Выбрать главу

Там, дзе чырвоны сцяг, там Савецкая ўласць. Трэба, каб у кожным сяле, на кожным бядняцкім хутары былі такія сцягі. Няхай паны, шляхта i ўсе ведаюць, што да нас прыйшла рэвалюцыя, што цяпер наша ўласць!

— Калі ж бо краму няма. З чаго ix зробіш? — выкрикнула з першага рада Параска.

— Хто захоча, той знойдзе,— спакойна адказаў Салавей i раптам угледзеў, што па вуліцы да воласці бяжыць нейкі маленькі дзядок i размахвае сякераю.

— Людцы, памажыце спаймаць! — крычаў чалавек з сякераю.

«Гэта ж Цярэшка,— пазнаў Аляксандр.— Што ён, здурнеў, ці што?»

Цярэшка прашыўся каля самае сцяны, узгробся на ганак і, задыхаючыся, закрычаў тоненькім галаском:

— Трымайце яго, гада печанага, унь туды па загуменні ў алешнік лупянуў, відаць, на футары падаўся. Дзе ж мне, старому, такога бугая залыгаць. Як свістануў, толькі яго i бачыў. Сякераю папусціў, дык ён выкруціўся, смоўж смярдзючы.

— Karo лавіць? Толкам кажыце, дзядзька,— умяшаўся Салавей.

— Як каго? — здзівіўся стары.— Выйшаў я гэта на дрывотню, думаю, бабе падпалкі нашчаплю ды пабягу на субранне, аж бачу: валачэцца ад папа здаравіла нейкі. Водзіць яго з боку на бок каля плота. Сам у кажушку, а халявы блішчастыя. Прыгледзеўся — морда чырвоная i рудыя вусы тырчаць — дальбог, стражнік Мініч. Я за сякеру ды за ім. Стой, крычу, гад печаны. Цяпер народ цябе судзіць будзе. А ён як лупяне цераз плот, ды па раллі, ды па раллі, а я следам. Да самай грэблі гнаў. Памажыце, мужчынкі, забрытаць, ды павесім яго на варотах усім вобчаствам, каб ведаў, як здзекавацца з мужыка. Гэта ж я за яго ласку вошай парыў i унь як аташчаў.

Некаторыя гатовы былі бегчы лавіць стражніка, другія пасміхаліся з Цярэшкі.

— Няхай пабегае. Ад закону ён нідзе не дзенецца,— спакойна загаварыў Салавей.— Зловім i будзем судзіць па ўсёй форме. А сякерка ваша, дзядзька, нам якраз i трэба.— Ён узяў у старога невялічкую лёгкую сякерку. Хлопцы прыставілі да ганка драбіну. Максім падаў цвікі. Трымаючы ў адной руцэ сцяг, у другой сякеру, Аляксандр узлез на самы верх ганка.

Вецер падхапіў, разгарыуў чырвонае палотнішча, яно напялася, затраиятала i загуло ў пахмурым восеньскім небе. A калі выбліснула сонца, сцяг пасвятлеў, па ім пабеглі густыя ярка-чырвоныя хвалі.

Людзі, задраўшы галовы, глядзелі на трапяткое, Hiбыта язык вялікага полымя, палотнішча.

У Рудню i Кавалі, у Лаўстыкі i ў Новую Дуброву разыходзіліся вясёлымі гаманлівымі купкамі. Паважна, з кійкамі ішлі дзяды. Верылася i не верылася, што так будзе, як казаў Раманаў сын. Некаторыя сумняваліся.

— Хто напісаў тыя законы, бог яго ведае. Мікалай быў, што ні загадае, хочаш не хочаш, a мусіш спаўняць; які б там ні быў, a ўсё ж цар. А тут — Савет. Што за сіла ў таго Савета, яшчэ пабачым. Царскія ж генералы з ахвіцэрамі асталіся, што захочуць, тое i зробяць.

— Няма страху ўперадзе, калі страх ззаду,— пярэчыў барадаты дзед.— Хоць раз наямося хлеба ўволю. А ты гэта дарэмна не верыш Савету. Савет, браце,— сіла, народ! У бальшавікоў, кажуць, за галоўнага башкавіты чалавек стаіць, страх які вучаны, па-ўсякаму гаварыць мажэ. Леніным завуць. Ён цяпер самы важны ў Расіі. Чуў? Гэта ж ён панапісваў тыя дзякрэты.

Вуліцаю, нібы з царквы, у стракатых андараках i спадніцах ішлі жанкі i дзяўчаты. Гаманілі, сакаталі адна перад адною.

— A бабачкі, які ж відны ды хлёсткі гэты Раманаў хлопец.

— Каб не куча дзяцей, сама б яго забрытала,— развесялілася Параска.

— От прыйдзе Амяллян, ён цябе лейцамі так спаласуе, што i не сядзеш.

— Ён у мяне рахманы,— сцішылаея, уздыхнула i зноў засумавала, успомніўшы свайго Амялляна, Параска.

— У цябе часам, Параска, чырвонае фарбы не асталося? — спытала высокая худая цётка Мар'яна.— Трэба ж хоць кавалак палатна пафарбаваць ды паЕесіць той сцяг на хаце.

— Пашукаю, цетачка. I я ж думаю фарбаваць. Так што прыносьце да мяне i сваё.

Назаўтра ў Карпілаўцы i ў Кавалях, у Рудні i ў Новай Дуброве прыбівалі да стрэх i вуглоў хат чырвоныя сцягі. Яны былі светлыя i цёмна-бардовыя, большыя i меншыя, з ношанага паркалю i з новага кужалю. Дзеці бегалі з канца ў канец вуліцы i выхваляліся:

— А наш леишы за ваш!

— Затое наш большы i паркалёвы.

— От i няпраўда, самы чырвоны на Парасчынай хаце.

5.

Па змярканні Іван з Гэляю на параконцы ехалі з млына. Добра было сядзець побач на мяккіх мяхах яшчэ цёплай пытляванкі. Яны не вельмі спяшаліся: так хацелася хоць яшчэ трохі пабыць разам. Андрэй толькі ў млын пускаў дачку з парабкам, каб той часам не адсыпаў сабе пшанічкі або мукі. I не хацелася старому Ермаліцкаму, каб яны аставаліся ўдваіх, але шкода было дабра.

Іван паганяў коней, а расчырванелая на ветры Гэля, у зграбным паўкажушку, аблямаваным белай аўчынаю, у чаравіках з доўгімі халяўкамі i ў сівай канаплянцы, пазірала на чарнявага, дужага Івана. Ён моўчкі курыў i думаў сваю невясёлую думу. Не раз ужо наважваўся еысці з гэтага глухога хутара, наняцца хоць да самога чорта, ды трымала яна, як чарацінка, гнуткая, сінявокая, спрытная i такая пяшчотная Гэлька. Дзе гэта відана, каб шляхцянка ўпадабала бацькавага парабка i каб ён так прысох да яе. Ведае, што нічога з гэтага не выйдзе. Можа, i праўду кажа гаспадар, што бот лапцю не пара, што Гэльцы трэба жаніх не абы з якога роду, каб у яго i зямля была, i добрыя стаеннікі, i дом як дом, i адзежа, адным словам — раўня. А што ў яго? Hi кала ні двара. У бацькі — хата на два акенцы, падлога з гліны, паўморга пясочку i поўная хата дзяцей. Праўда, час цяпер такі, што не разбярэш, хто чаго варты. У млыне ж гаманілі завознікі, нібыта зноў у Петраградзе пераварот быў i цяпер панскую зямлю будуць раздаваць беднаце. От каб жа!