У сумоце, у вечаровым сутонні я прайшоўся па кабінеце. Калі параўняўся з лямпаю, убачыў, як у бяскрайнім цямноцці палёў мільганула маё бледнае аблічча поруч з агеньчыкам лямпы ў акне.
«Я падобны на Лжэдзмітрыя», — раптам недарэчна падумаў я і зноў усеўся за стол.
Гадзіны дзве ў самоце я мучыў сябе і дамучыў да таго, што ўжо больш мае нервы не вытрымлівалі натвораных мною страхаў. Тут я пачаў супакойвацца і нават строіць некаторыя планы.
Ну так-с… Прыём, яны кажуць, цяпер невялікі. Па сёлах труць лён, бездараж… «Вось тут табе кілу і прывязуць, — бабухнуў суровы голас у мазгах, — бо ў бездараж чалавек з насмаркам не паедзе, а кілу прыцягнуць, будзь пэўны, дарагі калега-доктар».
Голас быў не такі дурны, ці не праўда? Я скалануўся.
«Маўчы, — сказаў я голасу, — неабавязкова кіла. Дый што за неўрастэнія? Узяўся за гуж, не кажы, што не дуж».
«Назваўся грыбком, лезь у сявеньку», — яхідна абазваўся голас.
Што ж… з даведнікам я расставацца не буду… Калі што выпісаць, можна, пакуль мыеш рукі, абдумаць. Даведнік ляжацьме разгорнуты проста на кнізе запісвання хворых. Буду выпісваць карысныя, але няцяжкія рэцэпты. Ну, напрыклад, натрый саліцыліці — 0,5, па адным парашку тры разы на дзень…
«Соду можна выпісаць!» — яўна здзекуючыся, абазваўся мой унутраны субяседнік.
Пры чым тут сода? Я і іпекакуану выпішу інфузум… на 180. Або на дзвесце… Хвіліначку…
І тут жа, хоць ніхто і не патрабаваў ад мяне цяпер на адзіноце з лямпаю іпекакуаны, я маладушна перагарнуў рэцэптурны даведнік, праверыў іпекакуану, а заадно прачытаў машынальна і пра тое, што існуе на свеце нейкі «інсіпін». Ён не што іншае, як «сульфат эфіру хініндыгліколевай кіслаты»… Аказваецца, смаку хініну не мае! Але навошта ён? І як яго выпісаць? Ён што — парашок? Чорт на яго!
«Інсіпін інсіпінам, а як жа ўсё-такі з кілою будзе?» — упарта прыставаў страх у выглядзе голасу.
«У ванну пасаджу, — азвярэла абараняўся я, — у ванну. І паспрабую ўправіць».
«Зашчэмленая, мой ты анёл! Якія тут, к чортавай мацеры, ванны! Зашчэмленая, — шайтанскім голасам спяваў страх. — Рэзаць трэба…»
Тут я здаўся і траха не заплакаў. І мальбу ў цемнату за акно паслаў: усё, што хочаш, толькі не зашчэмленую кілу.
А стомленасць напявала:
«Лажыся ты спаць, няшчасны эскулап! Выспішся, а ўранні будзе відаць. Супакойся, юны неўрастэнік. Глядзі: у цямноцці за вокнамі спакой, спяць акалелыя палі, няма ніякай кілы. А ўранні будзе відаць. Асвойтаешся… Спі… Палажы атлас… Усё роўна нічагутка цяпер не разбярэш. Абкальцаваная кіла…»
Як ён уляцеў, я нават не ўцямлю. Памятаю, клямка ў дзвярах бразнула, Аксеня нешта піснула. Ды яшчэ за вокнамі рыпнулі калёсы.
Ён без шапкі, у расплікнутым кажусе, са злямчанаю бародкаю, з шалёнымі вачыма.
Ён перахрысціўся, і ўпаў на калені, і бухнуўся лбом у дол.
«Я прапаў», — у роспачы падумаў я.
— Што вы, што вы, што вы! — замармытаў я і пацягнуў за шэры рукаў.
Твар яго перакрывіўся, і ён, захліпаючыся, пачаў падганяць непаслухмяныя словы:
— Пане доктар… пане… адзіная, адзіная… Аднюсенькая! — крыкнуў ён раптам па-юначы звонка, так, што заскакаў абажур на лямпе. — Ах ты, божухна! Ах… — Ён у роспачы заламаў рукі і зноў забухаў ілбом у маснічыны, як бы хацеў разбіць яго. — За што? За што кара? Чым прагнявілі?
— Што? Што здарылася?! — выкрыкнуў я, чуючы, што халадзею.
Ён ускочыў на ногі, хіснуўся бліжэй і прашаптаў:
— Пане доктар… што хочаце… грошай дам… Грошы бярыце якія хочаце. Якія хочаце! Харчы будзем прывозіць… Толькі каб не памерла. Толькі каб не памерла. Калекаю астанецца — няхай сабе. Няхай сабе! — крычаў ён у столь. — Хопіць пракарміць, хопіць.
Бледны Аксенін твар вісеў у чорным квадраце дзвярэй. Скруха абвілася вакол майго сэрца.
— Што?.. Што? Гаварыце! — крыкнуў я пакутліва.
Ён сціх і шэптам, як бы сакрэтам, сказаў мне, і вочы яго сталі бяздонныя:
— У мялку папала…
— У мялку… у мялку? — перапытаў я. — Што гэта такое?
— Лён, лён цёрлі… пане доктар… — шэптам патлумачыла Аксеня, — у мялцы… лён труць…
«Вось пачынаецца. Вось… О, навошта я прыехаў!» — з жахам падумаў я.
— Хто?
— Дачка мая, — адказаў ён шэптам, а потым крыкнуў: — Памажыце! — І зноў паваліўся, і пастрыжаныя ў кружок яго валасы звіслі яму на вочы.
Лямпа-«маланка» са скрыўленым бляшаным абажурам гарэла зырка, двума рагамі. На аперацыйным стале, на белай, са свежым пахам, цыраце я яе ўбачыў, і кіла патухла ў маёй памяці.