Калі праўда, што зямлю наразаць будуць, узяць бы дзе якую дзесяціну, дзве. Можа, i лесу дадуць, хату агораць? От тады б зажылі з Гэлькаю! Каб толькі яе сілаю за якога шляхцюка не выпхнулі.
Іван яшчэ раз зірнуў на хутар, увагнуўся i пацягнуў саначкі.
...Прыцемкам да Ермаліцкіх пад'ехаў вазок, запрэжаны добрым стаеннікам. Андрэй загнаў у будку ХІІрата, вазок паставіў пад паветку, каня прывязаў у стайні да карыта з аўсом.
Ён ніяк не мог уцяміць, якая патрэба прывяла да яго самога Мікалая Мікалаевіча. Ніколі ж не быў, а то прыляцеў на ноч гледзячы. Са шляхтаю той вялікага хаўрусу не вадзіў. Так, вітаўся тады-сяды, а часцей не пазнаваў. Ведама, поўны гаспадар такога маёнтка, што хоча, тое i робіць. Толькі грошыкі кожны месяц у Петраград пасылае, раней самому Іваненку, а цяпер ягонаму зяцю, барону. Ведама, i сябе не крыўдзіць. Хто там важыў, колькі жыта ўрадзіла; хто мераў, колькі каровы малака далі, колькі спірытусу выгналі; хто лічыў, колькі свіней закалолі. От i раскашуецца. А цяпер, бач ты яго, сам прыджгаў; мабыць, нешта прыспічыла.
Андрэй увайшоў у хату. На кухні гарэла невялічка.я лямпа, a ў камору прасочвалася святло толькі праз адчыненыя дзверы. Там на доўгай драўлянай канапе сядзелі Мікалай Мікалаевіч i Казік.
— Чаго ж у той хаце лямпу не запаліш? — забурчаў стары на жонку.
— Запальвала, дык не хочуць.
— Так яно лепей, Андрэй Фядотавіч,— азваўся з цёмнае каморы ўпраўляючы i зноў прыглушана загаварыў Казіку: — Банда гэтага Салаўя-разбойніка ні ў якім разе не павінна ведаць пра нашу з вамі сустрэчу.
Мікалай Мікалаевіч весела захіхікаў, радуючыся сваёй дасціпнай прыдумцы. Ён тут ужо адчуваў сябе не госцем, а гаспадаром: падсунуў гнутае венекае крэсла i арыстакратычным жэстам прапанаваў старому садзідца. Той прымасціўся на краёчку, нібы сам быў у гасцях. Мікалай Мікалаевіч працягваў ціха, але горача i катэгарычна:
— Не сёння-заўтра гзтае дзікае, выпушчанае на волю быдла ўварвецца ў маёнтак i па зярняці, па двічку расцягне ўсё, што набывалася вякамі. А потым возьмуцца i за ваш хутар. Але, але, возьмуцца! Вы сумняваецеся? Чытайце дэкрэт гэтых самазванцаў. А слова якое прыдумалі: дэ-крэт! Мужыччо, a ў інтэлігентаў гуляюць, на французскі пранонс захварэлі. Тожа мне дэкрэтчыкі! Дык у гэтым дэкрэце так i пішуць, што ўсе панскія, удзельныя, царкоўныя i манастырскія землі з усёй маёмасцю пераходзяць у распараджэнне Саветаў, Разумееце, што гэта значыць? Саветаў! Савет галадранца з бандытам!
Казік некалькі разоў памыкаўся ўскочыць перад старэйшым па званні, хоць i без формы, афіцэрам. Мікалай Мікалаевіч велікадушна яго прытрымліваў за руку i казаў:
— Забудзем субардынацыю, мы ж, сябры, аднадумцы, пакуль што не на службе.
— Што ж вы прапануеце, Мікалай Мікалаевіч? — запытаў малады Ермаліцкі.
— Пакуль што бараніцца, а там... там наступаць.
— Вы яшчэ разлічваеце на легіянераў? На гэтых смаркачоў у канфедэратках? Збор дружыны, а не войска,— усхадзіўся Казік.— Пяцёра мужыкоў з бярданкамі раззброілі ледзь не ўзвод салдат. I гэта, называецца, армія?
— Што вы, Казімір Андрэевіч! Вас дрэнна інфармавалі. Там было каля сотні бандытаў. Разумееце? Ix ужо каля сотш!
— Праўду кажуць, пужаная варона i куста баіцца, так i гэтыя легіянеры. Назва гучная, a смеласці, як у мышанят — верабей катом здаецца. Мяшэчнікі ды бабы ім цэлаю арміяй здаліся.
Казік прагна курыў. А бацька, гледзячы на сына, думаў: «От арол. Самому Мікалаю Мікалаевічу пярэчыць, ды яшчэ як закручвае. Ну i хлопец!»
— Чым магу служыць, пан падпалкоўнік?
— Пазнаю сапраўднага афіцэра i рады, што не памыліўся,— нібы перад строем, сказаў Мікалай Мікалаевіч.— А служыць? Служыць — айчыне. Стаць на чале абаронцаў свяшчэннай уласнасці.
— Разумею. Але патрэбны людзі i зброя,— дзелавіта адказаў Казік.
— Я так думаю, што на кожным футары ў засцянкоўцаў ды ў любога самастаяцельнага хадзяіна знойдуцца стрэльба ці які там абрэз,— уставіў сваё слова стары Ермаліцкі,— a людзі пойдуць на такое дзела. Каму ахвота аддаваць чорту лысаму сваё дабро.