16. Ад бацькі свайго — далікатнасьць характару і непахіснасьць у пастановах адносна рэчаў, якія ён прадпрыймаў пасьля абмеркаваньня; і адсутнасьць зацікаўленьня ў рэчах, якія людзі называюць гонарамі; і любасьць да працы і вытрываньне; і гатоўнасьць выслухаць кажнага з тых, хто меў што-небудзь прапанаваць дзеля агульнае памыснасьці; і няўхільную рашучасьць узнагародзіць кажнага паводля ягоных заслугаў, і веду, якая выток свой бярэ з дасьведчаньня энэргічнага чыну, прадпрынятага ў адпаведным часе, і адпачынку; і я спасьцярог, што ён перамог у сабе цягу да падросткаў; і ён не ўважаў самога сябе большым, чымся кажнага іншага грамадзяніна; і ён звольніў сваіх прыяцеляў ад абавязку прысутнічаньня на ягоных вячэрах і ня змушаў іх таварышыць яму ў падарожжах у іншыя краіны, і тыя, што зь якіх-небудзь меней важных прычынаў не маглі таварышыць яму, заўсёды пазьней знаходзілі яго ў той самай прыхільнасьці да іх. І тое я спасьцярог, што ў часе нарадаў ён дамагаўся, каб дакладна дасьледжанымі былі ўсе абставіны справы і ніколі не канчаў нарадаў, здавальняючыся першаю абыякою пастановаю; і, што ягоная прыхільнасьць да блізка пастаўленых не дазваляла зьменьваць іх паводля капрызу, але і не выяўлялася да іх сваею празьмернасьцю. Пэўнасьць сваіх сілаў і прысутная яму бадзёрасьць, былі ягонымі сталымі спадарожнікамі; і прадбачваў ён далёка надыходзячыя падзеі і прадугледжваў самыя малыя абставіны, не фанабэрачыся гэтым; улегласьць і наагул усялякая лісьлівасьць былі абрыдлымі для яго; ён заўсёды стаяў на стражы гаспадарсьцьвеных інтарэсаў і ашчадна выдаткаваў грамадзкія сродкі, не баючыся ўпіканьняў са стараны; і аднолькава далёкімі для яго былі гэтак прымхі адносна багоў, як і падлашчваньне і дагаджаньне людзям або падтакваньне натоўпу — наадварот, цьвярозасьць ўва ўсіх рэчах і непахіснасьць з вычуцьцём смаку і ніколі на поўдарозе думкі або чыну, ці ў пагоні за навінкамі. Што да рэчаў, якія ахарошваюць жыцьцё і якімі доля надарыла яго пад дастаткам, дык імі карыстаўся ён бяз пыхлівасьці, але і без перапрашаньня самога сябе; затым, калі ён меў іх, дык і карыстаўся імі без прэтэнсыянальнасьці, а калі чаго ня меў — таго і не патрабаваў. Ніхто і ніколі ня мог сказаць пра яго, што ён сафісты або дамарослы баўбатун ці пэдант; але кажны прызнаваў у ім чалавека дасьпелага, дасканалага, недаступнага падлізьніцтву, здольнага ўладзіць свае справы, як і чужыя. Апрача гэтага, ён з пашанаю адносіўся да тых, што былі праўдзівымі філёзафамі, і ён не пагарджаў тымі, каторыя прэтэндавалі на філёзафаў, як і не ставаўся лёгкім для іхных уплываў. Ён быў зраўнаважаным у гутарцы зь людзьмі, не без таго, каб пажартаваць часамі, без абразы для каго-небудзь. Ён рацыянальна клапаціўся адносна свайго цела, але не як чалавек, што хапаецца за жыцьцё, не імкнучыся да ўласнае вонкавае прыгожасьці, але і не пакідаў гэтае рэчы ў занядбаньні, сваею ўвагаю да сябе, ён вельмі рэдка знаходзіўся ў патрэбе лекарскага мастацтва або ў вонкавых ці ўнутраных лекаў. Але асабліва прыгожа выступала ў яго тая гатоўнасьць, зь якою ён прызнаваў перавагу людзей, якія здабылі асаблівую аўтарытэтнасьць у якой-небудзь галіне, напрыклад, у красамоўстве, пазнаньні правоў, маральнасьці, ці чаго-небудзь іншага; ён нават прыкладаў стараньні, каб кажны зь іх стаўся ведамым паводля свае здольнасьці; і ён заўсёды дзейнічаў у сузгоднасьці з інстытуцыямі свайго краю, бяз выражэньня, што ён імкнецца ў гэтым кірунку. І далей, ён быў далёкім ад незаўсёднасьці і непаседлівасьці, затым бо любіў ён аставацца ў тых самых мясцовасьцях і пры адных і тых самых занятках. Пасьля жорсткіх прыпадкаў галаўное болі, ён зараз-жа браўся за штодзенныя справы. Ягоныя сакрэты ня былі шматлікімі, было іх некалькі і вельмі рэдка, і толькі тыя, што адносіліся да грамадзкіх справаў. Ён выявіў разважнасьць і эканамічную памяркоўнасьць у наладжваньні публічных відовішчаў і ў пабудове грамадзкіх будынкаў, ягоных данацыяў для людзей і ў падобных рэчах, бо ён быў чалавекам, які кіраваў сваю ўвагу на тое, што павінна быць учыненым, а не на славу, якая ідзе ў пары з чынам чалавека. Ён не карыстаўся лазьнямі ў нявызначаным часе, не захапляўся пабудоваю будынкаў, быў непераборлівы ў пытаньні яды, тканіны ці колеру вопраткі або прыгожасьці сваіх нявольнікаў. Ягоная адзежа пастарчалася ў Рым зь ягонага дому ў Лёрыюм і пераважна зь Лянувіюм. Ведамым ёсьць, як ён аднёсься да зьбіральніка падаткаў у Тускулюме, які прасіў дараваць яму; і гэтакімі заўсёды былі ягоныя паводзіны. Нічога ў ім ня было жорсткага, ані няпрыстойнага, ці гвалтоўнага, або, як гэта кажацца, з таго, што кідае чалавека ў пот; наадварот, ён старанна абмяркоўваў усе рэчы, быццам меў ён даволі часу, супакойна, трымаючыся свомага для яго парадку, цярпліва, у вадпаведнасьці да дадзенае справы. Да яго зусім добра можна было-б прытарнаваць тое, што апавядаецца пра Сакратаса, пайменна, што апошні мог паўстрымацца і цешыцца тымі рэчамі, адносна якіх шматлікія зь людзей ня могуць паўстрымацца і ў карыстаньні ня ведаюць сабе меры. Але праяўляць у вадным выпадку цярплівасьць, у іншым — паўстрыманьне, а яшчэ ў іншым — цьвярозасьць думкі: усё гэта разам ёсьць годным чалавека, які мае дасканалую душу і характар непахіснасьці. Гэтакім якраз выявіў сябе ў часе хваробы Максімус.