Максім выцягнуў аркуш паперы, што засталася ад колішняй воласці, паспрабаваў, ці добра піша пяро, i акуратна, буйнымі круглымі літарамі вывеў: «Пратакол № I сходу Рудабельскай валячэйкі РСДРП бальшавікоў».
— Таварышы, нам прыйдзецца ваяваць не толькі з панамі i падпанкамі, не толькі з багатаю засцянковаю шляхтай, але i з узброенымі сіламі контррэвалюцыйнага корпуса Доўбар-Мусніцкага,— працягваў Салавей.— Цяпер кожнаму відно, что Часовы ўрад Керанскага стварыў гэты корпус для таго, каб яго рукамі душыць рэвалюцыю, ахоўваць панскія маёнткі i распраўляцца з бальшавікамі i беднатою. Відаць, i Мухель чакае не дачакаецца легіянераў, каб яны пільнавалі ўрангелеўскае дабро.
— Што ты! — перабіў яго Ляўкоў.— Мухеля даўно на свеце няма. Даўся ж ён табе ў знакі, што i мёртвага ўспамінаеш. Атруціўся Мухель на самым пачатку вайны. Прамантачыў панскія грошыкі, a ў дюрму садзіцца фанабэрыя не дала, усыпаў нешта ў чай, выпіў шклянку на вачах ва ўрадніка i апруцянеў.
— Цяпер тут, брат, гіцаль люцейшы за Мухеля. Адстаўны падпалкоўнік. Сам барон яго прывёз. Мікалаем Мікалаевічам завуць, a хвамілію ніхто i не ведае. Цюцька, якіх свет не бачыў,— дадаў Якаў Гошка.
— А я i не ведаў. Што ж, i гэты Мікалай Мікалаевіч не сядзіць склаўшы рукі. Нам трэба не дапусціць акупантаў у Рудабелку, трэба пакласці ўсе сілы, каб тут жыла Савецкая ўласць. А для гэтага трэба што?
— Падняць i ўзброіць народ,— дадаў Ус.
— Так-то яно так. А дзе ўзяць вінтоўкі, патроны, гранаты i хоць бы адзін кулямёт?
— Пашукаем, дык, можа, i знойдзем. У мяне е карабін i наган,— прызнаўся матрос.
— Хіба ў аднаго цябе? У кожнага нешта знойдзецца,— сказаў Званковіч.
— Заўтра з раніцы кожны ў сваім сяле выявіць усю зброю. Вечарам збярыце людзей, усё раскажыце ім, запішыце гатовых уступіць у атрады самаабароны. Я думаю так: легіянеры праз Глуск не пойдуць. Яны ж пехатою хадзіць не прывычныя. Прыкоцяць у Ратміравічы па чыгунцы. Значыць, нам трэба мець сваіх людзей на станцыі i недзе недалёка паставіць баявую груду такіх хлопцаў, каб маглі сустрэць як трэба. Я пайду з імі. Жыць будзем у Оземлі. Людзі там нашы, бедната ўсё. Калі спатрэбіцца, памогуць. Згодны, хлопцы?
— А мяне возьмеш? — запытаў Раговіч.
— Возьмем, калі адзенеш світку i лапці абуеш, каб ніхто не пазнаў, што матрос.
Зянону не хацелася здымаць сваю форму, на якую ўсе так заглядаліся, але нічога не зробіш.
— I яшчэ адно, хлопцы. Трэба нам звязацца з Бабруйскім укомам. Цяпер разыходзьцеся, браткі, i за работу.
— Пачакай, Раманавіч,— падняўся Малаковіч.— Колькі нас сазнацельных бальшавікоў-парцейцаў, гатовых за рэвалюцыю ў агонь i ў ваду? Восем душ. Усе тут. Я думаю, етага мала.
— Канечне, мала,— падтрымалі яго.
— Што ж, людзей у нас добрых няма? Прыгледзецца толькі трэба, пагаварыць з чалавекам, i ён сам прыйдзе да нас. Узяць хоць бы Антона Кісяля ці Аляксандра Раговіча. Ды яны, яны ў пекла пойдуць за Савецкую ўласць.
— А Мацвей Калінковіч чым не бальшавік, хоць i беспарцейны? — дадаў Максім Ус.
— От я й кажу, трэба, каб у нас была добрая баявая парцейная арганізацыя.
— Я думаю, хлопцы, парцейнаю ячэйкай няхай зоймецца Пракоп Малаковіч, баявыя атрады арганізоўваюць Салавей з Драпезам, a ў рэўкоме, пакуль суд да дзела, Максім Ляўкоў пабудзе,— прапанаваў Якаў Гошка.
Так i парашылі. Максім Ус выйшаў з рэўкома разам з Зянонам Рыгоравічам. Ім было ў адну дарогу. Максім жыў у маленькай лясной вёсцы Грабінка, а Раговіч — у Старой Дуброве.
Прыцярушаная тонкім сняжком зямля зноў добра ўмерзла, закамянелі грудкі гразі, заледзянелі на дарозе каляіны. Высокі шыракаплечы Максім, у абмотках i салдацкім шынялі, спыніўся, адвярнуўся ад ветру, прыкурыў i яшчэ раз зірнуў на рэўком. Над дахам трапятаў чырвоны сцяг, трымцела i калыхалася ад ветру дрэўка. На хатах віселі большыя i меншыя, шырокія i вузкія чырвоныя палотнішчы.
— Бачыш, вісяць.
— Калі не будзем разявакамі, заўсёды вісецьмуць,— адказаў матрос, i яны спорнай хадою пайшлі на вуліцы. Ззаду затарахцелі колы, гулка зацокалі конскія капыты. Ix нагнала i пакацілася па дарозе лёгкая брычка, запрэжаная паркай сытых коней. За кучарам на глыбокім скураным сядзенні разваліўся Мікалай Мікалаевіч. Ён быў важны i незалежны, у чорным казачыне, круглай рудой шалцы, сівыя вусы звісалі аж на каўнер. Ён ледзь павярнуў галаву, абвёў хлопцаў халодным позіркам, i брычка пакацілася па дарозе.
-— Колькі ж ён тут яшчэ будзе ездзіць? — запытаў Максім.
— Пакуль не дадзім па карку i не спорам з панскага седала.
— Як ты думает, куды ён ляціць, а?
— Мабыць, на Ратміравічы. Куды ж яшчэ па гэтай дарозе? Можа, паехаў прасіць, каб легіянераў паставілі ў двары, а можа, i так чаго,— спакойна разважаў матрос.