— Дваццаць пяць вінтовак i дзесяць асёдланых коней даю я. Думаю, барон за гэта папракаць не будзе. Усё адправім на хутар Перагуда. Там вакол балоты, месца глухое i непрыкметнае. А вам, дарагі,— надпалкоўнік паклаў сухую руку на Казікава калена,— вам прыйдзецца паездзіць «у сваты». Чалавек вы халасты, конь у вас добры, вось i паедзеце па хутарах. I мы згуляем такое вяселле, чарцям будзе млосна.— Мікалай Мікалаевіч цешыўся сваім красамоўствам i дасціпнасцю.— За нас корпус генерала Доўбар-Мусніцкага. У Бабруйску, у Рагачове, у Жлобіне i на ўсёй гэтай тэрыторыі ўлада фактычна належыць яму. A неўзабаве ён i Мінск прыбярэ к рукам. Так што, калі, пан прапаршчык, марыце стаць палкоўнікам, трэба дзейнічаць.— Упраўляючы ўстаў.
— Я i спяшаўся сюды, бо ведаў, што фронт цяпер тут, а не там. Мужыкі страшней за немцаў. Але нічога, мы яшчэ з ix надзяром лыка,— тонам рапарта адказаў Казік.
— Значыць, заўтра пачынаем святую справу.— Упраўляючы працягнуў руку маладому Ермаліцкаму.
— Можа б, пан не пагрэбаваў з намі павячэраць? — замітусіўся Андрэй i кіўнуў Анэце, каб варушылася.
— Вялікае дзякуй. Не маю права затрымлівацца. Яшчэ трэба даць добры крук, каб ні адзін сабака не пранюхаў, куды ездзіў. Запражыце майго каня,— загадаў Мікалай Мікалаевіч, але спахапіўся i мякка паправіўся,— калі ласка.
Стары Ермаліцкі насунуў шапку задам наперад, ускінуў на плечы кансушок i пабег у стайню.
Казік хацеў правесці шаноўнага госця да вазка, але той папярэдзіў:
— Лепш не хадзіце. Мне здаецца, што з кожнай шчыліны глядзіць Салаўёва вока. I дамовімся: мы з вамі незнаёмыя i ніколі не сустракаліся.— Мікалай Мікалаевіч моцна паціснуў Казікаву руку, пажадаў добрай ночы Анэце. Казік памог яму ўздзець вялікае футра, падаў шапку. На ганку чакаў Андрэй.
— А жарэбчык у вас важнецкі,-— пахваліў ён каня.— Малады, відаць, балаўнік.
Мікалай Мікалаевіч нічога не адказаў. Ён сеў у лёгкія саначкі, хвастануў каня ляйчынаю i выслізнуў з двара. Андрэй зачыніў браму, пастаяў, пакуль цені каня i седака не зніклі ў шэрай цемры зімовага вечара.
Зайшоў у хлеў, падкінуў каровам трусянкі, зачыніў вароты доўгай завалаю i замкнуў круглым, кавальскай работы замком. Пацягнуў, ці добра замкнёны, спусціў з ланцуга сабаку i пайшоў у хату.
Старая шморгала носам i прычытвала:
— Ой, баюся я, Казічак, што не знасіць табе галованькі. Лепш не звязвайся з гэтым карпілаўскім ды рудабельскім гадаўём. Бач ты, сярод белага дня ў салдат стрэльбы паадбіралі. А ты з кім на ix пойдзеш? Хай бы сам гэты падпанак ішоў, дык цябе нацкоўвае. Ой не слухай, сыночак. Лепш пераседзь, перахавайся, пакуль гэтае ліха пройдзе.
— Што ты, старая, пляцеш? — не вытрываў Андрэй.— Даседзішся, пакуль з цябе апошнюю транту злупяць. Ужо гарцуюць па футарах, трасуць свірны — беднаце насенне збіраюць, сена ім давай, цялушка некаму твая спатрэбілася — аддай. А трасцы, а скулля не хочуць?! — разыходзіўся стары.— Вясною унь зямлю абразаць збіраюцца. А яна — «сядзі ціха». Ды я выпруцянею на мяжы, а свайго i вяршка не аддам. Хоць i стары, сам з абрэзам на ix пайду. От як!
Анэта смаркалася ў фартух i толькі божкала.
Ноччу Казік чуў, як круцілася i вохкала маці. Не спалася i яму. Чутно было, як бэльку тачыў шашаль, як у шыбіну біліся снежныя крупы i рыпеў над студняю вочап. Ён перавярнуў гарачую падушку, паклаў бліжэй да краю наган, заплюшчыў вочы, a ў галаве круцілася мяцеліца думак. Яму хацелася хутчэй убрацца ў свой афіцэрскі мундзір, ускочыць на каня i павесці з хутароў сотні хлопцаў i мужчын на гэтыя бальшавіцкія кодлішчы, а там падыдзе армія, верная трону, сатрэ ў пэтлахі чырвоную погань, ускладуць прапаршчыку Ермаліцкаму на плечы пагоны з двума прасветамі, тады можна будзе пачынаць сапраўднае жыццё. Ён перабіраў у памяці ўсіх хутаран i засцянкоўцаў, што пойдуць за ім, падумаў, што без кулямёта ім не абысціся, але дзе яго ўзяць? Няхай Мікалай Мікалаевіч расстараецца ў Доўбар-Муеніцкага для «аховы маёнтка барона Урангеля», Разабраўшы, можна будзе прывезці ў возе пад сенам. Казік шкадаваў, што адразу не дадумаўся i не сказаў пра гэта.
9.
Трое сутак круціла мяцеліца. Гнала ў полі доўгімі пакручастымі пасмамі снег, панамятала гурбы каля хат i парканаў, гула, скавытала, выла. Паперамятала дарогі — ні прайсці, н.і праехаць.
— Няйначай, чэрці ўскруціліся,— атрасаючы ў парозе снег, сказаў Раман.— Як ты, еынок, дабярэшся да тае воласці, Пакуль вядро вады выцягнуў, да кален замяло, а гэта ж пяць вёрст ісці, i вецер якраз напроці.
Аляксандр даядаў гарачую бульбу з тоўчаным льняным семем, запіваў малаком i па даўняй звычцы збіраў у рот крошкі з кужэльнага, яшчэ матчынай работы, а бруса. Мачаха, як магла, гадзіла пасынку, i не таму, што ён стаў у воласці нейкім там старшым, а любіла i шкадавала яго, як роднага сына. I як не шкадаваць? 8 маленства ж пагадавала чатырох Раманавых ci рот: хлопцы ўжо на сваіх нагах былі, а Марылька яшчэ ў калысцы кідалася. Меншыя хутка прывыклі да ма.чахі, звалі яе мамаю, а Ляксандра, хоць i слуха ўся, хоць i памагаў, a ўсё выкручваўся, каб ніяк не называць. Калі ж трэба было яе пагукаць i паблізу нікога чужога не было, зваў цёткай Ганнаю. Ведаў, што ёй рабілася крыўдна. Яна ж шкадавала сірот больш, чым іншыя родных дзяцей. Каторага з ix трэба было хвастануць паўрозамі, але не было таго, не было.