11. Прадметы, гонячыся за якімі і пазьбягаючы якіх ты губіш духовы супакой, ня зьбліжаюцца да цябе, але да пэўнае ступені ты сам набліжаешся да іх. Няхай замоўкне твая развага пра іх, — і яны ляжаць нярухома; і цябе ніхто ня ўбачыць у пагоні.
12. Душа захоўвае ўласьцівую ёй галавідную форму, калі ня цягнецца за чым-небудзь вонкавым, і ня сьцягваецца ў нутро, не падоўжваецца і не асядае ўніз, але выпраменьвае сьвятло, у якім яна бачыць праўду, як усіх рэчаў, так і тую, што тоіцца ў ёй самой.
13. Стане нехто мною пагарджаць? — Гэта ягоная справа. Мая справа — гэта ня стацца вартым пагарды ў выніку якога-небудзь учынку ці слова. Будзе ён ненавідзець мяне? Ізноў-жа, — гэта ягоная справа. Я ўсё-ж буду захоўваць дабразычлівасьць і дабрасхільнасьць да ўсяго і заўсёды буду гатовы нават яму самому паказаць на памылку, бяз зьдзеку і без жаданьня выставіць на паказ сваю цярплівасьць, а з шчырага жаданьня дабра, як гэта праяўляе Фокіён, калі толькі ён не крывадушнічае. Гэтакім павінен быць унутраны настрой, і багі павінны бачыць у табе чалавека, які на нішто ня гневаецца і ня злосьціцца. Бо што магло-б быць благім для цябе, калі ты робіш уласьцівае сваей натуры і годзішся з тым, што зьяўляецца сваечасовым для натуры Цэлага, як адухатвораны толькі адным жаданьнем — каб так ці інакш зьдзейсьнілася агульналюдзкае.
14. Пагарджаючыя адзін адным, адзін аднаму дагаджаюць, а жадаючыя перавысіць адзін аднаго, поўзаюць адзін перад адным.
15. Да якое подласьці і крывадушнасьці трэба дайсьці, каб сказаць: Я маю замер быць шчырым адносна цябе. — Што ты робіш, чалавеча? Ня трэба папераджаць словамі аб гэтым — бо гэта выясьніцца само сабою: зьмест тваіх словаў павінен быць адлюстраваны на тваім ілбу. Ты такі — і зараз-жа твой выгляд выдасьць гэта, як пакаханая чытае ўсё ў вачох пакахаўшага яе. Наагул, чалавек шчыры і добры павінен быць падобны да спацелага, каб той, хто стане побач яго, волей-няволей адчуў гэта, як толькі наблізіцца да яго. Шчырасьць-жа, што выстаўляецца на паказ, болей небясьпечная за кінжал. Няма нічога болей мярзотнага, як воўчае сяброўства. Ухіляйся ад яго болей за ўсё. Чалавека добрага, дабразычлівага і шчырага — пазнаеш па вачох; гэтых якасьцяў не схаваеш.
16. Душа мае здольнасьць наладзіць жыцьцё болей дасканалым спосабам, калі толькі чалавек будзе абыякава адносіцца да рэчаў абыякавых. Абыякава-ж будзе адносіцца той, хто кажную з гэтых рэчаў разглядае паасобку, а не ў суцэльным выглядзе, і памятае, што ані адна зь іх не навязвае нам упэўненасьці ў сабе і не падходзіць да нас, але, што яны нярухомыя, мяркуем, пра іх мы самыя, быццам запісваючы ў самых сабе, хоць можам і не запісваць, можам і сьцерці зараз-жа запісанае, калі яно зроблена бяз нашага ведама; хто памятае гэтаксама і аб тым, гэтакага роду ўвага спатрэбіцца толькі на кароткі час і, што жыцьцё набліжаецца да свайго канца. Але, што творыць цяжкасьць у гэтым? Калі гэта адказвае натуры — тады шукай тое, што адказвае тваей ўласнай натуры, і імкніся да гэтага, хоць-бы яно і ня прынесла славы; бо кажнаму чалавеку дазваляецца шукаць сваё ўласнае дабро.
17. Ты павінен ведаць, дзе бярэ пачатак кажная рэч, з чаго яна складаецца, у што зьіначваецца, якою яна станецца пасьля зьіначаньня, і чаму яна ня ведае пры ўсім гэтым ніякае бяды.
18. Па-першае, неабходна здаць сабе справаздачу з таго, якія твае суадносіны да людзей, і з таго, што людзі нарадзіліся адзін дзеля аднаго; ты-ж, звыш таго, пастаўлены над людзьмі, як баран над гуртам авечак, ці бугай над чарадою кароў. Абгрунтуй гэта глыбей, пачынаючы з выходнага пункту: Калі ня атамы, дык гэта натура, якая загадвае ўсімі рэчамі: затым, калі гэтак, дык меней дасканалыя істоты існуюць дзеля болей дасканалых, болей-жа дасканалыя адна дзеля аднае.
Па-другое, — з таго, якія людзі за сталом, на ложку і гэтак далей: і ў вапрычонасьці, пад якім кіраўніцтвам яны знаходзяцца, што да паглядаў, якія яны ўтрымліваюць; і што да іхных дзеяньняў, разваж, зь якою гордасьцю яны выконваюць тое, што выконваюць.
Па-трэйцяе, — з таго, што, калі людзі, у дадзеным выпадку, робяць беспамылкова, дык ня трэба гневацца на іх; калі-ж яны памыляюцца, дык стаецца гэта праўдападобна наўсуперак іхнае волі і з прычыны няведаньня. Аднак, усялякая душа наўсуперак волі губіць гэтак праўду, як і суадносіны да іншага чалавека ў вадпаведнасьці·да ягонае годнасьці. Бо-ж людзям вельмі не падабаецца, калі іх уважаюць за несправядлівых, няўдзячных, прагавітых, інакш кажучы, што яны памыляюцца ў аднясеньні да іхных суседзяў.