Выбрать главу

Па дарогах, па сцежках, пратаптаных у полі, нацянькі праз гароды i пералазы ішлі мужчыны, кабеты i дзеці. Жанчыны надзелі святочныя андаракі, абулі лапці на беленькія кужэльныя анучы, a ў каго былі, нацягнулі каляныя высокія чаравікі на гузіках, завязалі стракатыя хусткі. Ішлі да воласці, як на фэст.

— Куды гэта так прыбралася? — пыталася суседка ў суседкі.

— Сама ж кашміроўку завязала, а яшчэ пытае.

— Што ж там у воласці будзе?

— Пабачым. Нешта скажуць.

— Мой плявузгаў — зямлю дзяліць будуць.

— А дзе яе ўзяць, каб дзяліць?

— Раманаў сын у торбе з хронту прывёз.

— Хіба што ў торбе.

Перакідаліся пытаннямі i жарцікамі, ідучы з Кавалёў, Карпілаўкі i Рудні, з лясных хутароў i выселкаў. З Харомнага ішлі ўтраіх: Раман Салавей, Аляксандр i яго маладзенькая сястрычка Марылька. Стары зранку пагаліўся сынаваю брытвай, уздзеў новую світку сваёй работы, насунуў шапку з блішчастым казырком,

Яны ледзь не да раніцы прагаварылі з сынам. Раман па некалькі разоў чытаў i перачытваў «Известия Центрального Исполнительного Комитета и Петроградского Совета рабочих и солдатских депутатов» i невялічкія афішкі, аддрукаваныя на тонкай паперы.

— Што ж цяпер будзе, сынок? — дапытваўся стары.— Кажаш, зямлю раздадуць мужыкам. A хіба ж гэтыя выжлятнікі так яе аддадуць? Гатальскі глотку перакусіць за сваё.

— У тым i штука, тата, што не ix яна, а нашая. Таму, хто арэ i сее, належыць зямля. На тое i рэвалюцыю рабілі, i паміралі, каб жывым добра, па праўдзе жылося.

— Я думаю так, што яшчэ пабіцца з імі прыйдзецца, крыві нямала праліць, пакуль нашаю яна будзе.

— I паб'ёмся. Біцца мы навучаныя. Цара скінулі — не пабаяліся, Керанскаму ria загрыўку далі i з гэтымі ўправімся.

Марылька ледзь паспявала за братам. Ёй хацелася ісці побач з ім, глядзець на абветраны твар, на тонкія вусікі, на прыгожы, з гарбінкаю нос, на цёмныя, глыбока запалыя вочы.

Як ён змяніўся за гэтыя гады: сустрэла б дзе-небудзь i не пазнала б. Свой, блізкі i нейкі чужы, так мала знаёмы. Калі ўспамінала раней, дык толькі такога, якім быў да прызыву: паслухмяным i добрым. Ён слухаўся бацьку, араў з ім i касіў, капанічыў ляды ў Хлебнай паляне, a калі падраслі i падужэлі Пятрок з Косцікам, на луг за татам ішлі тры касцы. Зайздросцілі людзі Раману, што такіх дубоў выгадаваў. Петрака болей ніколі не ўбачыць Марылька. Успомніла брата, i заказыталі слёзы ў горле. A быў жа такі прыгажун i весялун. Калясачку ёй, маленькай, некалі зрабіў, на поле вазіў на жніво, на гармоніку вечарынкі граў, дзеўкі за ім чарадою хадзілі. А цяпер i магілкі яго нідзе не знойдзеш. Яна. выцерла вочы.

— Ты чаго, Марылька? — зірнуў на яе Аляксандр.— Можа, пакрыўдзіў хто?

— Не, вецер у вочы.

Каля воласці было поўна народу. Стаялі купкамі, гаманілі. Мужчыны курылі на ганку. Кабеты ў чырвоных, зялёных i сініх андараках, у суконных кабаціках i зграбных світках сядзелі i стаялі ў зборні i на валасным двары. Расказвалі, калі чыя кароўка ацеліцца, хто колькі капусты нашаткаваў, бульбы ў капец насыпаў.

— Пагляньце, пагляньце, бабачкі, ідзе ж Раман з сынам,— сакатала Параска.— Пыталася ўчора ў яго пра свайго Амялляна, думала, мо бачыў дзе.

— Вайна вялікая, маладзіца, людзей, як мурашак. Дзе там знойдзеш твайго Амялляна,— уздыхнула высокая, худая, з сівымі пасмамі жанчына.— Трох сыноў аддала, як у пельку боўтнула. Германец ерапланамі б'е і, кажуць, нейкім смярдзючым дымам душыць.

Раман астаўся з мужчынамі, Марылька падбегла да дзяўчат, Аляксандр павітаўся з усімі i пайшоў у воласць.

A людзі ўсё падыходзілі i падыходзілі. Ужо быў повен двор, стаялі на вуліцы, сядзелі, дзе хто прымасціўся. Чакалі, што ім скажа Раманаў сын. Гэта ж прыехаў з самога Петраграда, свет бачыў, законы нейкія новыя прывёз, зямлю, кажуць, раздаваць будзе па тых бальшавіцкіх законах. Пра вайну, каб яна спрахла, нешта скажа.

На ганак вынеслі стол. Усе адразу памкнуліся бліжэй. Заднія станавіліся на дыбачкі, хлапчукі ў аблавухіх бацькавых шапках, у матчыных каптанах з доўгімі рукавамі паўзлазілі на платы i ўглядаліся ў адчыненыя дзверы.

— Ідуць, ідуць! — закрычалі хлапчукі.

Да стала падышоў Пракоп Малаковіч, за ім —

Максім Ляўкоў i Аляксандр Салавей. Людскі натоўп прыхлынуў яшчэ бліжэй i пачаў сціхаць.

Наперад выйшаў Пракоп у саматканым суконным фрэнчы, перацягнутым шырокай папругаю, у высокай салдацкай папасе, збітай на патыліцу. Ён падняў руку. Гамана сціхла.