35. Здаровае вока мусіць бачыць усё, што дасягальна зроку, і не казаць: У мяне слабасьць да зялёнага колеру, бо гэта была-б ужо хвароба вачэй. Гэтаксама рэч маецца і са здаровым слыхам і нюхам. Яны павінна быць гатовымі ўспрыняць любы гук альбо запах, а здаровы страўнік павінен аднолькава адносіцца да ўсякіх харчоў, як млын да ўсяго, што ён прызначаны змалоць. Таму і духова здаровы чалавек павінен быць гатовы да ўсялякіх падзеяў. Той-жа, хто кажа: Мае дзеці павінны астацца жывымі, усе людзі павінны хваліць мяне, усяроўна што-б я зрабіў, — падобны да вока, якое мае слабасьць да зялёнага колеру або да зубоў, якія аддаюць перавагу мяккім харчам.
36. Ніхто не зьяўляецца гэтакім шчасьлівым, каб ягоная сьмерць ня выклікала ў каго-небудзь з навакольных пачуцьця злоснае радасьці. Няхай сабе быў ён і выдатным чалавекам — усё-ж знойдзецца, нарэшце, хто-небудзь, хто сам сабе скажа: Нарэшце мы можам свабодна ўздыхнуць, пазбыўшыся гэтага настаўніка. Праўда, ён нікому з нас ня быў цяжарам, але ўсё-ж мы адчувалі, што ён патаемна асуджае нас. — Вось што скажуць пра выдатнага чалавека. Што датычыцца нас, дык колькі ў нас іншых уласьцівасьцяў, якія выклікаюць у шмат каго жаданьне пазбыцца нас? Падумаўшы пра гэта ў перадсьмяротную хвіліну, ты з большаю лёгкасьцю разьвітаешся з жыцьцём, сказаўшы сабе: Я разьвітваюся з тым жыцьцём, у якім нават самыя блізкія мне людзі, для якіх паклаў гэтулькі высілкаў, аб якіх гэтак горача маліўся і клапаціўся, нават і яны хочуць пазбыцца мяне, спадзяючыся на тое, што гэта, магчыма, прынясе ім нейкую палёгку. Які-ж сэнс для каго-небудзь жадаць болей працяглага жыцьця? Усё гэта, аднак, не павінна схіляць цябе адносіцца да акружаючых цябе пры разьвітаньні меней дабразычліва: застаючыся верным свайму характару, адносься да іх па-сяброўску, дабразычліва, лагодна. З другога боку, не разьвітвайся зь імі так, нібы цябе адрываюць ад іх, але няхай гэтае тваё разьвітаньне станецца падобным да бязбольнага аддзяленьня душы ад цела пры добрай сьмерці. Аднак-жа і зь імі злучыла і зьвязала цябе натура. А цяперака яна разьдзельвае вас. І я разьвітаюся зь імі, як са сваякамі, але без упартасьці і супраціву — бо і гэтая ростань зьяўляецца адным з актаў натуры.
37. Прывучай сябе паводля магчымасьці пры ўсялякім дзеяньні іншага чалавека, ставіць сабе запытаньне аб мэце, якую ён думае асягнуць. Пачні з самога сябе і дасьледуй перш самога сябе.
38. Памятай аб тым, што ўсё, што кіруе табою, тоіцца ўнутры самога цябе. Тут — здольнасьць слова, тут — жыцьцё, тут, калі хочаш ведаць, чалавек. Ніколі не атаесамлівай зь ім пакрываючую яго абалонку і тыя часткі, якія на ёй утварыліся. Яны падобны на цясьлярскую сакеру, розьнячыся толькі тым, што дадзены нам натураю. І калі-б гэтыя часткі былі пазбаўлены рухаючае і стрымліваючае іх прычыны, дык з іх ня было-б большае карысьці, чымся зь верацяна для ткаля, зь пяра для пісца, зь бізуна для рамізьніка.
Кніга адзінаццатая
1. Свомасьці разумнае душы: яна агортвае зрокам самую сябе, распадзяляе самую сябе, чыніць сябе гэтакаю, якою яна жадае быць, сама карыстаецца пладамі, якія сама прыносіць, і гэта тады, калі пладамі расьлінаў карыстаюцца іншыя; дасягае ўласьцівае ёй мэты, калі-б ня была пакладзена мяжа жыцьця. У часе скокаў, сцэнічнага паказу і іншага, усякая замінка пазбаўляе закончанасьці ўсяе дзейнасьці. Ня так тут: у якой-бы частцы і ў якім-бы месцы ні была спынена дзейнасьць разумнае душы, яна выконвае сваё прадназначэньне ў паўніні і без недахопаў, затым можа сказаць: Я ўзяла сваё. — Разумная душа аблятае, далей, увесь сьвет і акаляючую яго паражнечу, дасьледуе яго форму, пранікае ў бязьмежную вечнасьць, ахапляе розумам пэрыядычнае адраджэньне Цэлага і разумее, і ўсьведамляе, што нашы нашчадкі ня ўбачаць нічога новага, як і нашы продкі ня бачылі нічога звыш таго, што мы бачым, але, што чалавек, які дасягнуў да сарака гадоў, калі ён мае хоць які-небудзь розум, дзякуючы агульнай аднастайнасьці, нейкім чынам ужо бачыў усё мінулае і ўсё, што мае адбыцца. Разумнай душы ўласьцівы таксама і лагоднасьць да суседа, і праўдзівасьць, і сьціпласьць; яна нічога ня ставіць вышэй за сябе, што ўласьціва і праву. Такім чынам, няма ніякае розьніцы паміж слушным розумам і розумам справядлівасьці.