9. Сцэнічная гульня, вайна, страх, млявасьць, нявольніцтва будуць штодзенна зводзіць да нічога тыя галоўныя прынцыпы, якія ты не агарнуў дакладна, не зьявярнуў на іх належнае ўвагі. Але на ўсё трэба глядзець і ўсё рабіць так, каб і практычная здольнасьць займела сваё завяршэньне і тэарэтычная знаходзіла свой водклік у дзейнасьці, а з усёагортваючага пазнаньня радзілася тая ўпэўненасьць у свае ўласныя сілы, якая не выстаўляе сябе напаказ, але якую і не схаваеш. Калі-ж, нарэшце, ты здабудзеш шчырасьць, паважнасьць і тое пазнаньне кажнае рэчы, якая адслоніць перад табою, якая яна ў сваей існасьці, якое месца займае ў сусьвеце, колькі часу наканавана ёй праіснаваць, што ўваходзіць у яе склад, і да каго яна можа належаць, і хто зьяўляецца здольным даць яе і забраць?
10. Павук ганарыцца, калі зловіць муху; нехта ганарыцца, калі падстрэліць зайца, іншы — калі зловіць сеткаю маленькую рыбку, яшчэ іншы — калі пераможа дзікага вяпрука, а нехта — мядзьведзя, а хто — Сарматаў. Але ці ня будуць усе яны разбойнікамі, калі ты толькі добра разьбярэшся ў іхных галоўных замерах?
11. Здабудзь·сабе спосаб разважаньня, каб дарогаю якога бачыць, як усе рэчы зьіначваюцца адна ў другую, і стала думай пра гэта і практыкуйся ў гэтай частцы філязофіі. Бо нічога іншага не ўспамагае гэтак у напрамку ўзьнёслага настрою. Гэтакі чалавек ужо скінуў з сябе цела, і пад уплывам думкі аб тым, як мала часу засталося да таго мамэнту, калі ён пакіне ўсё гэта, выбыўшы зь ліку людзей, суцэльна аддаўшыся справядлівасьці ў сваіх уласных дзеяньнях і натуры Цэлага ўва ўсім іншым. Ашто іншыя кажуць пра яго, або думаюць, ці як яны адносяцца да яго — аб гэтым ён ніяк не клапоціцца, задавальняючыся толькі ажыцьцяўленьнем справядлівасьці ў сваіх сучасных учынках і любасьцю да свае справы; ён адмовіўся ад усіх клопатаў і нікчэмных імкненьняў і не жадае нічога, апрача таго, каб няўхільна выконваць права і ў гэтым няўхільным выкананьні ісьці за Богам.
12. Дзеля чаго патрэбны здагады, калі ты маеш магчымасьць даведацца, што трэба зрабіць? Калі ты ведаеш, дык захоўваючы дабразычлівасьць, ідзі наперад па гэтай дарозе, ня схіляючы ў бок, а калі ня ведаеш, дык спыніся і запрасі на нараду лепшых людзей. Калі ты спаткаеш на гэтым шляху якія-небудзь перашкоды, дык ідзі наперад, бяручы пад увагу наяўныя абставіны і трымаючыся таго, што ўважаў справядлівым. Бо-ж дасягненьне яго зьяўляецца найлепшым, а ўхіленьне ад яго — найгоршым. Той, хто ўва ўсім слухае розум, ня мітусьлівы і адначасна дзейны, вясёлы і ўраўнаважаны.
13. Прачнуўшыся, зараз-жа запытай сябе: Ці тычыцца гэта цябе, калі хто-небудзь іншы робіць што-небудзь справядлівае і слушнае? — Не, ня тычыцца.