— A калі прыбудуць легіянеры?
Прахапіўся дзяжурны, палыпаў лупатымі вачамі i запішчаў асіплым фальцэтам:
— Хто ты такі, каб табе дакладваць?
— Старшыня Рудабельскага рэўкома. Прыбылі сустракаць гасцей.
Салавей перайшоў за парэнчы, стаў каля тэлеграфіста, спакойна i цвёрда загадаў:
— Апошнія дэпешы!
Дрыжачымі рукамі тэлеграфіст падаў тоўстую кнігу. Салавей пачаў чытаць тэлеграмы. Адна з ix:
«Ca станцыі Беразіна выйшла дрызіна вайсковага назначэння. Аб прыбыцці далажыць начальніку станцыі Беразіна».
Ён адгарнуў некалькі старонак назад i ўбачыў уклеены лісток цупкай гербавай паперы, на ёй прыгожым пакручастым почыркам было напісана:
«Камандуючаму I польскім корпусам генералу Доўбар-Мусніцкаму.
Пакорліва прашу яснавяльможнага пана генерала ўзяць пад ахову Вашых доблесных войск усю маёмасць i маёнтак барона фон Урангеля. Маёнтак знаходзіцца ў дваццаці вярстах ад станцыі Ратміравічы, каля вёскі Рудабелка.
Поўнае ўтрыманне афіцэраў i салдат будзе забяспечана.
Ваш пакорны слуга,
упраўляючы маёнткам Рудабелка,
М. М. Бістром».
— Усё ясна! — Салавей злосна паглядзеў на тэлеграфіста.— Вы зрабілі злачынства перад рэвалюцыяй, адправіўшы гэтую тэлеграму. Дзе цяпер дрызіна?
Тэлеграфіст замітусіўся, закалацілася сківіца.
— Выйшла з раз'езда, праз гадзіну будзе.
Аляксандр адчыніў дзверы i паклікаў Якава:
— Пастаіш тут. Каб ні адзін з ix нічога не перадаваў. Не паслухаюць, сам ведаеш, што рабіць.
Каля станцыі ляжалі штабялі старых сапрэлых шпал. Сваіх хлопцаў Салавей схаваў за штабялямі, а сам пайшоў у памяшканне.
Праз вокны прабівалася слабае сіняватае святло. Твары здаваліся шэрымі, а вочы — глыбокімі чорнымі праваламі. Многія пасажыры паўставалі, длубаліся ў сваіх клунках i торбах. Румзалі дзеці. Дымілі самакруткамі мужчыны.
Аляксандр стаў пасярэдзіне невялічкага зальчыка:
— Паслухайце, таварышы, што я вам скажу,— пачаў ён.— Зараз з Бабруйска прыйдзе дрызіна з легіянерамі. Чаго яны едуць сюды? Запрасіў ix рудабельскі ўпраўляючы, каб не давалі дзяліць панскую зямлю, каб задушылі Савецкую ўладу. Мы ix тут як належыць сустрэнем. А вы, як толькі пачуеце першы стрэл, чым мацней крычыце «ўра!». Нікуды не выходзьце i адсуньдеся ад вокан.
— Мамка, я баюся,— заскуголіла дзяўчынка.
— Не бойся, дачушка, мы за печ схаваемся.
— Каб хоць якая бярданка была, дык i мы б вам падсабілі,— сказаў высокі дзед у белай свіце.
— Чым галасней будзеце крычаць, тым лепей падсобіце. Добра?
— Чаму ж не!
— Пакрычым!
— Гэта не цяжка.
Калі Аляксандр выйшаў, усе з трывогаю пачалі прыслухоўвацца i паглядаць у вокны.
— Чый гэта такі камандзір? — спытала старая кабета.
— Хіба ж не ведаеш? Рамана Салаўёвага сын.
— Ета мо той, што кажуць латышок?
— Эге, ён самы. У бальшавікі ўпісаўся. Пераварот, кажуць, рабіў, а цяпер у воласці за старшага.
— Чорт яго i разбярэ, якому цяпер богу маліцца: бальшавікі, палякі, ерманцы. А чаго таўкуцца, каб спытаў? Дажыліся, што i солі няма, а тут яшчэ ім глотку дзяры. «Ратуйце»,— крычала, а гэтак зроду не даводзілася.
— Калі трэба, бабка, кукарэку заспяваеш,— засмяяўся малады хлапец.
Доўга i трывожна яшчэ гаманілі, не адважваючыся выйсці за дзверы.
Адсоўваліся ад вокан, садзіліся на падлогу, хаваліся за вялікую, выцертую кажухамі грубку.
— Галубанькі, ідзе ж! Ой, хавайцеся, людцы,— адскочыла ад акна маладзіца i села на падлогу.
Напружана загулі рэйкі, затахкала жалеза аб жалеза, загрукаталі колы i сціхлі. Знадворку пачулася вясёлая гамана.
Да вакзала падкаціла зялёная дрызіна з прычэпам. На перон павыскоквалі салдаты ў жаўтаватых, з ангельскага сукна шынялях i рагатых канфедэратках. З-пад ix у многіх тырчалі чорныя кругленькія навушнікі. Бразгалі медзяныя кацялкі, грукалі падкоўкі — салдаты падскоквалі, стукалі абцас аб абцас, ляпалі сябе i адзін аднаго рукамі, з ратоў вырываліся струменьчыкі белай пары. Хоць i змерзлі, але ім было весела. Кожны марыў хутчэй дабрацца да маёнтка, ад'есціся на панскіх харчах, адлежацца ў цяпле, а можа, i зачараваць якую-небудзь маладзенькую пакаёўку.
Каля прычэпа стаяў прыгожы чарнявы паручнік, заглядаў у дзверы i прыспешваў тых, што не паспелі вылезці:
— Прэндзэй, прэндзэй, панове!
I тут, як пярун сярод яснага неба, над станцыяй пракаціўся залп. Ён разлёгся працяжным гулам у цішыні чыстага марознага рання. За ім грымнула рознагалосае «ўра!». Здавалася, сотні людзей зараз рынуцца з усіх бакоў. Грымнуў яшчэ адзін залп. I зноў зусім блізка пакацілася многагалосае i несуладнае «ўра!».