І косць адпала. У руках у Дзям'яна Лукіча асталося тое, што было дзявочаю нагою. Акраўкі мяса, косці! Усё гэта адкінулі ўбок, і на стале аказалася дзяўчына як бы ўкарочаная ў тры разы, з адтатурчанай убок куксаю. «Яшчэ, яшчэ трошкі… не памірай, — акрылена думаў я, — пацярпі да палаты, дай мне выскачыць шчасліва з гэтага жахлівага выпадку майго жыцця».
Потым вязалі лігатурамі, потым, пстрыкаючы коленам, я пачаў рэдкім швом зашываць скуру… але спыніўся, шчасліва скеміўшы… пакінуў месца для сцёку… уставіў марлевы тампон… Пот засцілаў мне вочы, і мне здавалася, што я ў лазні…
Аддыхаўся. Цяжка паглядзеў на куксу, на васковы твар. Папытаўся:
— Жывая?
— Жывая, — як маўклівае рэха, адгукнуліся адразу і фельчар, і Ганна Мікалаеўна.
— Яшчэ хвілінку пражыве, — аднымі губамі, без гуку ў вуха сказаў мне фельчар. Потым запнуўся і далікатна параіў: — Другой нагі можна і не чапаць, доктар. Марляю, ведаеце, заматаем… а то не дацягне да палаты… А? Усё ж лепш, калі не ў аперацыйнай сканае.
— Гіпс давайце, — сіпла адгукнуўся я, падштурхнуты невядомаю сілаю.
Уся падлога была заляпана белымі плямамі, усе мы абліваліся потам. Напаўмёртвае цела ляжала нерухома. Правая нага была забінтавана гіпсам, і ззяла на галёнцы пакінутае мною «акно» на месцы пералому.
— Жыве… — здзіўлена хрыпнуў фельчар.
Потым яе пачалі падымаць, і пад прасціною быў відзён страшэнны правал — трэцюю частку яе цела мы пакінулі ў аперацыйнай.
Потым калыхаліся цені ў калідоры, шмыгалі сядзелкі, і я бачыў, як па сцяне пракралася растрапаная мужчынская постаць і суха застагнала. Але яго вывелі. І сціхла.
У аперацыйнай я мыў акрываўленыя па локці рукі.
— Вам, доктар, мабыць, прыходзілася рабіць аперацыі? — раптам папыталася Ганна Мікалаеўна. — Вельмі, вельмі добра… Не горш, як у Леапольда…
У яе вуснах слова «Леапольд» заўсёды гучала, як «Дуайен».
Я спадылба зірнуў на твары. І ва ўсіх — і ў Дзям'яна Лукіча, і ў Пелагеі Іванаўны — заўважыў у вачах здзіўленне і паважанне.
— Кхм… я… я толькі два разы рабіў, калі сказаць праўду.
Навошта я зманіў? Цяпер я гэтага не разумею.
У бальніцы стала ціха. Зусім.
— Калі памрэ, абавязкова прышліце па мяне, — напаўголаса загадаў я фельчару, і ён чамусьці замест «добра» адказаў з пашанаю:
— Слухаю-с…
Праз некалькі хвілін я быў каля зялёнае лямпы ў кабінеце доктарскай кватэры. Дом маўчаў.
Бледны твар адлюстроўваўся ў чарнюсенькай шыбе.
«Не, я не падобны на Дзмітрыя Самазванца, і я, калі хочаце, пастарэў неяк… Маршчына над пераноссем… Зараз пастукаюць… скажуць: „Памерла…“»
«Ну але, пайду і пагляджу апошні раз… зараз пастукаюць»…
У дзверы пастукалі. Гэта было праз два з паловаю месяцы. У акне зіхацеў адзін з першых зімовых дзён.
Увайшоў ён, толькі тады я яго разгледзеў. Папраўдзе, рысы твару правільныя. Гадоў сорак пяць. Вочы гараць, пырскаюць іскрамі.
Потым шалясценне… На дзвюх мыліцах ускочыла найдзіўнейшага хараства аднаногае дзяўчо ў шырознай спадніцы з чырвонай аблямоўкаю ў падоле.
Яна паглядзела на мяне, і шчокі яе заліло чырванню.
— У Маскве… у Маскве… — і я пачаў пісаць адрас, — там зробяць пратэз, штучную нагу.
— Руку цалуй, — раптам нечакана сказаў бацька.
Я да таго разгубіўся, што замест губ пацалаваў яе ў нос.
Тады яна, абвісаючы на мыліцах, разгарнула скрутак, і выпаў доўгі снежна-белы ручнік з немудрагеліста вышытымі чырвонымі пеўнямі. Дык вось што яна хавала пад падушку на аглядах. Нездарма ж, я памятаю, ніткі ляжалі на століку.
— Не вазьму, — сярдзіта сказаў я і нават галавою заматаў. Але ў яе стаў такі твар, такія вочы, што я ўзяў…
І доўга ён вісеў у мяне ў спальні ў Мураўёве, потым падарожнічаў са мною. Нарэшце знасіўся, выцерся, падраўся і недзе дзеўся, як сціраюцца і недзе дзяюцца ўспаміны.