— Хай бы ты на ўсё выстарчыла,— агрызнуўся Андрэй.— А добры чалавек i так знойдзецца. Не зломак жа, i пасагу дамо... і-і-і забудзе пра гэтага галадранца. Заўтра ж турну, каб i смуроду не было.
Гэля апусціла галаву i выскачыла ў сенцы.
— Праўду бацька кажа, воўк казе не таварыш. Бач ты, разумны які, на хутар аблізваецца, на гатовенькае. Мужык мужыком, а дурнейшых за сябе шукае,— абурыўся Казік.
— От тое ж i я кажу. Праўда, сынок, праўда,— бубнеў асалавелы Андрэй.
6.
У рэўкоме было накурана i людна. За доўгім стадом сядзела чалавек дзесяць мужчын: хто ў світцы, хто ў кажушку, у салдацкіх папахах i ў авечых шапках. Мужчыны слінілі алоўкі i заскарузлымі пальцамі выводзілі ў вучнёўскіх сшытках літару за літарай, радок за радком.
Максім Ляўкоў дыктаваў ім дэкрэты аб зямлі i аб міры, а яны старанна пісалі слова ў слова.
— Пачакай, пачакай, як ты кажаш? — перапытваў немалады селянін, не ведаючы, як напісаць «дэмакратычны» i што гэта значыць. Максім паўтараў, тлумачыў i дыктаваў далей.
Калі скончылі, з пакойчыка старшыні выйшлі Салавей з Малаковічам. Аляксандр спыніўся пасярэдзіне зборні i загаварыў:
— Мужчыны, усе мы былі салдатамі i ведаем, што вайна адразу не канчаецца. Саветы хочуць міру, але i за мір трэба ваяваць з панамі, афіцэрамі, легіянерамі Доўбар-Мусніцкага. Корпус гэтага генерала стаў на абарону паноў, салдаты польскага корпуса раз'ехаліся па маёнтках i ахоўваюць ix, разганяюць рэўкомы, бунтуюць у Бабруйску i ў Жлобіне. Не сягоння-заўтра могуць прыйсці да нас. Што будзем рабіць? Га?
— Бараніцца. Што ж яшчэ? — за ўсіх спакойна адказаў Мануіл Кавалевіч.
— А чым? — зноў запытаў Салавей.
— Ты прынёс вінтоўку? Прынёс. А я, думает, дурнейшы. Так i кожны,— выгукнуў Тарас Пальцаў.
— Знойдзем! У каго дубальтоўка, у каго ламанка. Нешта ж прынясём.
— Можа, што i лепшае знойдзецца,— загулі мужчыны.
— Добра, калі разумееце, што трэба. А трэба нам зараз жа мець сваю самаахову, атрады Чырвонай гвардыі. У каго ёсць якая зброя, патроны, порах, можа, хто гранаты прыпас ці што іншае, заўтра зранку з усім, што маеце, каб былі ў воласці. Так усюды i людзям кажыце.
— А што рабіць тым, у каго няма? — запытаў канапаты хлопец.
— Трэба шукаць. Цапільнам з кулямётамі не паваюеш. Патрасем шляхту, ва ўрангелеўскіх пакоях пашукаем.
— На футарах i гармату знойдзеш. Засцянковыя шэршні запаслівыя,— пажартаваў нехта.
— Адным словам, таварышы, так: бараніць сваю ўладу, свае правы прыйдзецца самім. Рэўком цяпер становіцца i рэвалюцыйным штабам. Ваенным камісарам будзе от ён,— Салавей паказаў на Пракопа,— таварыш Малаковіч, камандзір — Анупрэй Драпеза. У кожным сяле будзе аддзяленне, узвод, а можа, i рота набярэцца. Усе жывуць дома, a калі трэба, па загаду, як па трывозе, выступаюць. Ясна?
— Чаму ж не?
— Ясна!
— Мы ім дамо пытлю, няхай толькі паткнуцца! — гулі мужчыны.
Салавей папрасіў, каб асталіся члены РСДРП бальшавікоў. Астатнія мужчыны пачалі разыходзіцца.
Ішлі купкамі ў евае сёлы, неслі за пазухамі перапісаныя ў вучнёўскія сшыткі першыя дэкрэты і гаманілі ўсё пра адно :і тое ж.
— А ты думаў, не хварэючы, не балеючы, нарэжуць табе вал оку — i раскашуйся сабе?
— Дзе ты бачыў, так яны не аддадуць. Паваяваць прыйдзецца.
— I паваюем, а свайго не аддамо. Наша зямля.
— А чыя ж? Раз у дзякрэце запісана, значыць — наша.
У пакойчыку старшыні сабралася восем рудабельскіх бальшавікоў: худы, з запалымі вачамі, з пасмамі шэрых валасоў, дзюбаносы Якаў Гошка, высокі, з магутнымі шырокімі плячамі, з невялічкімі вусікамі на ружовым твары Максім Ус, чарнявы, заўсёды спакойны Лявон Адзінец, Максім Ляўкоў, Пракоп Малаковіч, у чорным бушлаце i шырокім матроскім клёшы, зусім яшчэ малады балтыйскі марак Зянон Рыговіч i разважлівы, хоць i малады, Нічыпар Званковіч.
Яны расселіся на лаўках каля сцен i чакалі, што ім скажа Салавей. А той агледзеў знаёмых з дзяцінства сяброў, успомніў парэпаныя пяты i пасівераныя рукі, зрэбнікі, пафарбаваныя альховай карою, закарэлыя насы i толькі вачамі ўсміхнуўся. Цяпер перад ім сядзелі абветраныя дужыя мужчыны. Яны не раз глядзелі ў вочы смерці пад Сувалкамі i Баранавічамі, у некаторых яшчэ нылі раны ад нямецкіх куль i шрапнелі. Гэта яго самыя блізкія сябры i аднадумцы, першыя бальшавікі Рудабельшчыны.
Усе гэтыя думкі імгненна пранесліся ў галаве. Салавей абсмыкнуў палінялую гімнасцёрку, паправіў широкую папругу i загаварыў спакойна i ціха:
— Таварышы, нас тут усяго восем бальшавікоў. Не многа, але мы ўжо арганізацыя, сіла. Максім,— звярнуўся ён да Ляўкова,— прыйдзецца пісаць пратакол.