У межах гэтае нешматслоўнае, але глыбокае ў сваім зьмесьце навукі стоікаў, Роздумы М.Аўрэліюса даюць глыбейшы ўгляд, зразумець, чым быў стоіцызм на пераломе нашага часулічэньня.
Чытаючы Роздумы М.Аўрэліюса, выступае ў нашым часе пытаньне суадносінаў аўтара да хрысьціянства, якое ў пару пісаньня Роздумаў, у рымскай імпэрыі было ў розным часе з розным насіленьнем прасьледавана. Вельмі магчыма, што факт гэты трэба аднесьці да наяўнасьці існаваньня бар'еры паміж філязафічнымі плынямі таго часу і пачынаючым хрысьціянствам, і гэтаю бар'ераю было незразуменьне па абедзьвюх сторанах. Даходзіў да гэтага мамэнт чыста палітычны.
Рымская інтэлігэнцыя наагул была ачытанаю і абазнанаю з філязафічнаю спадчынаю старажытных грэкаў; яна ўмела думаць абстрактна і дыскутаваць найболей важныя пытаньні, якія ў той ці іншай меры закраналі агульна людзкае жыцьцё.
Тыпічным прыкладам гэтага можа быць павязаньне дачыненьняў рымска-юдэйскіх. На арэну выступае асоба зь імем Понціюс Пілатус, рымскі пракуратар у Юдэі ў гадох 26–36. Ён ведамым пераважна з прычыны ягонага сувязку з судом і выкананьнем сьмяротнага прысуду над Ісусам з Назарэту, абвінавачанага жыдамі ў богазьняважаньні і адступніцтве ад традыцыйнае веры бацькоў. Ягоная вінаватасьць у гэтым судовым працэсе дыскутуецца праз доўгія стагодзьдзі і некаторымі людзьмі яшчэ сягоньня. Для нас найболей вымоўнай ёсьць сустрэча Пілата з Хрыстом, аб чым даведваемся зь эвангеляў. Кароткая канвэрсацыя, як падае нам эвангеліст Ян, ёсьць вельмі характэрнаю для нашае тэмы, якая ў кульмінацыйным сваім пункце гучыць:
Пілат сказаў яму:
— Дык ты кароль?
Ісус адказаў:
— Ты кажаш, што я кароль. Дзеля гэтае мэты я радзіўся, і затым прыйшоў на сьвет, каб выявіць праўду.
Пілат кажа яму:
— Што ёсьць праўда?
Сягоньня мы ведаем болей пра рымлянаў, пра жыдоў, пра Ісуса з Назарэту, пра хрысьціянства і, магчыма, пра праўду, пра якую ішла гутарка паміж абвінавачаным і рымскім прэторам.
Рымляне са сваім культурным даробкам і распрацаваным правам мелі добрую нагоду пазнаць большыя і меншыя народы, якія ўваходзілі ў склад іхнае вялікае імпэрыі. Рымскія ўлады наагул былі талерантнымі ў сэнсе рэлігійным, як і звычаёвага права на дадзенай тэрыторыі. Меншыя і большыя бунты ня былі нічым новым для Пілата, але на Юдэю ў Рыме глядзелі як на асаблівы край зь ягоным народам, законам і вераю. І, калі цяперака прывялі да яго яшчэ аднаго, якога абвінавачвалі ў нечым і дамагаліся сьмерці, магчыма прыпомніліся яму выпадкі зь мінуўшчыны: з Сакратасам, з Анаксагорасам і шмат іншымі філёзафамі, якія з прычыны іхнае лёкальнае веры не маглі знайсьці супольнага слова са сваім асяродзьдзем.
Вельмі характэрным выступае эпізод узаемадачыненьняў зь некаторымі прадстаўнікамі роду Гэрадаў — пануючае дынастыі, якая пераважна ўладу сваю апірала на Рыме. У дачыненьні з нашаю тэмаю, Дзеяньні сьв. Апосталаў (разьдзелы 25 і 26) пераказваюць нам вельмі вымоўны абраз узаемадачыненьняў паміж асьвечанымі прадстаўнікамі жыдоўскае супольнасьці, з аднае стараны, і з другое — самога народу пад правадырствам фарысэяў і садукеяў, тонучага ў глыбіні вузка-рэлігійных супярэчнасьцяў.
Уся справа абяртаецца навакол рэлігійнага пытаньня са шматлікімі ўдзельнікамі ў ёй.
Портыюс Фэстус, рымскі пракуратар, толькі што пераняў уладу ў Юдэі ад Антоніюса Фэлікса. Абодва яны з дынастыі Гэрадаў. Запазнаючыся бліжэй са сваімі абавязкамі ў вызначанай яму правінцыі, прыбывае ён у Ерузалім. Карыстаючыся з гэтае нагоды (25:2), жыды зьявіліся перад Фэстусам і дамагаліся, каб гэты з Кесарэі (рымская сталіца на Юдэю), прыслаў у Ерузалім Паўла, каб тут дамагчыся ягонае сьмерці. Але Фэстус фармальна просьбу іхную адхіліў і сам вярнуўся ў Кесарэю.
Далейшая нарацыя гэтага здарэньня (25) характэрная тым, што рымскія ўлады прытрымліваліся свайго права, і лічыліся з лёкальнымі звычаямі (25:12). Гэта стварыла магчымасьць для Паўлы выйсьці з-пад уплыву закону лёкальна-рэлігійнага і паддацца ў Рым і стануць перад рымскім правам і судзьдзямі, вольнымі ад забабонаў. Па-другое, прадстаўнікі рымскае культуры проста не маглі ўцяміць пра што жыдам ідзе, а калі пачулі, што абвінавацелі «мелі… зь ім нейкія спрэчкі адносна іхных забабонаў, ды аб нейкім памершым Ісусе, адносна якога Паўла ўтрымліваў, што ён [хоць і памер], але жыве (25:19), дык Фэстус, чуючы гэта, рад быў, што Паўла адклікаўся да кесара і, высылаючы яго ў Рым, асвабаджаў самога сябе ад справы, сутнасьці якое ён ня мог зразумець. Як вынікае з тэксту (25:27), Фэстус разам зь вязьнем-Паўлам выслаў у Рым і адпаведны, выясьняючы справу, ліст, які, як можна здадумацца, мусіў учыніць сваеасаблівае ўражаньне на тых у Рыме, што чыталі яго.