24. Заўсёды трэба быць гатовым адносна наступных трох прынцыпаў. Адносна сваіх дзеяньняў памятай, што ты не павінен паступаць непатрэбна, і ня інакш, чымся зрабіла-б сама справядлівасьць; але з увагі на тое, што можа прытрапіцца табе звонку, май на ўвазе, што гэта можа займець месца з прычыны або здарэньня, або ў сузгоднасьці з прадбачлівасьцю, і ты не павінен наракаць ані на здарэньне, ані на прадбачлівасьць. Па-другое, май на ўвазе рост кажнае істоты ад зародку — да адухаўленьня, і ад адухаўленьня — да растаньня з душою, і з чаго яно складаецца, і на што раскладваецца. Па-трэйцяе, ведай, што калі-б ты, нечакана быў узьняты ўгору над зямлёю, акінуў-бы паглядам чалавечыя справы і на шматзьменны ход іх, дык перапоўніўся-б ты пагардаю да іх, маючы адначасна магчымасьць сузіраць гэтулькі істотаў, што жывуць навакол, у паветры і ў этэру, і што, колькі-б разоў ты ні ўзьнімаўся гэткім чынам, ты заўсёды ўбачыў-бы адно і тое самае, аднаякае і кароткавечнае. І гэтым мы ганарымся.
25. Адкінь упэўненасьць і ты ўратаваны. І хто можа перашкодзіць табе адкінуць яе?
26. Калі ты абураешся адносна чаго-небудзь, дык ты забыўся аб тым, што ўсё робіцца ў сузгоднасьці з натураю Цэлага; ты забыўся і пра тое, што памылка іншага ня тычыцца цябе, і аб тым гэтаксама, што ўсё рабілася гэтакім спосабам, будзе рабіцца і цяперака робіцца ўсюды, і аб тым, у якім сваяцтве асобны чалавек з усім родам чалавечым, не паводля крыві і агульнага паходжаньня, але паводля духу. Ты забыў гэтаксама і аб тым, што дух кажнага ёсьць бог і ад яго паходзіць, і аб тым яшчэ, што нічога нікому не належыцца неад'емна, але і яго дзіця, і яго цела, і сама душа яго дасталіся яму з тае самае крыніцы, аб тым, што ўсё заснавана на перакананьні і, што кажны жыве толькі сучасным і толькі сучаснае можа стра ціць.
27. Заўсёды ўспамінай пра тых, якія моцна абураліся зь якое-небудзь прычыны, або перавысілі ўсіх славаю, шчасьцем, або былі абсыпаны якімі-небудзь дарункамі долі. Пасьля гэтага пастаў сабе пытаньне: Дзе ўсё гэта цяперака? — Дым, пыл і міт, або нават і ня міт. Падумай гэтаксама пра ўсё тое, чаму прыкладамі могуць быць Фабіюс Катульлінус, які жыў па-за местам; Люсіюс Люпус у сваіх садох, Сцэрцініюс у Баях; Тыбэрыюс на Капры; Вэліюс Руфус (або Руфус у Вэліі); і наагул пра захопленьне чым-небудзь, зьвязаным з разважаньнем усіх прадметаў і імкненьняў, і пра тое, наколькі болей філязафічна гэта ёсьць праяўляць на дазеным яму матэрыяле, але справядлівасьць і бескарысную паслухмянасьць багам. Ганарыстасьць-жа з атсутнасьцю гонару зьяўляецца самаю нязноснаю адменнасьцю ганарыстасьці наагул.
28. Тым, што пытаюцца: Дзе ты бачыў багоў, ці адкуль даведаўся пра іхнае існаваньне, што аж гэтак старанна шануеш іх? адказвай: Па-першае, багі даступныя і вачом, Далей, душы свае я гэтаксама ніколі ня бачыў і аднак-жа шаную яе. Тое самае і адносна багоў: дазнаючы нясупынна праявы іхнае сілы, я даведваюся з гэтага пра іхнае існаваньне, і пахіляю сваю галаву перад імі.
29. Бясьпека жыцьця ў тым, каб ведаць адносна кажнае рэчы, якая яна сама ў сабе ў сваей цэласьці, што знаходзіцца ў ёй ад пачатку матэрыяльнага і што — ад прычыннага, усёю душою аддавацца ўрэчаісьненьню справядлівага і казаць праўду. Што-ж, тады, застаецца пасьля ўсяго, як ня цешыцца жыцьцём, зьвязваючы адну добрую справу зь іншаю, не пакідаючы нават найкарацейшага прамежку?
30. Існуе адно сонечнае сьвятло, хоць і раздрабляецца сьценамі, гарамі і бязьлікім мноствам іншых прадмэтаў. Існуе адзіная агульная субстанцыя, хоць і яна раздрабляецца паміж бязьлікага мноства асобных і сваеасаблівых целаў. Існуе адзіная душа, хоць і яна распадзеленая паміж мноствам істотаў і асобных стварэньняў. Існуе адзіная інтэлігэнтная душа, хоць і здаецца распадзеленаю. Іншыя прыналежныя часткі, як жыцьцёвыя сілы і матэрыяльныя пачаткі зьяўляюцца беспачуцьцёвымі і чужымі адзін аднаму; але і іх стрымліваюць у вадзінасьці і інтэлігэнтны пачатак (прынцып), і іх уласныя самапрыцяжэньні. Але інтэлект мае свомасьці гравітацыі ў напрамку блізкага яму, ён зьбліжаецца да яго, і гэтае імкненьне да сувязі ня можа быць аддзелена ад яго.
31. Чаго ты жадаеш сабе? Доўгага жыцьця? Інакш кажучы, ты жадаеш перажываць успрыйманьні, імкнуцца, разьвівацца? А пасьля спыніць разьвіцьцё? Карыстацца моваю, разважаць, што з усяго гэтага выдаецца табе вартым жаданьня? Калі ўсё сталася абыякасным, дык перайдзі да апошняга: паслухмянасьці, розуму і Богу. Але пашана да іх не сумяшчаецца з прыкрасьцю, зьвязанаю з фактам, што сьмерць пазбавіць нас калі-небудзь усяго, успомнутага вышэй.