзьмі яны астаюцца.

3. Не пагарджай сьмерцю, але ўсуадношвайся да яе, як да аднае з рэчаў, якая адлюстроўвае волю натуры. Бо гэтак, ужо ёсьць, гэта значыць, быць дзіцем і расьці, уваходзіць у сілу веку і старэцца, мець зубы і бараду, і сівізну, увайсьці ў стан запладненьня і цяжарнасьці, радзіць і ўсе іншыя натуральныя праявы, якія поры твайго жыцьця прыносяць, а зь імі раскладаньне. Гэта, затым, зьяўляецца пасьлядоўным для характару чалавека думаючага, каб быць ані неахайным, ані пагардлівым адносна сьмерці, але чакаць на яе, як на адну з праяваў натуры. І як ты цяперака чакаеш на пару, калі дзіця выйдзе з узлоньня твае жонкі, гэтаксама будзь гатовым на тую гадзіну, калі твая душа скіне зь сябе абалону. Але, калі ты жадаеш рэчаў няхітрых, але запраўдных, дык лепш за ўсё пагодзіць цябе са сьмерцю твой уважны позірк на рэчы, якія давядзецца табе пакінуць, і скіраваць сваю думку на характар людзей, зь якімі тваей душы ўжо не давядзецца спаткацца. Бо няма ніякае патрэбы гневацца на людзей, наадварот, абавязкам тваім ёсьць клапаціцца пра іх і абыходзіцца зь імі далікатна і з пакорлівасьцю, і адначасна не забываць, што твая ростань будзе не зь людзьмі, якія маюць тыя самыя прынцыпы, што і ты. Бо наагул, калі і ёсьць што-небудзь у жыцьці, што прыцягвала-б да яго і ўтрымлівала-б у ім, дык толькі адно: магчымасьць жыць у супольнасьці зь людзьмі, прынцыпы каторых былі тыя самыя, якія мы вызнаем. Але цяперака ты бачыш, як вялікім ёсьць клопат, што выплывае з розьніцы паглядаў тых, што жывуць разам, і да гэткае ступені, што ты воклікам можаш выразіць: Хадзі, сьмерць, хутчэй! Магчыма і я тады забуду пра цябе.