Цынікі прыходзілі да перакананьня, што адно мужнасьць учыніць чалавека шчасьлівым. Багацьце, — казалі яны, — часта псуе характар людзей; за гонарамі ганяюцца толькі невукі і глупцы; прыемнасьць ежы і піцьця зьяўляюцца нявартымі паважнае думкі. Мужны чалавек не спадзяецца, каб пры помачы славы, матэрыяльнага багацьця і прыемнасьцяў мог знайсьці сваё неба на зямлі. Многія з цынікаў, пацягнутыя гэткім перакананьнем, пакідалі свае ўласнасьці, ухіляліся ад прыемнасьцяў, апраналіся ў найгоршую вопратку і спалі пад голым небам. Некаторыя зь іх сталіся нават пустэльнікамі, каб паказаць сваю пагарду людзям, якія гоняцца за багацьцем, гонарамі і прыемнасьцямі.
Найболей ведамым вучнем Антыстэнэса быў Дыёгэнэс, народжаны каля 400 г. п.н.з. у Сынопе. Плютарх у сваім творы біяграфічным «Аляксандар» апавядае нам, што аднойчы, у часе грэцкіх атлетычных урачыстасьцяў, Аляксандар Вялікі адведаў Дыёгэнэса, які ў тым часе выграваўся на сонцы. Аляксандар, у довад свае дабразычлівасьці, зьвярнуўся да філёзафа і сказаў, што ён учыніць для яго любую рэч, якую філёзаф толькі зажадае. На гэта Дыёгэнэс адказаў: «Так, ёсьць адна рэч, якую ты можаш учыніць для мяне; адыйдзі набок, бо ты зацямняеш мне сонца».
Адзін з найболей выдатных філёзафаў старажытнае Грэцыі быў Зэнон з абтокі Кіпрос, які навучаў у Атэнах у стоа (з гэтуль назоў стоік) прыблізна пасьля 300 г. п.н.з. Тое, што ён навучаў у сваей школе, ня ёсьць дакладна ведамым. З таго, што ацалела і з цытатаў некаторых ягоных вучняў, і перад усім з цытатаў пазьнейшых старажытных філёзафаў, ягоную навуку можна ўняць наступна: Бог заклаў правы натуры, якія кіруюць сусьветам. Ён утрымліваў пагляд, што шчасьце можа быць асягнутым на шляху веданьня і перасьцераганьня гэтых правоў. Усе рэчы, якія здараюцца з чалавекам, добрыя ці дрэнныя, зьяўляюцца часткаю Божага пляну і павінны быць прынятыя з сілаю духа і стойкасьцю. Для Зэнона недамаганьні цела і ўсе труднасьці штодзеннага жыцьця ня мелі большага значэньня. Стоікі навучалі, што ўсе людзі зьяўляюцца братамі і дзеля гэтага яны павінны памагаць адзін аднаму. Кажнаму чалавку дадзена магчымасьць удзельнічаньня ў жыцьці і ён мусіць удзел свой завяршыць як найляпей паводля сваіх здольнасьцяў. І, калі ён атрымае загад пакінуць жыцьцё, ён павінен пакінуць яго спакойна, без нараканьняў і страху.
Школа стоікаў пасрэдна выводзілася ад слаўнага філёзафа Сакратаса, вучнем якога быў Антыстэнэс.
Стоіцызм быў (і сягоньня яшчэ ёсьць) найболей уплывовым філязафічным паглядам у пэрыядзе ўзьніканьня хрысьціянства. Стоікі ў сузгоднасьці з клясычным паглядам філязафічным грэкаў, асабліва зьвярталі ўвагу на этыку, як на галоўную галіну навукі. Яны гэтаксама пашыралі тэорыю лёгікі і навуку пра натуру з мэтаю распрацаваньня асноваў для этычных дактрынаў. Яны ўтрымлівалі, што ўся рэчаіснасьць ёсьць матэрыяльная, але што існая матэрыя, якая астаецца пасыўнаю, павінна быць адрозьніваная ад ажыўленага або актыўнага прынцыпу.
Стоікі падтрымлівалі дэфініцыю Бога, як «рацыянальны дух, які сам ня мае аніякае хвормы, аднак пранікае ўсе рэчы». Адным зь іхных шматлікіх доказаў Ягонага існаваньня была сузгоднасьць. Сузгоднасьць у тым, што чалавек мае ў сабе схільнасьць верыць у Бога; агульна людзкая вера ў Бога сьведчыць на карысьць гэтае схільнасьці або загадзя выступаючага пераконаньня; не дапускаць гэтага — значыць параліжаваць розум; з другое стараны, карыстацца гэтым — значыць верыць у Бога.
Паводля іхнага пагляду, душа чалавека зьяўляецца выражэньнем боскага розуму. «Жыць у сузгоднасьці з натураю» = «жыць у сузгоднасьці з розумам», уважалі яны, — зьяўляецца жыць у сузгоднасьці з божым сусьветным парадкам. Тут выступае важнасьць натуральнага права. Важнасьць гэтага пазытыўнага кіраўніцтва можа быць спасьцярожнаю, як частка, якую стоіцызм згуляў у разьвіцьці тэорыі натуральнага права, якое займела гэтак сільны ўплыў на рымскае правадаўства.
Аснова стоіцкае этыкі зьяўляецца прынцыпам, калісьці агалошанага філёзафамі, што дабро чалавека не ляжыць навонкі яго, але знаходзіцца ў стане ягонае душы, у мудрасьці і паўстрыманьні, што чыніць чалавека свабодным ад цярпеньняў і жаданьняў, якія ўносяць закалот у штодзеннае жыцьцё. Чатыры аснаўныя мужнасьці стоіцкае філязофіі зьяўляюцца: мудрасьць, стойкасьць, справядлівасьць і паўстрыманьне, якія выводзяцца проста з навукі грэцкага філёзафа Плятона.
Стоікі ўтрымлівалі, што вонкавыя розьніцы між людзьмі, як напрыклад, ступеня займанае пазыцыі ў жыцьці і багацьце, ня могуць мець важнасьці ў сацыяльным жыцьці. І гэтым характэрны факт астаецца, што задоўга перад нашаю эраю, паняцьці свабоды, братэрства і роўнасьці, былі ўжо агалошаны людзкасьцю.