Сяргей Грахоўскі
РУДАБЕЛЬСКАЯ РЭСПУБЛІКА
Дакументальная аповесць
Падрыхтаванае на падставе: Грахоўскі С., Рудабельская рэспубліка. Дакументальная аповесць. Мінск, «Беларусь», 1968. 324 с.
Copyright © 2013 by Kamunikat.org
АД АЎТАРА
Дзе яна, Рудабельская рэспубліка?
На картах ці ў падручніках геаграфіі яе не знойдзеце. I ўсё ж яна была, змагалася за права «людзьмі звацца», за свабоду, за праўду, за сённяшні дзень.
Гісторыя гэтага краю незвычайная i гераічная: у Рудабелцы амаль ніколі не было акупантаў, тут ніколі не апускаўся чырвоны сцяг, падняты над рэўкомам у лістападзе 1917 года.
Як жа ўдавалася амаль бяззбройным сялянам адстойваць сваю свабоду ад страшэннай навалы, што з усіх бакоў у розных мундзірах i пад рознымі сцягамі паўзла на Савецкую краіну? Хто гэта помніць? Хто пра гэта раскажа?
Герояў i ўдзельнікаў тых падзей застаецца ўсё меней i меней. Амаль не захавалася дакументаў часоў грамадзянскай вайны на Рудабельшчыне, не ўсё зберагла i людская памяць. I ўсё ж нельга, каб адна з яскравых старонак нашай гісторыі была забыта. Неабходна ўзнавіць найбольш важныя падзеі паўвекавой даўніны, расказаць пра першыя крокі савецкай улады на Палессі.
Зрабіць гэта мяне заклікала грамадзянскае сумленне, з'явілася прагнае жаданне падзяліцца з нашымі сучаснікамі тым, што ведаў раней, пра што дазнаўся ў апошні час.
У дзяцінстве я жыў непадалёк ад Рудабелкі. Памяць захавала водгулле тых падзей, абліччы некаторых герояў, факты i самую атмасферу грамадзянскай вайны. У 1935 годзе сустракаўся з многімі рудабельскімі партызанамі, з ix бацькамі i дзецьмі. З таго часу мяне хвалявала гэтая тэма, i я зноў пачаў пошукі. Удалося знайсці сястру першага старшыні рудабельскага рэўкома Аляксандра Салаўя — Марыю Раманаўну Андрэеву. Многія сцвярджалі, што яна загінула ў 1920 годзе. А яе ўласнае жыццё варта ўсхваляванай аповесці пра мужнасць i адданасць рэвалюцыі. Успаміны Марыі Раманаўны дапамаглі мне ўявіць многія рысы характару, зразумець вытокі ўчынкаў i подзвігаў яе гераічнага брата.
Шмат цікавага пра дзейнасць бальшавікоў Бабруйшчыны ў гады нямецкай акупацыі 1918 года расказаў мне былы намеснік старшыні павятовага рэўкома Пётр Міхайлавіч Серабракоў. Потым былі сустрэчы ў Рудабелцы, Глуску, Бабруйску, у Мінску i Маскве з былымі паплечнікамі Caлаўя. Гутаркі з таварышамі А. Падутам, Ул. Шантырам, Ц. Валодзькам, Б. Адзінцом, Н. Звайковічам, С. Герасімовічам, Ф. Кабернікам, Т. Жулегам, Ц. Тоўсцікам, А. Равінскай, М. Драпеза, Г. Агал узбагацілі мяне каштоўнымі фактамі i характарыстыкамі, натхнілі да працы над гэтаю кнігаю.
Сабраўся вялікі матэрыял. З яго трэба было адабраць самае значнае i цікавае. Хацелася перадаць атмосферу тае пары, уявіць характары, паводзіны, настроі i думкі герояў. Трэба было расказаць пра першых бальшавікоў Рудабельшчыны, пра сотні людзей, якія ішлі за імі, узнавіць слаўнае імя i подзвігі сапраўднага беларускага Чапаева — Аляксандра Раманавіча Салаўя.
Праўда, самаахвярная барацьба рудабельцаў у часе Вялікай Айчыннай вайны ў некаторай ступені засланіла подзвігі выдатных герояў першых рэвалюцыйных гадоў. Партызаны грамадзянскай вайны, ix дзеці i ўнукі ў першы ж дзень вайны сталі на абарону роднай зямлі. Ix узначаліў першы сакратар райкома партыі Ціхан Піменавіч Бумажкоў. У глыбокім тыле ворага Кастрычніцкі раён увесь час заставаўся савецкім: тут праходзілі партыйныя канферэнцыі, працавалі школы, выдавалася газета «Чырвоны мсцівец», людзі жылі пa савецкіх законах, над раёнам палымнеў чырвоны сцяг.
Былая Рудабелка — цяпер звычайны гарадскі пасёлак, цэнтр Кастрычніцкага раёна Гомельскай вобласці. Туды штодня прыходзяць цягнікі, адзін за адным прыбываюць рэйсавыя аўтобусы, прылятаюць пасажырскія самалёты. Спакойна цячэ вузенькая Нератоўка, абапал вуліц шумяць старыя вербы. Тут весела i спорна працуюць добрыя i шчырыя людзі, растуць i вучацца дзеці.
Пра гераічнае мінулае нагадваюцъ толькі многія курганы ды брацкія магілы. Да ix ніколі не зарастаюць людскія сцежкі.
Працуючы над аповесцю, я быў вымушаны ў некаторых месцах адступщь ад храналогіі падзей, не заўсёды трымацца геаграфічнай дакладнасці, змяніць некалькі прозвішчаў i стварыць абагуленыя вобразы, бо пісалася не гісторыя, a літаратурны твор на дакументальнай аснове.
Буду рады, калі гэтая невыдуманая аповесць дасць маладому чытачу хоць некаторае ўяўленне пра адну з гераічных старонак нашага рэвалюцыйнага мінулага.
РУДАБЕЛЬСКАЯ РЭСПУБЛІКА