Ці не забыў ты яшчэ, што гэта за людзі, якія з гэтакаю павагаю выказваюць іншым пахвалу і ганьбу, на ложу, за сталом, што яны робяць, ад чаго ўхіляюцца, да чаго імкнуцца, што яны крадуць, каго абіраюць, ня пры дапамозе рук і ног, але найболей каштоўнаю сваею часткаю, якая пры жаданьні магла-б даць жыцьцё вернасьці, скромнасьці, праўдзе, праву, добраму гэнію.
14. Чалавек, адукаваны і сьціплы, зьвяртаецца да ўсёдаючае і ўсёадбіраючае назад натуры са словамі: Дай, што ты хочаш, і вазьмі назад, што ты хочаш. І гаворыць ён гэтак не з прычыны рызыкі, але з прычына пакоры перад натураю і, праяўляючы прыхільнасьць да яе.
15. Ня шмат ужо засталося часу. Жыві, быццам на ўзвышшы. Бо-ж усяроўна, жыць тут ці там, калі чалавек усюды ў сьвеце, як у Месьце. Няхай людзі ўбачаць і пазнаюць у табе сапраўднага чалавека, які жыве ў адпаведнасьці да вымаганьняў натуры. Калі ім стане неўмагату, няхай забіваюць. Бо гэта ляпей, чымся жыць, як усе жывуць.
16. Не раздабэрваць-жа ўвесь час пра тое, якім добрым чалавек павінен быць, пара ўжо і стацца ім.
17. Заўсёды думай пра вечнасьць у яе суцэльнасьці, і аб сутнасьці ў яе цэлым, і аб тым, што кажная асобная рэч у параўнаньні з сутнасьцю — малое зерне; у параўнаньні з часам — паварот бура.
18. Затрымліваючыся ў думцы над кажным асобным прадметам, уяўляй яго ўжо ў раскладзеным выглядзе, прайшоўшым стан зьіначаньня, быццам у спарахненьні ці расьцярушаньні, або засуджаным на нейкую сьмерць.
19. Падумай, якімі людзі зьяўляюцца, калі ядуць, сьпяць, спалучаюцца, апаражняюцца і г. д., а тады, якія яны, калі хочуць паказацца вялікімі панамі, задаюцца, ці гневаюцца і шчодра сыплюць дакоры з вышыні, са свае здадуманае велічы. Але яшчэ нядаўна колькі зь іх было нявольнікамі і за што; і неўзабаве, падумай, у якіх абставінах яны знойдуцца?
20. Гэта для дабра кажнае рэчы, што сусьветная натура прыносіць кажнай зь іх. І гэта для яе дабра ў тым часе, калі натура прыносіць.
21. Зямля любіць дождж; любіць яго гэтаксама і важны этэр. Сусьвет любіць тварыць тое, што павінна ўзьнікнуць. Затым, я кажу сусьвету: Я люблю тое, што любіш і ты. Ці-ж не гаворыцца наагул: Той і гэтай рэчы люба тое і гэтае.
22. Або ты жывеш тут — і да гэтага жыцьця ты ўжо прызвычаіўся, або ты адыходзіш у іншае месца, у сузгоднасьці з тваім жаданьнем, або — паміраеш, і тваё служэньне скончылася. Гэтым вычэрпваецца ўсё. Затым, будзь спакойным.
23. Для цябе заўсёды павінна быць зразумела, што гэты кавалачак зямлі нічым ня розьніцца ад іншых, і што тыя, што жывуць на ім, адчуваюць тое самае, што адчуваюць і тыя, што жывуць на вяршыне гары, ці на беразе мора, ці яшчэ дзе-небудзь. І ты згодзішся з тым, што Плятон кажа: Жыць у межах меставых сьценаў, тое самае, што жыць на гары ў будцы пастуха.
24. Чым зьяўляецца для мяне мой кіруючы пачатак? І кім я яго цяперака раблю? І зь якою мэтаю цяпер я ўжываю яго? Ёсьць-жа ён нічым, калі ідзе пра зразуменьне? Ці не адхіліўся ён і адыйшоў ад грамадзкага жыцьця? Ёсьць-жа ён зьлітаваны і злучаны з бедным целам да такое ступені, што рухаецца разам зь ім?
25. Той, хто хаваецца ад уладара — уцякач. Уладарыць-жа права, і ўцякач той, хто нарушае права. Але і той, хто ў адчаі, гневаецца, баіцца, не жадае чаго-небудзь з таго, што адбылося, што адбываецца, ці мае адбыцца, дзякуючы ладу, які ўстанавіў валадар сусьвету, які зьяўляецца правам, што вызначае кажнаму тое, што яму належыцца. Затым, і той уцякач, хто баіцца, хто ў адчаі, ці гневаецца.
26. Той, хто апладніў улоньне жанчыны, адыходзіць; далей выступае іншая прычына, завяршэньне якое — нараджэньне дзіцяці. Які быў пачатак і якое завяршэньне! Дзіця прыймае ежу, а далей выступае іншая прычына, якая выклікае да быту адчуваньне, імкненьне і наагул жыцьцё, сілу і іншыя свомасьці чалавека. І колькі-ж іх і якія яны! Дык унікай ўва ўсё, што адбываецца ў такой патаемнасьці і агортвай зрокам сілу, якая тут дзейнічае, гэтак-жа, як і сілу, якая прымушае рэчы падаць уніз ці ўздымацца ўгору, не цялеснымі вачыма, аднак-жа зь няменшаю зыркасьцю.
27. Заўсёды разважай аб тым, што ўсё, што адбываецца, нічым не адрозьніваецца ад таго, што мела ўжо месца раней, і ад таго, што мае адбыцца ў будучыні. Няхай зьявяцца перад табою цэлыя пэрыяды жыцьця і падобныя адзін да аднаго ў суадношаньні, якія ты ўжо ведаеш або з уласнага дасьведчаньня, або з гісторыі болей ранейшых часоў, прыкладам увесь двор Гадрыяна, увесь двор Антонінуса, і ўвесь двор Філіппоса, Аляксандар, Крэзоса. Бо ўсюды тут адно і тое самае, толькі дзеючыя асобы іншыя.
28. Уяві сабе чалавека, які сумуе з прычыны кажнае рэчы або нездаволенага, як тое парасё, што ахвяруюць і якое б'ецца і пішчыць. Падобным да гэтакага парасяці ёсьць той, хто на сваім ложку на самоце аплаквае ў сваей душы цяжкую долю, пад якою мы ўгінаемся. Аднак, вазьмі пад увагу, што толькі разумнай істоце дадзена магчымасьць дабраахвотна ісьці за здарэньнямі; і гэтай неабходнасьці падпарадкаваны ўсе.