Выбрать главу

Ён чытаў пра тое, што забараняецца псаваць панскую маёмасць, якая цяпер належыць усяму народу, што права прыватнай уласнасці на зямлю адмяняецца назаўсёды, што зямлю нельга ні прадаваць, ні купляць, ні аддаваць у арэнду, што зямля пераходзіць у карыстанне ўсіх тых, хто працуе на ёй. I закончыў:

— «Зямля радавых сялян i радавых казакоў не канфіскуецца. Старшыня Савета народных камісараў Уладзімір Ульянаў (Ленін), 26 кастрычніка 1917 года».

Скалануўся, загуў натоўп, загаманілі ўсе разам.

— Калі будзем дзяліць?

— Па колькі на душу прыпадзе?

— Панскіх коней трэба раздаць!

— От праўда! Каб хоць дроў навазіць.

— А чым карміць будзеш?

— I сена забяром!

Малаковіч гхаляпаў далонню па стале.

— Бабы, мужчыны, сціхніце вы! — спрабаваў ён перакрычаць разварушаны, гаманлівы натоўп. A людзі не сунімаліся. Яны першы раз сабраліся ўсе разам i пачулі такое, што ўчора яшэ i не снілася. Адны верылі ў новыя законы Саветаў i ўжо бачылі свае надзелы i добрага каня з панскай стайні, другім не верылася, што так можа быць: каб такі закон напісаў які-небудзь цар, i то наўрад ці паверылі б, а то нейкі Савет! Што ён можа? Якая ў яго сіла? Хто паслухаецца таго Савета?

Аляксандр Салавей падняў руку. Голас яго губляўся ў гуле натоўпу, але людзі пакрысе змаўкалі i сунімалі другіх.

— Тут пытаюць, як i што, па колькі зямлі даваць будуць? К вясне падзелім панскую i шляхецкую, каб пасеяцца. А каб усё зрабіць па-людску, па закону, па совесці, трэба выбраць сваю ўласць — валасны рэвалюцыйны камітэт. Выбірайце таго, каму верыце. А хто хоча што сказаць, хай выходзіць сюды на ганак.

— Што там казаць! — пачуліся галасы.

— I так ясна!

— А я от што скажу,— пачаў праціскацца наперад чорны худы стары.

— Што ён там скажа?

— Зноў пра турэцкую вайну байку адпаліць.

— Хай гаворыць!

Натоўп пачаў расступацца.

Дзед узышоў на ганак, зняў выцертую авечую шапку, скамечыў у руках.

— Усё ета добра, што саветы напісалі. Без зямлі мужык, як рыба без вады, задыхнецца. А от зачнем дзяліць тую зямлю, i кожан захоча сабе большы i лепшы загон ухапіць. За чубы счэпімся, каламі галовы адзін аднаму парасквашваем. Праўду кажу, мужчыны? Значыцца, трэба некага аднаго слухацца. Кажуць, власнгл, як яго там, гэты самы мікіцет трэба. Хай будзе мікіцет, але каб добра змікіціў. I яшчэ вам скажу на свой дурны розум: лепшага за Ляксандру Раманавага нам не знайсці. Што да граматы ці там да справядлівасці, адным словам, совесны чалавек. Хай будзе Салавей!

Ён надзеў шапку задам наперад i пад згодны гул сышоў з ганка. За сталом падняўся Пракоп Малаковіч.

— Хто за тое, каб старшынёй рэўкома быў Салавей Ляксандра, падніміце рукі.

Адразу шуснулі ўгару сотні абсівераных чырвоных рук, i пакацілася гамана.

— Хай будзе!

— А што, хлопец добры!

— Сваіх у крыўду не дасць.

— Самастаяцельны i наш чалавек.

А иейкая маладзіца крыкнула:

— Ажаніць спярша трэба.

У пярэдніх радах пракаціўся рогат.

— Сам не маленькі.

Расчырванелая Марылька пазірала з натоўпу на брата i ўпершыню за свае дваццаць гадоў была такая шчаслівая. Ёй зайздросцілі сяброўкі i не зводзілі вачэй з ладнага, прыгожага Аляксандра. Мабыць, кожная бачыла сябе з ім побач i хацела, каб ён прыкмеціў яе, усміхнуўся ёй.

Раман стаяў сярод мужчын, i старому не верылася, што гэта яго родны сын, той самы Алесь, з якім яны столькі пагаравалі па чужых кутках, на шляхецкіх загонах, на здзірванелых лядах. Думы старога перабіў знаёмы голас:

— Дзякую вам, таварышы, што давяраеце мне. Кажу тут пры ўсіх, што не пашкадую сіл i жыцця за Савецкую ўласць, за партьно бальшавікоў, за рэвалюцыю. А цяпер нам трэба выбраць яшчэ сакратара i членаў рэўкома. Кажыце, каго б вы хацелі.

— Максіма Архіпавага!

— Анупрэя Драпезу!

— Малаковіча Пракопа!

— Лятзона Адзінца! — выкрыквалі з натоўпу.

Зноў паднімаліся задубелыя рукі, калыхаўся i гуў натоўп. Толькі што абраныя члены рэўкома выходзілі на ганак i станавіліся за сталом. Аляксандр Салавей узяў у рукі доўгі, гладка абструганы кіёк. Верх яго быў абкручаны нечым чырвоным. Усе глядзелі i не ведалі, што гэта ён трымае. Тады старшыня рэўкома выйшаў на самы краёчак ганка, высока паДняў кій i пачаў яго раскручваць. Над галовамі ўскалыхнулася чырвонае палотнішча.

— Таварышы рудабельцы,— загаварыў Салавей.— Гэта наш чырвоны сцяг, сцяг рэвалюцыі. На ім кроў тых, што загінулі за простых людзей, за шчасце i свабоду. З сённяшняга дня ён будзе вісець над рэўкомам.