— А я сам сабе гаспадар. Склаў капылы, дратву, вар у торбачку, сказаў дома, што пайду па засценках у заработка: каму падноскі падаб'ю, каму иовыя пашыю. З адным пад'ехаў да Касарыч, другі да Халопеніч падвёз, а тут i прайсці недалечка. Дома, хлопцы, мне аставацца няма як. Пазаўчора легіянеры ў Гарадку былі. Вілюга з рэўкомам выехалі ў Бярозаўку. Загад членам партыі — разысціся па. сёлах. Хто з капыламі, хто з нажніцамі, а хто з рымарскім начыннем пайшоў. Партыйная работа пераносіцца ў масы. А я да вас, калі прымеце.
Ён падышоў да свайго мяшэчка, хуценька развязаў яго, дастаў старыя парудзелыя халявы i нечакана для ўсіх выцягнуў два наганы з поўнымі барабанамі патронаў.
— Канечне, кулямёт было б лепш, але i так не з голымі рукамі прыйшоў.— Ён паклаў рэвальверы на стол,
Аляксандр сядзеў засяроджаны i пахмуры. Потым ён кінуў наганы ў шуфлядку i замкнуў яе. Мазалеўскі залыпаў вачамі.
— Ты што ж, раззбройваеш мяне, таварыш Салавей?
— Ужо раззброіў,— спакойна адказаў Аляксандр i паказаў на мяшэчак з начыннем.— Вунь твая зброя. Яна цяпер надзейней за наганы.
Не зразумеў Салаўя i Ляўкоў.
— Што ты, Аляксандр? Івана я ведаю не адзін год, гэта ж наш чалавек.
— A хіба кажу, што чужы? Партыйны білет, таварыш Мазалеўскі, здасі Малаковічу, а сам...
— Партыйнага білета я нікому не аддам,— ускочыў Мазалеўскі.
— Што вы абодва, як дзеці! Не можаце даслухаць да канца,— працягваў Салавей тым ж а спакойным тонам.— Пойдзеш са сваімі капыламі па кулацкіх хутарах i засценках. Шыць ты ўмееш?
-— А як жа. Якія хочаш. Галоўкі, выцяжкі, хромавыя, хохтовыя, з рантамі i з рыпам магу. Бацька быў шавец, i я з дзяцінства шылам кармлюся.
— То i добра. Работы табе хопіць. Шляхта фарсіць любіць. Пажывеш у адных, у другіх, сходзіш да Перагудаў, да Вінярскіх. Шыць шый, а чым там пахне, прынюхвайся. Зразумеў?
— Чорт яго ведае. Я думаў, партыйную работу якую даручыце, можа, разам з атрадам пайду.
— Гэта i ёсць партыйная работа. Нас ты не ведаеш i не бачыў. Лаяць можаш, колькі ўлезе. A маліцца ўмееш?
— «Ойча наш» i «Багародзіцу» ведаю.
— Не забывайся маліцца. Шляхта набожных любіць. Хоць сама д'яблу дагаджае, а богу моліцца.
Салавей глядзеў на глускага шаўца i чакаў, што той скажа.
— От ета ты хітра прыдумаў,— падняўся з месца Ляўкоў.— Зразу i я не расшалопаў. Аж тут план, страцегія.
— Разведку, значыць, даручаеш мне? — спытаў палагаднелы Мазалеўскі.
— Без разведкі ваяваць нельга. А ваяваць нам прыйдзецца яшчэ доўга i зацята. Адтуль легіянеры пруць, недабіткі белай арміі, тут шляхта прытаілаея, маўчыць, а зубы вострыць. Як толькі пачуюць, што белапалякі ідуць, усходзяцца i яны, з-за вугла ў спіну біць пачнуць. Дні тры пасланяйся па Каргіілаўцы i Кавалях. Можа, каму маршчакі залатаеш. Лепшага абутку тут няма. Разнясецца слава пра добрага шаўца, i шляхта сама цябе пацягне на хутары.
Салавей устаў. Толькі цяпер Іван Мазалеўскі разгледзеў яго з ног да галавы. Калі сядзеў за сталом, здаваўся высокім i шыракаплечым, a ўстаў — мужчина сярэдняга росту, шчуплаваты, звычайны сялянскі хлопец з добрай вайсковай выпраўкаю, Ён моцна паціснуў Івану руку i пажадаў поспехаў.
Іван перакінуў праз плячо мяшэчак i выйшаў з рэўкома. Над ганкам, цупкі ад марозу, трапятаў i патрэскваў чырвоны сцяг.
«А ў Глуску ўжо, напэўна, легіянеры»,— з трывогаю падумаў Мазалеўскі.
10.
Байцы самаабароны жылі ў сваіх вёсках i на хутарах. Зранку калолі дровы, давалі каровам трусянку, косамі рэзалі сечку, насілі ў цэбрах паранку, латалі хамуты i мянялі ў санях закруткі. A прыбягаў суседскі хлопчык i казаў: «Анупрэй загадаў к вечару ўсім сабрацца»,— i яны кідалі ўсё, набівалі кішэні патронамi, збіралі ў торбачку харчы, чаплялі на плячо карабін або дубальтоўку, збіраліся ў хаце свайго ўзводнага. Тады завальваліся ў палукашкі i ехалі, куды было трэба.
...На хутары вярсты за паўтары ад Ратміравіч сабралася чалавек трыццаць узброеных мужчын з Рудабельскай самаабароны. Разышліся па двух хатах: грэліся, перакусвалі, курылі. Хто драмаў у запечку, а хто i байкі расказваў.
Анупрэй тлумачыў сваім байцам, што палякі прыедуць на браніраваным цягніку, каб захапіць уладу ў ix воласці.
— Задача такая,— казаў ён,— адбіць у легіянераў ахвоту ездзіць да нас, a калі пашанцуе — разжыцца яшчэ карабінамі i патронамі.
Многія зроду не бачылі браняпоезда, хоць i чулі, што яго ніякая куля не бярэ. Граната ўзарвецца, асколкі забарабаняць па жалезе, а ён i не шманае. Што ж ты яму зробіш з карабінам ці з нейкаю двухстволкою!
Пра свае трывогі хлопцы сказалі камандзіру.