Польскія жаўнеры пападалі каля вагона, папаўзлі паміж коламі, аб рэйкі забразгалі кацялкі i карабіны. A з-за штабялёў шпал беглі ўзброеныя людзі.
Да прычэпа падляцеў чалавек з гранатаю ў руцэ, у шынялі i ў вайсковай шапцы.
— Рэнкі до гуры! — скамандаваў ён, падскочыў да паручніка i сарваў з яго карабін. Салдаты пападымалі рукі ўгору. A з дзвярэй вакзала валіў натоўп барадатых i безбародых мужчын, каб паглядзець, што там чаўпецца. Жаўнерам здалося, што ix акружае цэлая армія.
— Хто апусціць рукі i паварухнецца, будзе расстраляны на месцы,— скамандаваў Салавей.— Абяззброіць,— загадаў сваім хлопцам.
Легіянеры калаціліся ад перапуду i холаду. Ix пастроілі ў дзве шарэнгі i паставілі па камандзе «смірна». Якаў Гошка з Анупрэем пазбіралі карабіны i роўненька паставілі ix каля штабеля шпал, потым залезлі ў вагончык дрызіны i вынеслі адтуль дзве скрынкі з патронамі. Толькі цяпер жаўнеры расшалопалі, як ix ашукалі адзінаццаць вясковых хлопцаў.
Яны не ведалі, што з імі будуць рабіць: здзекавацца, біць ці, можа, нават пастраляюць. Вакол стаяла некалькі даволі маладых мужчын са стрэльбамі напагатове. Двое зносілі карабіны, пачапіўшы на сябе пісталеты з папругамі.
З вакзала вывалілі ўсе, хто там быў, i пасталі воддаль.
Да раззброеных легіянераў падышоў Салавей:
— Таварышы польскія салдаты! У вас няма ні сваіх маёнткаў, ні капіталаў, ні фабрык. Інакш вы не былі б радавыя салдаты. Вы сыны рабочых або сялян. Чаго ж вы прыехалі сюды, што вам тут трэба? Вашымі рукамі хацелі душыць нас, такіх жа гарапашнікаў, як вы i вашыя бацькі. У Расіі адбылася рэвалюцыя. Яна прынесла свабоду працоўнаму люду. Апамятайцеся, ідзіце за рэвалюцыяй, а не супраць яе. Плюньце на сваіх генералаў, едзьце дадому i жывіце, як людзі, аріііце зямлю, сейце хлеб.
Многія салдаты пачалі ўсміхацца, жывым бляскам загарэліся вочы — значыць, ix не збіраюцца страляць, ім нрапануюць ехаць дадому.
— Мы вас адпускаем з адной умоваю: калі вы вернецеся ў свой бандыцкі корпус i будзеце ваяваць супроць Савецкай улады, памятайце — кулі або шыбеніцы вам не мінаваць. Што скажа пан паручнік?
— После тэго, цо тутэй было, мы юш не жолнежы. Нас чэка велька кара вайсковэго сонду,— суха адказаў збянтэжаны i прыгнечаны паручнік.
— А як думаюць салдаты?
— Нігды, нігды не бэндзем! — адказала некалькі асмялелых галасоў.
— Чаго ж вас несла сюды нячыстая? — пачулася з натоўпу.
— Бач, як цяляты языкі аджавалі.
— Толькі аддай назад стрэльбы, яны нам пакажуць, адкуль ногі растуць.
— Умова такая: паварочвайце назад i да Бабруйска нідзе не спыняцца, каб часам нашы людзі вас яшчэ не запынілі,— загадаў Салавей.
— Пшэпрашам,— асмялеў паручнік,— нех пан лове, хто вы естэсце?
— Рудабельскі рэвалюцыйны камітэт. Так i перадайце вашаму генералу. Скажыце, каб i дарогу забыўся ў наш край. Мы тут i самі навядзём парадак... Па вагонах, марш!
Штурхаючы адзін аднаго, кінуліся легіянеры да дрызіны, кожнаму хацелася хутчэй ускочыць усярэдзіну, зашыцца ў куток.
Натоўп рагатаў i кпіў:
— От ета пакаштавалі панскіх прысмакаў.
— Уцякаюць, як падмеценыя,
A нейкі жартаўнік затупаў на месцы, нібы даганяючы. Апошнія легіянеры хапаліся за парэнчы дрызіны i куляліся ў адчыненыя дзверы.
Салаўёўскія хлопцы аж за жываты браліся. Дзядзькі адзін перад адным частавалі ix самасадам, хвалілі i распытвалі, адкуль i чые яны.
Анупрэй палічыў трафеі: дваццаць карабінаў, тры наганы i дзве скрынкі патронаў.
Салавей ссунуў шапку на патыліцу, як робіць кожны, закончыўшы важную работу, i падышоў да натоўпу.
— Дзякуем, што памаглі. Без вас бы нам не ўправіцца з гэтакай араваю. Выходзіць, што цяпер уся сіла ў вас.
Воддаль стаялі перапалоханыя тэлеграфіст i дзяжурны па стапцыі.
8.
Ермаліцкія прагналі Івана на пачатку зімы. Андрэй адважыў яму мяшэчак жыта — от i ўся плата за парабкоўства.
— Ты ж толькі вельмі злосці не затойвай. Так яно скруцілася. Шэльма гэтая вінавата. I чым ты толькі, хе-хе-хе, яе прысушыў? — Андрэй набраў шуфель жыта, патрос над засекам i, нібы адступнога, сыпануў у няпоўны мех.— Так што мы з табою квіты, i жаліцца няма за што.
Іван дастаў з-за пазухі кажушныя рукавіцы, моўчкі паклаў свой заработан на маленькія саначкі i падаўся за вароты.
Ад'ехаўшыся да лесу, ён спыніўся, паглядзеў на хутар. Як тут усё агоркла яму! Даўно плюнуў бы на гэтую ласку, каб не яна. Ён дзівіўся, што ў такім воўчым кодлішчы ўрадзілася прыгожая, добрая i ласкавая Гэлька. Можа, таму такая, што радасці не бачыла ў гэтым бязлюддзі. Зімою хутар замяталі снягі, увосень па даху нудна барабаніў дождж, а яна сляпілася за кудзеляю ці скубла пер'е, а з вясны да замаразкаў пласталася на поліве, жніве ды на сене. Прасілася вучыцца — не пусціў, скнара! Гэля ўсім спагадала, жалілася часам, як ёй нудна тут. Потым неўпрыкметку палюбіліся, ды так, нібы хто любіснікам апаіў. От вярнуўся б, каб зірнуць на яе, ды дзе там, справадзілі ў засденак да цёткі, каб i не бачыла i не чула пра яго. Яшчэ гэты афіцэрык сыскаўся, каб яму пуста было. Ці не ўцёк, што хаваецца ад людзей? Але Хван падцікаваў, калі той бег за пуню. У бравэрку адзеўея, каб не пазналі.