21. Хто ня мае адзінае і нязьменнае мэты жыцьця, той ня можа заставацца адзіным і нязьменным на працягу ўсяго жыцьця. Але сказанага яшчэ недастаткова, калі не дабавіць, якою павінна быць гэтая мэта. Бо, як перакананьне не аднолькава адносіцца да ўсіх дабротаў, якія прызнаюцца бальшынёю людзей, але толькі адносна некаторых, што маюць агульнае значэньне, гэтак і мэта павінна быць вызначана агульная, грамадзкая. Хто ўзгодніць з гэтаю мэтаю ўсе свае асабістыя імкненьні, той ува ўсім будзе дзейнічаць аднолькава і такім чынам астанецца верным сабе.
22. Падумай пра мыш, палявую і хатнюю, пра яе сполах і беганіну.
23. Сакратас называў думкі большасьці людзей Ляміямі — пужаламі для дзяцей.
24. Лякедаймонцы ў часе прадстаўленьняў ладзілі для чужынцаў сядзеньні ў цяню, а самі садзіліся, дзе трапіцца.
25. Сакратас на пытаньне Пэрдіккаса, чаму ён ня едзе да яго ў адведзіны, адказаў: Каб не загінуць самым брыдкім спосабам, інакш кажучы: скарыстаўшы зь ветлівасьці, ня мець магчымасьці адудзячыцца падобным.
26. У пісаньнях Эфэсцаў радзіцца заўсёды ўспамінаць пра каго-небудзь са старажытных, хто стаўся выдатным з прычыны мужнасьці (арэтэ).
27. Пітагорэйцы раілі нам узірацца на золаку на неба, каб зьвярнуць нашую ўвагу на тыя нябескія целы, якія заўсёды выконваюць свае сталыя рухі і заўсёды ў аднолькавы спосаб завяршаюць сваю працу, і гэтаксама напамінаюць нам пра іхную чысьціню і голасьць. Бо зоры ня маюць накрыцьцяў.
28. Падумай, якім чалавекам быў Сакратас, калі ён апрануўся ў ніжнюю бялізну, пасьля таго, як Ксантыппа забрала ягоны плашч і пайшла з дому, і што Сакратас сказаў сваім сябрам, якія з сораму ня ведалі куды дзецца, убачыўшы яго гэтак апранутым.
29. Ты не пачнеш вучыць пісаць і чытаць іншых, перш, чымся не навучышся сам. Тым болей, калі ідзе пра справы самога жыцьця.
30. Ты зьяўляешся нявольнікам: разумная прамова не для цябе.
31. І маё дарагое сэрца сьмяецца ўва мне.
32. Бяссорамнаю ганьбаю зьневажаціме брахун мужнасьць.
33. Шукаць зімою хвігу на дрэве ёсьць бязмыснасьцю. Але не разумны і той, хто сумуе па дзіцяці, якога ўжо няма.
34. Калі чалавек цалуе сваё дзіця, — казаў Эпіктэтус, — ён мусіць сказаць самому сабе: Магчыма заўтра яно памрэ. — Але-ж гэта словы дрэннага прадвесьця. — Ніякае слова не зьяўляецца словам дрэннага прадвесьця, — адказаў Эпіктэтус, — бо яно выражае толькі праяў натуры; або, калі гэтак рэч маецца, тады слова можа стацца дрэнным прадвесьцем, калі кажацца пра зжынаньне кажнага сьпелага каласа.
35. Вінаград зялёны, сьпелы, выціснуты — усё гэта пераход ня ў тое, чаго наагул няма, а ў тое, чаго цяперака няма.
36. Выслоўе Эпіктэтуса: Няма чалавека, які мог-бы пазбавіць нас нашае свабоднае волі.
37. Эпіктэтус гэтаксама казаў: Чалавек мусіць выкрыць нейкае мастацтва адносна даваньня свае згоды; і адносна сваіх імкненьняў ён мусіць быць асьцярожным у тым сэнсе, каб яны былі прадпрыйманымі з увагаю на абставіны; каб яны былі стойкімі што да грамадзкага дабра, каб адказвалі годнасьці што да аб'екту; а што да змысловых пажаданьняў, дык ён наагул не павінен быць далёкім ад іх; а што да антыпатыі, дык ён не павінен праяўляць яе з увагі на кажную рэч, якая не знаходзіцца ў ягонай моцы.
38. Дыскусыя ідзе, — кажа Эпіктэтус, — не пра дробязі, але пра тое, быць ці ня быць неразумным.
39. Сакратас часта казаў: Што вы хочаце? мець душы разумных ці неразумных людзей? — Душы разумных людзей. — Якіх разумных людзей? Сапсутых ці несапсутых? — Несапсутых. — Чаму-ж вы, тады, ня шукаеце іх? — Бо мы маем іх. — Дык чаму-ж вы, тады, спрачаецеся і вядзеце спрэчкі між сабою?
Кніга дванаццатая