Выбрать главу

32. Якая маленькая частачка бязьмернага і бязьмежнага часу выдзелена кажнаму з нас? Яшчэ крышку, і яна зьнікне ў вечнасьці. А якая малая частачка ўсяе сутнасьці? Якая малая частачка сусьветнае душы? На якім маленькім шматку зямлі мы поўзаем? Падумаўшы пра ўсё гэта, нічога ня лічы паважным, апрача аднаго: дзейнічай гэтак, як прадпісвае табе твая натура, што кіруе табою, і мірыся з усім тым, што прыводзіць да быцьця агульная натура.

33. Як карыстаецца сабою кіруючы пачатак? У гэтым знаходзіцца ўсё. Але ўсё іншае, ці знаходзіцца яно ў засягу сілы твае волі або не знаходзіцца, зьяўляецца толькі бяссільным попелам і дымам.

34. Нічога гэтак ня схіляе нас да пагарды сьмерцю, як думка аб тым, што і тыя, што прыемнасьць уважалі за дабро, а цярпеньне за зло, гэтаксама пагарджалі сьмерцю.

35. Чалавеку, для якога дабром зьяўляецца тое, што сваечасовым ёсьць, для якога няма розьніцы ці даканаць большую колькасьць дзеяньняў у сузгоднасьці з заўсёды маючым рацыю розумам, ці меншую, і якому абыякасна, ці сузіраць сьвет даўжэйшы ці карацейшы час — гэтакаму чалавеку сьмерць ня страшная.

36. Чалавек, ты быў грамадзянінам гэтага вялікага Места (сусьвету). Якую гэта чыніць розьніцу для цябе, што пяць гадоў (а што тры)? Бо тое, што ёсьць выгадным для (натуральных) правоў, ёсьць адпаведным для ўсіх. Што-ж жудаснага, тады, калі ані тыран, ані не несправядлівы судзьдзя, выслаў цябе з Места, але сама натура, якая асяліла цябе ў ім? Гэта тое самае, калі-б прэтор, які паставіў актара на сцэне, пазьней звольніў яго. — "Так, але я ня выканаў пяць дзеяў". — Ты кажаш дарэчы, але ў жыцьці тры дзеі твораць цэлую драму; бо тое, што мае тварыць сабою поўную драму, залежыць ад таго, хто стаўся прычынаю паўстаньня цэлага твору, а цяперака скарачэньня яго. І ты тут ні пры чым — ані ў першым выпадку, ані ў другім. Адыйдзі, затым, здаволеным, бо той, хто звальняе цябе, гэтаксама астаецца здаволеным.